Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЧЭ́П,
адна-, двух- ці шматвосевая павозка, якая буксіруецца аўтамабілем, цягачом ці трактарам. Прызначаны для перавозкі грузаў, пасажыраў (трансп. П.). Існуюць таксама спец. П.-майстэрні, аўтакрамы, дачныя фургоны і інш. Грузападымальнасць аднавосевых П. да 2 т, двухвосевых — 8 т; шматвосевых — 20—50 т і больш. Абсталёўваецца габарытнымі ліхтарамі і інш. На Беларусі П. вырабляюць на Мінскім аўтамабільным заводзе і прадпрыемстве «Туртранс» (Мінск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫМАШЭ́ЎСКІ (Ігар Віляёравіч) (н. 25.11.1959, Мінск),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1979). Працуе ў станковым жывапісе, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладным мастацтве. Сярод лепшых твораў жывапісныя палотны «Карусель» (1992), «Зімою на дачы» (1994), «Святочная павозка» (1995), «Над роднай зямлёю» (1996), «Русалкі» (1997), «Мастацтва належыць народу», «Шчаслівы дзень» (абодва 1999), «Першы дзень вясны», «Баюшкі-баю», «Вясковая пантэра», «Грыбная юшка» (усе 2000), вітраж у бальніцы г. Іўе Гродзенскай вобл. (1988), размалёўка сталовай Мінскага з-да «Ударнік» (1990). Работы вызначаюцца наіўна-прымітыўным выяўленнем рэчаіснасці, выкарыстаннем чыстых колераў, штрыхавасцю мазка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖА́РА,
у беларусаў грузавая 4-колавая павозка з бартавымі драбінамі (дошкамі або рашоткамі) для коннай ці валовай запрэжкі. Паводле пісьмовых крыніц, вядома з 16 ст. У сял гаспадарках бытавала дыяхронна і не ўсюды, у некат. раёнах Падняпроўя і Цэнтр. Беларусі з пач. 20 ст. Паводле спосабу злучэння пярэдняй і задняй частак (ходаў) М. падзяляліся на развадныя (пярэдні і задні хады маглі разводзіцца на больш шырокую, неабходную адлегласць для транспарціроўкі лесу) і неразвадныя, якія мелі своеасаблівы кузаў, часта з высокімі бартамі (драбінамі; да 1 м і болей) і служылі для перавозкі снапоў, саломы, сена. На Палессі бытавалі вузкія М. (каля 0,8 м), зручныя пры яздзе па лясных дарогах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНЭ́Н, Ле Нэн (Le Nain),
французскія жывапісцы, браты. Нарадзіліся ў г. Лан (Францыя).
Антуан Л. (1588? — 25.5.1648); Луі Л. (1593? — 23.5.1648); Мацьё Л. (1607? — 20.4.1677). З канца 1620-х г. мелі агульную майстэрню ў Парыжы, часта працавалі разам. У 1648 прыняты ў Каралеўскую акадэмію жывапісу і скульптуры. У творах сял. жанру («Наведванне бабулі», «Шчаслівая сям’я», «Кузня»), інтэр’ерных («Стары музыкант», 1644) і пленэрных («Павозка», 1641; «Сяляне на фоне пейзажа») сцэнах вызначылі рэаліст. тэндэнцыі ў франц. жывапісе. Пад уплывам галандскага мастацтва пануючы афіц. парадны тып партрэта трансфармавалі ў больш камерны, блізкі да жанравых сцэн («Маркіз дэ Трэвіль», «Партрэт сталай жанчыны», абодва 1644; групавыя партрэты «Кардэгардыя», 1643; «Збор аматараў» і інш.). Некаторыя карціны блізкія да караваджызму («Гульцы ў карты», «Бойка», каля 1640). Падзел твораў паміж братамі праблематычны. Звычайна Антуану прыпісваюць карціны з дзецьмі і невял. групавыя партрэты («Сямейны партрэт», 1642), Луі — пераважна псіхал.сял. сцэны («Сялянская сям’я», «Сям’я малочніцы», 1640-я г.), Мацьё — элегантныя групавыя партрэты («Гульцы ў трык-трак», 1640-я г.). Сярод манум. твораў: паліпціх «Гісторыя Марыі» (1630—32) для капэлы Пці-Агюстэн у Парыжы, 4 алтарныя карціны для сабора Парыжскай Божай маці.
