Паветраны шар 7/589

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Паветраны транспарт, гл. Грамадзянская авіяцыя, Транспарт

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНЫ ДЭСА́НТ,

гл. Дэсант паветра.

т. 11, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Паветраны кодэкс СССР 7/589

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНЫ ВІНТ, прапелер,

лопасцевы рухач, які пры вярчэнні вінтавой паверхняй лопасцей стварае цягу за кошт адкідвання паветра назад. Выкарыстоўваюцца на лятальных апаратах (самалётах, верталётах, дырыжаблях), аэрасанях, глісерах, апаратах на паветр. падушцы і інш.

Бываюць 2-, 3- і 4-лопасцевыя; рэверсіўныя (могуць зменьваць цягу на процілеглую) і флюгерныя (з магчымасцю ўстаноўкі лопасцей па патоку пры адказе рухавіка для папярэджання самавярчэння і росту аэрадынамічнага супраціўлення). П.в. верталёта стварае пераважна падымальную сілу і наз. нясучым вінтом. Ідэю П.в. прапанаваў у 1475 Леанарда да Вінчы, віхравую тэорыю яго распрацаваў у 1912—18 М.Я.Жукоўскі. Іл. гл. таксама да арт. Біплан.

Паветраны вінт (прапелер) са зменным нахілам лопасцей.

т. 11, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Грамадзянскі паветраны флот 1/66, гл. Грамадзянская авіяцыя

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНЫ ШАР,

некіроўны (свабодны) аэрастат шарападобнай формы, які перамяшчаецца (ляціць) у напрамку паветр. плыняў. Форму шара мелі першыя аэрастаты (гл. Паветраплаванне), потым іх пачалі рабіць выцягнутай формы. П.ш. для даследавання верхніх слаёў атмасферы наз. стратастатам.

Абалонку П.ш. робяць з прагумаванай тканіны ці пластыку, напаўняюць яе гарачым паветрам або лёгкім газам (вадародам, геліем). Да абалонкі падвешваюць кабіну — гандолу для людзей, газавых гарэлак, прылад і інш. Першы П.ш. пабудавалі франц. вынаходнікі браты Ж. і Э.Мангальф’е летам 1783, восенню адбыўся першы палёт людзей на «мангальф’еры» ў Парыжы. Больш значнае пашырэнне набылі П.ш., якія напаўнялі газам. Адным з першых на такім П.ш. падняўся ў паветра для назірання сонечнага зацьмення ў 1887 рус. вучоны Дз.І.Мендзялееў. Выкарыстоўваецца ў спарт. і навук.-пазнавальных мэтах.

Паветраны шар братоў Мангальф’е, на якім 21.11.1783 ажыццёўлены палёт над Парыжам (каля 8 км).

т. 11, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Паветраны рэжым глебы 2/31; 3/504; 7/589

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНЫ ТРА́НСПАРТ,

адзін з відаў транспарту, які ажыццяўляе скарасныя перавозкі пасажыраў, грузаў і пошты на ўнутр. і міжнар. авіялініях з дапамогай авіяц. тэхнікі (самалётаў і верталётаў). Карыстаецца аэрапортамі і аэрадромамі, аснашчаны сучаснымі сродкамі сувязі і навігацыі паветранай, што гарантуюць высокую бяспеку палётаў. Займае важнае месца ў перавозках на далёкія адлегласці і цяжкадаступныя раёны. Выкарыстоўваецца таксама як сан. транспарт, у тушэнні лясных пажараў, для аэрафотаздымак і абслугоўвання геолагаразведкі, пошуку рыбных касякоў, авіяхім. работ і інш.

Узнік у краінах Еўропы і ЗША пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, напр., у Францыі і Германіі як від транспарту — з 1920-х г. У СССР першая паветр. лінія Масква—Ніжні Ноўгарад адкрыта ў 1923. Развіццё П.т. паскорылася з 2-й пал. 1950-х г. у сувязі з выкарыстаннем пасажырскіх шматмесных рэактыўных самалётаў Ту-104, Ту-114, Ту-124, Іл-18, Ан-10, Ан-24 і інш. З 1970-х г. на авіялініях эксплуатуюцца самалёты Іл-62, Ту-134, Ту-154; на мясц. лініях — Як-40 і інш., пасаж. верталёты Мі-4, Мі-6, Мі-8, Мі-10, К-26 і інш. У пач. 1990-х г. паветр. лініі звязвалі 3600 гарадоў і інш. нас. пунктаў СССР. На міжнар. авіялініях значная доля паветр. перавозак прыпадае на лятальныя апараты амер. фірмы «Боінг», адна з мадэляў якога «Б-747» (умяшчальнасць каля 500 пасажыраў) эксплуатуецца з 1971. На канец 20 ст. сусв. П.т. налічваў каля 15 тыс. магістральных самалётаў, больш за 300 тыс. лёгкіх лятальных апаратаў; на рэгулярных маршрутах перавозілася больш за 1 млрд. пасажыраў за год.

