ЗАПО́Й,

перыядычныя прыступы шматдзённага п’янства з прычыны неадольнай цягі да алкаголю. Від З., узнікненне якога звязваюць з глыбокім парушэннем настрою (дэпрэсія, дысфарыя), наз. дыпсаманіяй. У прамежку паміж З. алкаголь не ўжываюць (сапраўдны З.) ці ўжываюць параўнальна памяркоўна (З. пры хранічным алкагалізме).

т. 6, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕТЫ́СТ (ад грэч. amethystos цвярозы, не п’яны),

мінерал, празрыстая фіялетавая разнавіднасць кварцу. Бляск шкляны. Трапляецца ў гранітных пегматытах, кварцавых жылах, пустотах вулканічных горных парод і інш. Буйныя, прыгожа афарбаваныя крышталі аметысту — каштоўныя камяні (ювелірныя і маст. вырабы). Радовішчы ў Замбіі, Зімбабве, Бразіліі (найб. каштоўныя), у Расіі (Урал), Узбекістане і інш. Наладжана вытв-сць сінтэтычных аметыстаў. Выкарыстоўваўся як амулет супраць п’янства.

Аметыст.

т. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРДА́Н АЙГЕКЦЫ́,

армянскі байкапісец і прапаведнік канца 12 — пач. 13 ст. У свае пасланні і пропаведзі ўвёў байкі-прытчы, якія дасціпна, лаканічна і з’едліва-іранічна выкрывалі п’янства, зладзейства, ліхадзейства, помслівасць і інш. чалавечыя заганы, раскрывалі класавыя супярэчнасці тагачаснага грамадства. Т. зв. «Варданаўскі зборнік» (больш за 500 баек-прытчаў) амаль да 17 ст. дапаўняўся яго паслядоўнікамі. Частка рукапісаў Вардана Айгекцы — у зб. «Лісіная кніга» (Амстэрдам, 1668).

А.​Казінян.

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛІНЗ (Collins) Сэмюэл (? — да 1671),

англійскі ўрач. Медыцыне вучыўся ў Кембрыджы і Оксфардзе, з 1650 д-р медыцыны. У 1659 запрошаны ў Расію і да 28.6.1666 урач цара Аляксея Міхайлавіча. Пакінуў запіскі, у якіх шмат звестак пра хваробы, а таксама пра царскі двор, побыт, гандаль, рэлігію, гарады і народы Расіі. Раздзелы 18-ы і 19-ы кнігі прысвечаны норавам шляхты Рэчы Паспалітай, дзе адзначаў адукаванасць і гасціннасць шляхты, асуджаў п’янства і свавольства, змясціў некалькі баек, у т. л. пра ўцёкі польскага караля і вял. князя ВКЛ Генрыка Валезы ў Францыю.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮРЭ́ВІЧ Ігнат, польскі драматург 2-й пал. 18 ст. Жыў на Полаччыне. У 1789 для школьнага т-ра Забельскага дамініканскага калегіума (працаваў у ім выкладчыкам) напісаў трагедыю «Крэз» і камедыю «Пышнагольскі», у якіх праявілася ўздзеянне асветніцкіх ідэй. Апіраючыся на працы Герадота, у трагедыі паказаў бессэнсоўнасць вайны паміж перс. царом Кірам і лідыйскім царом Крэзам, ухваліў мірнае вырашэнне міждзярж. канфліктаў; у камедыі выкрываў п’янства, марнатраўства, маральнае ўбоства мясц. шляхты. Польская мова Ю. насычана беларусізмамі. Яго творы засн. на эстэт. прынцыпах класіцызму; у іх адчуваецца зададзенасць, адналінейнасць у паказе герояў. Зберагаюцца ў аддзеле рукапісаў Цэнтр. б-кі АН Літвы.