Літ.:
Каган М. Братья А., Л. и М. Ле Нэн: [Альбом]. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГО́Н (франц. wagon ад англ. waggon павозка),
транспартны сродак для перавозкі пасажыраў або грузаў па рэйкавых пуцях. Бываюць несамаходныя (перамяшчаюцца лакаматывамі) і самаходныя (аўтаматрысы, маторавагонныя секцыі, вагоны метро, трамвая); шырокакалейныя (1525 мм) і вузкакалейныя (750, 900 і 1060 мм); двух-, чатырох-, шасці- і шматвосевыя. З вагонаў фарміруюцца чыг. саставы.
Асноўныя тыпы пасажырскіх вагонаў: агульнага прызначэння (для перавозкі пасажыраў, паштовыя, багажныя, вагоны-рэстараны) і спецыяльныя (санітарныя, лабараторныя, службовыя, клубы); далёкага накіравання, міжабласных зносін і прыгарадныя; купэйныя і некупэйныя. Асноўныя тыпы грузавых вагонаў: універсальныя (крытыя, паўвагоны, платформы, цыстэрны, вагоны ізатэрмічныя) і спец. прызначэння (для перавозкі жывёлы, бітуму, мукі, цэменту, шматвосевыя платформы-транспарцёры для перавозкі грувасткіх і цяжкавагавых грузаў, бункерныя паўвагоны, вагоны-майстэрні, пажарныя і інш.), магістральныя (агульнапуцявыя) і прамысл. транспарту (думпкары, ваганеткі, шлакавозы і інш.). Складаюцца звычайна з хадавой часткі (колавыя пары, буксы, рысорныя падвескі), рамы, кузава ці платформы, тармазных і ўдарна-цягавых прыстасаванняў. У краінах СНД найчасцей выкарыстоўваюцца чатырохвосевыя вагоны грузападымальнасцю 50—65 т. Вагоны ізатэрмічныя прызначаны для перавозкі скорапсавальных грузаў. Маюць цеплаізаляваныя кузавы і халадзільныя ўстаноўкі. Бываюць універсальныя для грузаў усіх відаў і спец. для транспарціроўкі жывой рыбы, віна і інш. З вагонаў ізатэрмічных фарміруюць цягнікі для маршрутных перавозак або секцыі па 5 і 12 вагонаў. Выкарыстоўваюць і адзіночныя (аўтаномныя) вагоны-рэфрыжэратары.
Тыпы грузавых вагонаў: 1 — суцэльнаметалічны з павялічаным праёмам дзвярэй; 2 — хопер-дазатар для перавозкі сыпкіх грузаў; 3 — з перакульным кузавам; 4 — ізатэрмічны (вагон-халадзільнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́НІ,
палазовы трансп. сродак, які шырока выкарыстоўваецца зімой, калі ўстанаўліваецца снежнае покрыва. С. возяць коні, алені, сабакі. Да С. адносяцца простыя С., нарты народаў Поўначы і розныя віды С. з кузавам. С. больш старажытныя, чым калёсная павозка, яны былі вядомы не толькі ў паўн. народаў, але і ў паўд. краінах. С. выкарыстоўвалі ў пахавальным абрадзе ў Стараж. Егіпце і Стараж. Русі. У сярэдневякоўі важныя службовыя асобы рабілі ўрачыстыя выезды на С. і летам. Існуюць таксама С. і без палазоў: некат. віды валакушы, табаган канадскіх індзейцаў і інш. У наш час у розных галінах гаспадаркі на Крайняй Поўначы выкарыстоўваюць аэрасані. С. выкарыстоўваюцца таксама ў спарт. мэтах (гл.Санны спорт).