На Беларусі П.т. развіваецца з 1930-х г. Першая трансп. лінія па маршруце Мінск—Мазыр адкрыта ў 1932, перавозка пасажыраў (Мінск—Масква) пачалася ў 1938. У Вял. Айч. вайну П.т. адыгрываў вял. ролю ў арганізацыі дапамогі партызанам. За час акупацыі сав. авіятары здзейснілі каля 6 тыс. самалётавылетаў да партызан, даставілі каля 2,5 тыс. т разнастайных грузаў, перавезлі з Вял. зямлі і вывезлі з партыз. зон 11,6 тыс. чал. Пасля вайны авіялініямі звязаны Мінск з абл. цэнтрамі і інш. гарадамі рэспублікі і СССР. Беларусь мае паветр. сувязь больш як з 50 краінамі свету (2000), у т. л. з Вялікабрытаніяй, Германіяй, Кітаем, ЗША. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія», міжнар. аэрапорты Мінск-1, Мінск-2, у Брэсце, Гомелі, Гродне; нац. і мясц. аэрапорт ў інш. абл. цэнтрах, таксама ў гарадах Мазыр, Пінск, Полацк, Салігорск і інш. Грузаабарот П.т. (1999) склаў 12 млн. т км; пасажыраабарот каля 730 млн. пас.-км (перавезена больш за 270 тыс. чал.); авіяхім. работы ў сельскай і лясной гаспадарцы праведзены на плошчы каля 90 тыс. га. Дзейнасць сродкаў П.т., структура яго арганізацыі, прававыя адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з яго выкарыстаннем, рэгулююцца Паветраным кодэксам Рэспублікі Беларусь ад 11.1.1999 і інш. нарматыўна-прававымі актамі. Гл. таксама Авіяцыя, Грамадзянская авіяцыя.

І.У.Косціна.

т. 11, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНЫ РЭЖЫ́М ГЛЕ́БЫ,

сукупнасць узаемазвязаных працэсаў з удзелам глебавага паветра, якія вызначаюць яго колькасць, склад і іх перыяд. змены; адзін з фактараў урадлівасці глебы.

Уключае газаабмен паміж глебай і атмасферай (аэрацыю глебы), цвёрдай, вадкай і газападобнай ч. глебы (адсорбцыю, растварэнне газаў, выпарэнне і інш), глебай і жывымі арганізмамі (пераважна спажыванне кіслароду і выдзяленне вуглякіслага газу каранямі раслін, глебавымі фаунай і мікрафлорай, што ляжыць у аснове «дыхання» глебы), перамяшчэнне глебавага паветра. Залежыць ад кліматычных, пагодных умоў, структуры, складу паветр. уласцівасцей глебы (паветраёмістасці і паветрапранікальнасці), характару і развітасці расл. покрыва і інш.; цесна звязаны з водным рэжымам глебы і цеплавым рэжымам глебы, уплывае на жыўленне раслін. Паветра глебы займае да 75% яе аб’ёму і, у адрозненне ад атм., мае 1—20% кіслароду (паглынаецца глебай), 0,15—9,7% (і больш) вуглякіслага газу, больш вадзяной пары, азоту, яго аксідаў, аміяку, метану, вадароду, лятучых арган. рэчываў і інш. (выдзяляюцца ў атмасферу).

На Беларусі П.р.г. ў вегетац. перыяд спрыяльны для с.-г. раслін на аўтаморфных дзярнова-падзолістых, асушаных забалочаных і тарфяна-балотных глебах. Аптымізуюць яго паліваннем і апрацоўкай глебы, унясеннем угнаенняў (асабліва арган.), асушэннем пераўвільготненых глеб.

Л.В.Круглоў.

т. 11, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)