О́РСА (Аляксандр) (24.7.1896, в. Нягневічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. —2.11.1959),
грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, педагог. Д-р прыродазнаўчых н. (1929). Скончыў гар. вучылішча (1913) і настаўніцкія курсы (1915) у Навагрудку, сярэднюю школу пры Укр.пед. ін-це (1923) і прыродазнаўчы ф-т Карлава ун-та (1928) у Празе. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце, афіцэр. З 1918 настаўнічаў у пач. школе в. Гараб’евічы і ў Навагрудку: бел. гімназіі (1929—34), польск. пач. школе (1934—39), сярэдняй школе (1939), пед. вучылішчы (1940—41). У час вайны супрацоўнічаў з акупац. ўладамі, з 1941 школьны інспектар Навагрудскай акругі. З 1944 у Германіі: настаўнік і дырэктар Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (1945-49). З 1949 у Нью-Йорку (ЗША). Адзін з заснавальнікаў і сяброў Беларуска-амерыканскага задзіночання, стваральнік у Нью-Йорку першай парафіі Бел. аўтакефальнай правасл. царквы, ініцыятар стварэння і заснавальнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, арганізатар першых бел. школ у Нью-Йорку. Уваходзіў ва ўрад БНР у эміграцыі (міністр асветы). Рэдагаваў падручнікі для сярэдніх эмігранцкіх бел. школ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РСА-РАМА́НА (Ала Аляксандраўна) (н. ў 1936, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.),
грамадскі і культ. дзеяч бел. дыяспары ў ЗША, амер. вучоны-хімік. Д-рхім.н. (1967). З 1944 у Германіі, дзе вучылася ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (1945—49). У 1949 разам з бацькамі пераехала ў ЗША. Скончыла гарадскі (1957) і політэхнічны ун-ты ў Нью-Йорку. З 1971 выкладчык, потым праф. кафедры біяхіміі Нью-Йоркскага гар. ун-та. Старшыня Бруклінскага аддзела Амер.хім.т-ва, чл.Амер. крышталеграфічнай асацыяцыі і Амер.к-та па хіміі. У 1956—92 кіраўнік бел.танц. ансамбля «Васілёк» (Нью-Йорк). Прапагандуе ў ЗША бел. культуру і гісторыю. Актывістка Бел. аўтакефальнай правасл. царквы за мяжой. Чл.Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку і інш. грамадскіх арг-цый беларусаў у ЗША. Аказвае дапамогу пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аўтар навук. прац па даследаванні крышт. структуры арган. злучэнняў у нізкіх тэмпературах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАСІЛЁК»,
беларускі фальклорна-харэаграфічны ансамбль у ЗША. Існаваў у 1956—92. Створаны ў Нью-Йорку членамі эмігранцкіх арг-цый Бел.-амер. задзіночання (БАЗА) і Арганізацыі бел.-амер. моладзі (АБАМ). Кіраўнік А.Орса-Рамана. У складзе ансамбля танц., інстр. і вак. групы. У аснове рэпертуару бел.нар. танцы «Лявоніха», «Полька-Янка» і інш., а таксама творы, вывезеныя ў Амерыку і захаваныя бел. каланістамі з розных рэгіёнаў Беларусі. Калектыў удзельнічаў у культ.-паліт. імпрэзах, якія наладжвалі ў Амерыцы і Канадзе бел. эмігранцкія асяродкі, выступаў на агульнаамер. этнічных святах на сцэнах «Лінкальн-Цэнтра» і «Эліс-Тыл-Хола». У 1990 гастраліраваў на Беларусі і ў Вільні, удзельнічаў у свяце Купалля ў Вязынцы і ў Заслаўі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ (КРЫВІ́ЦКАЕ) КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ІМЯ Ф.СКАРЫ́НЫў Празе,
грамадская арг-цыябел. эмігранцкай інтэлігенцыі.