На Беларусі архаічныя С. мелі натуральныя, крыху выгнутыя кверху палазы з абрубкамі сукоў, што выконвалі функцыю капылоў. Эвалюцыя С. ішла па шляху функцыянальнага і сац. размежавання, што абумоўлівала іх тыпалагічную разнастайнасць і канструкцыйныя асаблівасці. Паводле прызначэння ўсе С. можна падзяліць на некалькі тыпаў: звычайныя рабочыя, кары (лесавозы), выязныя (вазкі) і ручныя (санкі). Найб. пашыраны былі рабочыя С. У тыповым варыянце ўяўлялі сабой 2 палазы, злучаныя па капылах гнуткімі (часцей дубовымі) вязамі, якія загіналіся канцамі на 180° вакол пары процілеглых капылоў. Паўзверх вязаў на канцы капылоў паралельна полазу набіваліся драўляныя брускі (намарзня, намаржня, наклеска). У адным выпадку палазы мелі натуральна выгнутую галоўку (копанкі, копані), у другім — іх гнулі пасля распаркі з дубовага, ясеневага, вязавага дрэва на спец. прыстасаванні — гбале (шаблон па форме полаза, высечаны ў калодзе або зроблены на сцяне пабудовы). Выгнутую форму фіксавала іцвіна (папліска) — хордавая перакладзіна, што злучала галоўку полаза з пярэднім капылом. За пярэднія капылы нярэдка мацавалі і аглоблі для коннай ці валовай запрэжкі. Перакрыццё С. утваралі дошкі ці луб, што накладваліся паверх вязоў. Для павелічэння пагрузачнай пляцоўкі ўладкоўвалі развалкі (розвальні). У сял. гаспадарцы рабочыя С. выконвалі універсальныя функцыі. Адносная лёгкасць канструкцыі дазваляла выкарыстоўваць іх для пасажырскай язды, пры гэтым у задняй частцы С. устанаўлівалі трохбаковую крацістую драбінку накшталт кузава вазка. Пры перавозцы малагабарытных і сыпкіх грузаў, паездцы на мясц. рынак і інш. паверх С. ставілі плецены паўкош (палукаш). Рабочыя С. выкарыстоўвалі замест караў пры перавозцы лесу; для гэтага на намаржні ўпоперак С. мацавалі тоўсты брусок (лісіцу), на які клалі камлёвую частку бервяна, а пад верхавіну падводзілі падсанкі, якія амаль не адрозніваліся па форме ад рабочых С., але мелі меншыя памеры. Іх выкарыстоўвалі для розных дробных перавозак, работы каля дому, у святочных катаннях і інш.
Выраб С. нярэдка вылучаўся ў самаст. промысел. У панскіх маёнтках і дзярж. эканоміях існавалі асобныя «службы санніцкія», майстры якіх былі вызвалены ад цяглавых павіннасцей. Напр., паводле інвентара Ваўкавыскага двара, саннікі складалі асобны пасёлак з 8 службаў. Санны промысел быў пашыраны ў сельскай мясцовасці як вытв-сць на заказ і на рынак. Часта ён існаваў неаддзельна ад стальмашнага рамяства, што тлумачылася падобнай тэхналогіяй і універсальнымі навыкамі майстроў. У пач. 20 ст. пашырылася кааперацыя саннага і кавальска-слясарнага промыслаў: у С. павялічвалася колькасць жал. дэталей, на якія прыпадала найб. эксплуатацыйная нагрузка; палазы сталі больш тонкія і падбіваліся паласавым жалезам; іцвіны замянялі жал. стрыжнямі; акоўка давала магчымасць шырэй выкарыстоўваць замест вязоў брусковыя папярочнікі. У наш час традыц. С. ўжываюцца ў сельскім побыце пры перавозках на кароткія адлегласці і ў асабістых гаспадарках.