Літ.:

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 18, кн. 1, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІЛЕ́ВІЧ Мануіл, усходнеславянскі драматург і паэт 18 ст. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай акадэміі. У 1750—54 выкладаў паэтыку і рыторыку ў Смаленскай духоўнай семінарыі. Для школьнага тэатра гэтай семінарыі з пазіцый царк.-рэліг. маралі і хрысціянскіх ідэалаў напісаў сілабічным вершам драму-маралітэ «Дэкламацыя» — тыповы твор школьна-схаласт. драматургіі. Карыстаючыся алегарычнымі і міфічнымі вобразамі, асуджаў п’янства, хцівасць, прадажнасць суддзяў, спачуваў бедным, сцвярджаў думку пра марнасць жыцця, неабходнасць маральнага ўдасканалення чалавека. Мова п’есы стараслав. з беларусізмамі. Паміж дзеяннямі «Дэкламацыі» ставіліся сатыр.-гумарыст. інтэрмедыі на бел. мове «Селянін у касцёле» і «Селянін на споведзі», напісаныя Базілевічам або яго вучнямі.

Літ.:

Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979. С. 61—64;

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 316—319.

т. 2, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗІК Мікалай Фёдаравіч (каля 1852, в. Лаўрышава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1913),

бел. нар. прапаведнік-мараліст, паэт-самавук. Аўтар дыдактычнага, бытапісальнага верша «Сцяпан і Тацяна» (1889). У паперах А.​Ельскага (Варшава, Гал. архіў стараж. актаў) захаваўся сшытак 1890 з вял. творам М. (каля 400 радкоў) «Сачыненне пад рыфму на п’янства і гультайства». У Цэнтр. б-цы АН Літвы (Вільнюс) зберагаюцца рукапісы М. «Чыгунка», «П’янлівага развага...», «Заключэнне для павучання», «Вясковыя дзяды, або Памінальныя дні» і інш. Творы М. напісаны мяшанай бел.-рус. моваю, пераважна невысокага маст. ўзроўню, кансерватыўнага зместу. Пісаў часта пад псеўд. Аляксандр Шункевіч.

Тв.:

Сцяпан і Тацяна / Публ. У.​Казберука // Шляхам гадоў. Мн., 1994. [Вып. 4].

Літ.:

Н.Я.Н. [Нікіфароўскі М.Я.]. Глашатаи добрых начал в сельской среде // Живая старина. 1902. Вып. 3—4.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРТО́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ,

разнавіднасць пазаабрадавай сац.-бытавой лірыкі вуснай нар. творчасці. У іх высмейваюцца адмоўныя з’явы ў сямейна-бытавым і грамадскім жыцці (лянота, нядбайнасць, прагнасць, п’янства, нявернасць, несумленнасць і інш.). Гал. персанажы — муж і жонка, дзед і баба, хлопец і дзяўчына. Ж.п. малююць канкрэтныя тыпы, падкрэсліваючы і перабольшваючы іх заганы, надаюць ім абагульненасць. Нярэдка ў песнях гучыць аўтаіронія, што сведчыць пра духоўнае здароўе народа (напр., песня «Чаму ж мне не пець»), Характарыстыка героя ўспрымаецца не як публічнае самавыкрыццё, што мяжуе з самапрыніжэннем, а як усведамленне правільнасці нар. ідэалу. Высмейванне адмоўных якасцей ставіла адну мэту — сцвердзіць дабро. Асобную групу складаюць т.зв. песні-небыліцы або небывальшчыны. У дзіцячым рэпертуары пашыраны Ж.п. алегарычнага зместу, іх персанажы — звяры, птушкі, насякомыя. Часам яны дыдактычныя. Шмат песень жартоўнага характару ў каляндарнай і сямейна-абрадавай паэзіі, але іх не вылучаюць у асобныя жанравыя групы.

Публ.:

Жартоўныя песні. Мн., 1974.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 63—68;

Фядосік А.С. Трапным народным словам. Мн., 1971. С. 150—169;

Беларуская народнапаэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 367—375.