Створана ў 1925 з нагоды 7-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларусі і 400-годдзя бел. друку. Сярод заснавальнікаў: М.Вяршынін, І.Дварчанін, Т.Грыб, В.Грышкевіч, Ф.Грышкевіч, У.Жылка, В.Захарка, А.Клімовіч, М.Коберац, П.Крачэўскі, А.Орса, В.Русак, Я.Станкевіч, М.Чарноцкі і інш. Філіялы т-ва існавалі ў Вільні, Варшаве, Берліне, Бруселі, Коўне, Лілі, Рызе, Рыме. Мэты: падтрымка адраджэнскага руху беларусаў, правядзенне культ.-асв. работы, выхаванне дбайных адносін да роднай мовы, вывучэнне айчыннай гісторыі, нар. звычаяў і традыцый, падрыхтоўка нац. свядомых кадраў бел. інтэлігенцыі, садзейнічанне перакладам твораў бел. пісьменнікаў на замежныя мовы і інш. Імкнулася да супрацоўніцтва з Еўрап. асацыяцыяй студэнтаў, прыхільна ставілася да духоўнага пабрацімства славян, развівала ідэі дзярж. незалежнасці і самастойнасці. Выдавала на лацінцы час. «Iskry Skaryny» (з 1931). Час спынення дзейнасці т-ва невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ РА́ДА (БЦР),
дапаможны дарадчы орган, цэнтр. інстанцыя бел. адміністрацыі на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Створаны ням. фашыстамі ў снеж. 1943 з Беларускай рады даверу пры ген. камісарыяце Беларусі. У БЦР уваходзілі 14 чал.: Р.Астроўскі (прэзідэнт), М.Шкялёнак (1-ы віцэ-прэзідэнт), Ю.Сабалеўскі (2-і віцэ-прэзідэнт), Ф.Кушаль (вайсковыя справы), С.Кандыбовіч (фінансы), А.Калубовіч (справы культуры), П.Свірыд (юрыд. і рэліг. справы), С.Калядка (лясная гаспадарка), С.Станкевіч (прафес. справы), А.Скурат (школьныя справы), П.Орса (сельская гаспадарка), Н.Абрамава, М.Ганько і інш., якія ўзначальвалі 13 адпаведных аддзелаў. Фармальна гітлераўцы перадалі БЦР кіраўніцтва школьнай справай, культурай, сац. апекай, Беларускай краёвай абаронай (БКА). Аднак на месцах адпаведныя аддзелы заставаліся пад кантролем ням. акруговых камісараў. У акругах арганізоўваліся намесніцтвы ці аддзелы БЦР. У падпарадкаванне БЦР акупанты перадалі раней створаныя арг-цыі: Беларускую народную самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Саюз беларускай моладзі і інш. Члены БЦР памагалі гітлераўцам весці барацьбу супраць партызанаў, спрабавалі стварыць з бел. насельніцтва вайск. фарміраванні БКА. Дзейнасць БЦР фактычна была спынена на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 (27.6.1944, Мінск). Паслядоўнікі БЦР працягваюць паліт. дзейнасць у ЗША і Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ ІМЯ́Я́НКІ КУПА́ЛЫў Германіі.
Існавала ў 1945—50. Засн. ў лагеры для перамешчаных асоб у г. Рэгенсбург з мэтай падрыхтоўкі бел. моладзі для паступлення ў ВНУ. У 1946/47—1947/48 навуч.г. працавала ў г. Мігельсдорф, у 1948/49 у г. Віндзішбергердорф, у 1949/50 у г. Розенгайм. Дзейнічала ў сістэме ням. школьнай асветы і мела аднолькавыя правы з ням. школамі падобнага тыпу. Гімназія была 8-класная, выкладаліся агульнаадук. прадметы, рэлігія, бел., англ., ням. і лац. мовы, элементы філасофіі. 28.6.1947 гімназіі прысвоена імя Я.Купалы. 28.9.1948 пед. і вучнёўскі калектыў падзелены на 2 школы, якія захавалі імя Я.Купалы. Пры гімназіі існавала вучнёўская бурса, дзе жылі дзеці без бацькоў, дзейнічала скаўцкая арг-цыя, працавалі літ. (выдаваў час. «У выраі»), драм., спарт. гурткі. Адбылося 5 выпускаў, пасведчанні атрымалі 44 чал. У розны час гімназію ўзначальвалі А.Орса, М.Рагажэцкі, А.Вініцкі.
Літ.:
Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945—1950. Нью-Йорк;
Беласток, 1994.
А.С.Ляднёва.
Да арт.Беларуская гімназія імя Янкі Купалы. Настаўнікі гімназіі ў Розенгайме. Сядзяць (злева направа): невядомая, А.Вініцкі, епіскап Васіль (Тамашчык), М.Равенскі, А.Савёнак, Л.Савёнак; стаяць: І.Муха, М.Кунцэвіч, А.Каханоўскі, В.Кажан. В.Кендыш.