ФОРД (Ford) Джон [сапр. О’Фіні
(O’Feeney) Шон Алоізіус; 1.2.1895, Кейп-Элізабет, ЗША — 31.8.1973], амерыканскі кінарэжысёр. Ірландзец па паходжанні. З 1914 асістэнт, з 1917 рэжысёр у Галівудзе. У 1920—30-я г. ставіў вестэрны, дзе раскрываў псіхалогію герояў. Мастацтва Ф. вызначаецца высокім майстэрствам рэжысуры і выяўл. вырашэння, дакладнай перадачай атмасферы дзеяння. Лепшыя фільмы — экранізацыі літ. твораў, дзе даследуецца характар чалавека ў крытычных абставінах: «Эраўсміт» (1931),
«Паведамляльнік» (1935, прэмія «Оскар»), «Дыліжанс», «Юны містэр Лінкальн» (абодва 1939), «Гронкі гневу» (1940, прэмія «Оскар»), «Мая дарагая Клеменціна» (1946), «Рыо-Грандэ» (1950), «Ціхі чалавек» (1952, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі, прэмія «Оскар» 1953), «Усход месяца» (1957), «Восень чэенаў» (1964), «Сем жанчын» (1966) і інш. Здымаў і дакумент. фільмы. Пра яго зняты фільм «Пастаўлена Джонам Фордам» (1971).
т. 16, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)