І.​К.​Цішчанка.

т. 6, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАЯ́К Казімір (сапр. Стаповіч Канстанцін Мацвеевіч; 19.2.1890, в. Барані Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 6.5.1926),

бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1914). У 1915 пасвячоны ў ксяндза. Абавязкі ксяндза спалучаў з адукацыйна-асветнай работаю: адкрываў бел. школы, збіраў бел. фальклор, казанні ў касцёле гаварыў па-беларуску, за што зазнаў нападкі касцельнай іерархіі. Друкаваўся з 1913. Аўтар публіцыст. трактата аб шкоднасці п’янства «Алкаголь» (1913), п’есы «Янка Канцавы» (1920), зб. вершаў «Мая ліра» (1924), вершаванага апавяд. «Чарку дай, браце» (1926), драм. паэмы «Купалле» (1930), філас. дзённіка «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі» (1932). Пісаў вершы, апавяданні, эсэ, філас. эцюды, гумарэскі, публіцыст. артыкулы рэліг. і літ.-крытычнага зместу (нарыс пра Ф.​Багушэвіча, арт. пра аповесць М.​Гарэцкага «Дзве душы») і інш. Найб. раскрыўся ў паэзіі: творы прасякнуты патрыят. думкамі і гуманіст. ідэямі, напоўнены высокай духоўнасцю, ранімай чалавечнасцю, устаноўкай на асветніцтва, пошукамі «найвышэйшай справядлівасці».

Тв.:

У кн.: Ростані волі. Мн., 1990.

Літ.:

Станкевіч А. З жыцьця і дзейнасці Казімера Сваяка. Вільня, 1936;

Калеснік У. Зорны спеў. Мн., 1975;

Стаповіч Б. З успамінаў пра Казіміра Сваяка // Полымя. 1990. № 2.

І.​Э.​Багдановіч.

К.Сваяк.

т. 14, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІ́ТКА-АСНАЎЯ́НЕНКА (сапр. Квітка) Рыгор Фёдаравіч

(29.11.1778, с. Аснова, цяпер у межах г. Харкаў, Украіна — 20.8.1843),

украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. мастацкай прозы. Адзін з заснавальнікаў Харкаўскага прафес. т-ра (у 1812 яго дырэктар). Літ. дзейнасць пачаў у 1816. Пісаў на ўкр. і рус. мовах. У сентыментальна- і бурлескна-рэаліст. апавяданнях і аповесцях 1830-х г. («Маруся», «Козыр-дзеўка», «Шчырае каханне», «Свята мерцвякоў», «Канатопская вядзьмарка» і інш.), а таксама ў «Маларасійскіх аповесцях, расказаных Грыцком Аснаўяненкам» (кн. 1—2, 1834—37), паказаў цяжкія ўмовы жыцця ўкр. сялянства 1-й пал. 19 ст., выкрываў п’янства як сац. зло. Сатырычнае адлюстраванне жыцця і побыту ўкр. дваран, каларытнасць і самабытнасць іх характараў у камедыях «Шальменка — валасны пісар» (1831), «Сватанне на Ганчароўцы» (1836, паст. ў Мінску 1848), «Шальменка-дзяншчык» (1840), раманах на рус. мове «Пан Халяўскі» (1839), «Жыццё і прыгоды Пятра Сцяпанава, сына Столбікава...» (1841) і інш. Асобныя творы К. не пазбаўлены элементаў дыдактызму, хрысціянскай маралі.

Тв.:

Зібрання творів. Т. 1—7. Київ, 1978—81;

Рус. пер. — Проза. М., 1990.

Літ.:

Гончар О.І. Григорій Квітка-Основ’яненко. Київ, 1969;

Луцький Ю.Д. Драматургія Г.​Ф.​Квіткі-Основ’яненка і театр. Київ, 1978.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)