ГРЫН (Аляксандр Сцяпанавіч) (сапр. Грынеўскі; 23.8.1880, г. Слабадскі Кіраўскай вобл., Расія — 8.7.1932),

рускі пісьменнік. Сын ссыльнага ўдзельніка паўстання 1863—64. Шмат вандраваў па Расіі; неаднойчы арыштоўваўся, быў у ссылцы. Першае апавяданне «Заслуга радавога Панцялеева» (1906) было канфіскавана і знішчана. Напісаў больш за 350 апавяданняў, аповесцей, вершаў, паэм, сатыр. мініяцюр. Апублікаваў зб. «Славутая кніга» і «Здарэнне на вуліцы Пса» (1915), «Шукальнік прыгод» і «Трагедыя пласкагор’я Суан» (1916). Грын стварыў свой непаўторны свет, авеяны рамантыкай прыгод, і засяліў яго мужнымі, высакароднымі і свабоднымі людзьмі. У яго творах арганічна пераплецены рэальнасць і невычэрпная фантазія, якая адлюстравала вечную мару пра чалавечае шчасце. Да найб. папулярных належаць аповесць «Пунсовыя ветразі» (1923, экранізавана ў 1961), раманы «Бліскучы свет» (1924, экранізаваны ў 1984), «Залаты ланцуг» (1925), «Бягучая па хвалях» (1928, экранізаваны ў 1967), «Дарога нікуды» (1930) і інш. Яго творчасць доўгі час замоўчвалася і набыла прызнанне ў 1960-я г.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1980;

Собр. соч. [Кн. 1—5]. СПб., 1993—94.

Літ.:

Михайлова Л. Александр Грин: Жизнь, личность, творчество. 2 изд. М., 1980.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫЯ́К ((Mauriac) Франсуа Шарль) (11.10.1885, г. Бардо, Францыя — 1.9.1970),

французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1933). Скончыў ун-т у Бардо (1905). Дэбютаваў як паэт зб-камі «Рукі, складзеныя для малітвы» (1909) і «Развітанне з юнацтвам» (1911). Першы раман «Дзіця пад цяжарам ланцугоў» (1913). У лепшых раманах «Пацалунак, дараваны пракажонаму» (1922), «Маці» (1923), «Пустыня кахання» (1925), «Тэрэза Дэскейру» (1927), «Клубок гадзюк» (1932), «Дарога ў нікуды» (1939) узняты маральна-рэліг. праблемы. Аўтар раманаў «Ягня» (1954), «Падлетак мінулага часу» (1969), аповесці «Мартышка» (1951), зб. антыфаш. артыкулаў «Чорны сшытак» (1943), публіцыст. нарысаў «Блакноты» (1952—70), п’ес, эстэт. прац і інш. Яго проза адметная глыбокім псіхалагізмам, экспрэсіўнасцю, вастрынёй і драматызмам сюжэтаў. На бел. мову асобныя раманы М. пераклаў Л.​Казыра. Нобелеўская прэмія 1952.

Тв.:

Бел. пер. — Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк. Мн., 1985;

Рус. пер. — Тереза Дескейру. Фарисейка. Мартышка. Подросток былых времен. М., 1985;

Не покоряться ночи...: Худож. публицистика. М., 1986;

Жизнь Жана Расина. М., 1988;

Дорога в никуда: Романы, повесть, статьи. М., 1989;

Жизнь Иисуса. М., 1991.

Літ.:

Кирнозе З.И. Франсуа Мориак. М., 1970;

Наркирьер Ф. Франсуа Мориак. М., 1983.

Е.​А.​Лявонава.

Ф.Марыяк.

т. 10, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)