Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НІНЕ́ВІЯ,
старажытны горад у Асірыі, на левым беразе р. Тыгр (цяпер гарадзішча Куюнджык каля г. Масул у Іраку). Засн. ў 5-м тыс. да н.э., з 3-га тыс.вядома паводле клінапісных дакументаў. У 15—14 ст. да н.э. пад уладай дзяржавы Мітані. З 9 ст. да н.э. рэзідэнцыя асірыйскіх цароў. Узвышэнне, росквіт і ператварэнне Н. ў сталіцу Асірыі прыпадае на 8—7 ст. да н.э. пры царах Сінахерыбу і Ашурбаніпале. У 612 да н.э. разбурана новававілонскім царом Набапаласарам і мідыйскім царом Кіяксарам. Рымляне засн. на месцы Н. ваен. калонію Claudia Ninus. Археал. раскопкі на руінах Н. вяліся ў 1840—1930-я г.
Асірыйскі горад меў строгую планіроўку з гал. вуліцай — т.зв. дарогай працэсій. У час раскопак знойдзены паліхромная кераміка 5—4-га тыс. да н.э., скульпт. бронзавая галава цара Саргана Старажытнага Акадскага (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.), у палацах асірыйскіх цароў (8—7 ст. да н.э.) — каменныя рэльефы. статуі крылатых быкоў і львоў — ахоўнікаў варот.
Да арт.Ніневія. Рэльеф са сцэнай палявання на львоў у палацы Ашурбакі. 7 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЮНДЖЫ́К,
гарадзішча на левым беразе р. Тыгр насупраць г. Масул (Ірак), руіны сталіцы Асірыі — Ніневіі. Археал. раскопкамі выяўлены рэшткі палацаў, храмаў, б-ка цара Ашурбаніпала і інш. (гл.Ніневія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСУ́Л,
горад на Пн Ірака. Адм. ц. мухафазы Найнава. Пабудаваны ў 7 ст. арабамі на месцы стараж. крэпасці. Нас. 879 тыс.ж. (1998). Порт на правым беразе р. Тыгр. Трансп. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: тэкст. (у т. л.вытв-сць мусліну — ад назвы М.), харч., гарбарна-абутковая, нафтаперапр., металаапр., цэментная. У раёне М. здабыча нафты (Айн-Зала). Ун-т. Арх. помнікі 12—13 ст., у т. л. мячэць Джамі аль-Кабір (або ан-Нуры) і мінарэт (12 ст.). Мусульм. музей асірыйскага і парфянскага мастацтва. Паблізу М. руіны стараж.г.Ніневія.