НІ́ША (ад франц. niche гняздо) у архітэктуры, паглыбленне ў сцяне будынка ці збудавання для пластычнага ўзбагачэння фасадаў і інтэр’ераў, аблягчэння канструкцыі, устаноўкі статуй, ваз і інш. Бываюць прамавугольныя, лучковыя, арачныя, круглыя, паўцыркульныя, складанай формы, без абрамленняў або ўпрыгожаныя прафіляванымі архівольтамі, сандрыкамі і інш. Н. ў ваеннай справе — заглыбленне ў сценцы акопа, траншэі і інш. для захоўвання боепрыпасаў, харчавання, аховы ваеннаслужачых ад паражальных сродкаў і непагоды. У слабых грунтах сценкі і столь Н. часам абшываюць дошкамі ці падручным матэрыялам.

Ніша.
Ніша ў сценцы траншэі.

т. 11, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ША ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ,

функцыянальнае месца віду ў экасістэме (біяцэнозе), якое вызначаецца яго біятычным патэнцыялам і сукупнасцю фактараў знешняга асяроддзя, да якіх ён прыстасаваны. Паняццем «Н.э.» пачалі карыстацца ў пач. 20 ст. (амер. біёлаг Дж.​Грынел, 1917). Н.э. ўяўляе сабой сукупнасць умоў жыцця ўнутры экасістэмы, якая адпавядае патрабаванням віду да асяроддзя; спецыфічны спосаб выкарыстання фіз. прасторы пражывання віду (прасторавая ніша, або мікрастацыя); адлюстроўвае функцыян. ролю («прафесію»), пераважна кармавыя ўзаемаадносіны ў згуртаванні (трафічная ніша) і становішча віду адносна градыентаў знешніх фактараў (мнагамерная, або гіперпрасторавая ніша). Часам паняцце «Н.э.» памылкова атаясамліваюць з паняццем «месцапражыванне».

т. 11, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

экалагічная ніша

т. 18, кн. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬКО́Ў (франц. alcôve),

паглыбленне або ніша ў сцяне інтэр’ера для ложка ці спальнае памяшканне без вокнаў. Узнік у архітэктуры араб. краін. Пашыраны ў палацавым дойлідстве Іспаніі, з сярэдзіны 17 ст. ў інш. еўрап. краінах, у т. л. на Беларусі.

Алькоў палаца ў в. Нябораў (Польшча).

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХРА́Б (араб. свяцілішча),

малітоўная ніша ў мячэці. Змяшчаецца ў сцяне, звернутай да Меккі (у ранніх мячэцях — да Іерусаліма). Бываюць у плане паўкруглыя, шматгранныя, радзей прамавугольныя. У завяршэнні — паўкупал, аздоблены арнаментальнай разьбой, інкрустацыяй, размалёўкай. У некат. мячэцях М. можа быць некалькі.

Міхраб (злева) і мінбар мячэці ў г.п. Іўе Гродзенскай вобл.

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́АБА (араб., літар. куб),

свяшчэнны храм мусульман у г. Мекка (Саудаўская Аравія). Пабудаваны ў старажытнасці каля крыніцы Земзем у форме куба, размешчанага ў цэнтры прамавугольнага двара. У знешняй сцяне з усх. вугла ніша з «чорным каменем» — метэарытам (стараж. фетыш). Да 7 ст. н.э. храм быў свяцілішчам язычніцкіх плямён Хіджаза; паводле падання, вакол яго стаялі 300 ідалаў. Пасля прызнання ісламістамі святасці К. храм — месца паломніцтва мусульман.

Кааба.

т. 7, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОТ (франц. grotte ад італьян. grotta),

1) неглыбокая пячора са скляпеністай столлю і шырокім уваходам.

2) Расшырэнне пячоры пасля вузкага праходу.

3) Ніша ў канцы горнага ледавіка, адкуль выцякаюць расталыя воды. Бываюць аб’ектамі турызму (напр., Блакітны грот на в-ве Капры).

4) Тып паркавага збудавання (часам у выглядзе павільёна), муроўка і апрацоўка якога (ракавінкі, туф, камень) імітуюць натуральную пячору. Былі пашыраны ў еўрап. садова-паркавым мастацтве 16—18 ст., на Беларусі — з 18 ст. (грот у Гомельскім парку).

т. 5, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎСКАЯ СІНАГО́ГА,

помнік архітэктуры позняга рэнесансу. Пабудавана ў сярэдзіне 17 ст. з цэглы ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.). Цэнтрычная мураваная пабудова (20 × 21 м у плане) з элементамі абарончага дойлідства: круглая баявая вежа на паўн.-зах. рагу, дэкар.-абарончы атык (байніцы пазней замураваны). Накрыта пакатым 4-схільным дахам. Дэкаравана простымі карнізамі, неглыбокімі прамавугольнымі нішамі. У інтэр’еры квадратная зала падзелена 4 слупамі на 9 роўных частак, перакрытых скляпеннямі. Паміж сабой слупы ў сярэдзіне злучаны аркамі на 2 узроўнях. Цэнтр. месца займае 2-ярусная трыбуна-біма. У цэнтры ўсх. сцяны алтар-ніша, акаймаваная стукавай лепкай.

Быхаўская сінагога.

т. 3, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНКАЎСКІ АНТО́НІЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1908 у в. Каменка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты двухсхільным дахам. Цэнтр. неф пераходзіць у 5-гранную апсіду з самаст. дахам, па баках якой невял. гранёныя сакрысціі. На гал. фасадзе двух’ярусная чацверыковая вежа, завершаная стромкім шатром з люкарнамі. Верхні чацвярык вежы на ўсіх фасадах вылучаны высокімі патройнымі арачнымі вокнамі. Гал. ўваход аформлены парталам, над якім акно-ружа і ніша са скульптурай. Дзверы аздоблены маст. коўкай. Астатнія фасады рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі.

Т.​В.​Габрусь.

Каменкаўскі Антоніеўскі касцёл.

т. 7, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕ́НДА (ням. Blende) у архітэктуры, ніша ў сцяне, якая імітуе аконны праём. Часам мае абрамленне ў выглядзе ліштваў, архівольтаў, завяршаецца франтонамі, сандрыкамі і інш. элементамі аздобы. Выкарыстоўваецца для стварэння рытмічнасці фасада будынка з рэгулярнай сеткай аконных праёмаў; у месцах, дзе вокны неабавязковыя, яны замяняліся блендамі. На Беларусі вядомыя ў архітэктуры готыкі і рэнесансу (касцёл у в. Гнезна Ваўкавыскага р-на), барока і класіцызму (палац у Нясвіжы, Мікалаеўская царква ў Магілёве і інш.), несапраўднай готыкі (касцёл у в. Гервяты Астравецкага р-на), у жылой забудове 19 — пач. 20 ст. (дом па вул. Старавіленскай і Траецкім прадмесці ў Мінску).

Бленда на фасадзе дома ў Траецкім прадмесці ў Мінску.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)