Нізам ал-Мулк (тытул Абу Алі аль-Хасана ібн Алі ібн Ісхака ат-Тусі; 1017, каля г. Тус, Іран — 14.10.1092), дзяржаўны дзеяч Сельджукскай дзяржавы. Везір сельджукскіх шахаў Алп-Арслана (з 1063) і Мелік-шаха (з 1072). Прыхільнік моцнай цэнтралізаванай улады, аўтар кнігі пра майстэрства дзярж. кіравання «Сіясет-намэ». Забіты ісмаілітамі.
Тв.:
Рус.пер. — Сиасет-намэ: Книга о правлении вазира XI столетия Низам ал-Мулька. М.; Л., 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛІ́М III (Selim III; 24.12.1761, Стамбул — 28.7.1808),
турэцкі султан [1789—1807]. Набыў вядомасць спробамі рэфармаваць Асманскую імперыю. Па яго даручэнні была намечана і часткова ажыццёўлена праграма пераўтварэнняў у ваен., эканам. і фін. сферах на еўрап. ўзор (нізам- і джэдзід). Сутыкнуўшыся з моцным супраціўленнем кансерватыўных колаў, ён быў вымушаны скасаваць рэформы. 29.5.1807 скінуты янычарамі і праз год забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАЦЯНО́,
1) прылада для ручнога прадзення лёну, воўны, пянькі. У стараж. часы верацяном служыла драўляная крыху завостраная палачка, пазней — конусападобная даўж. 20—30 см з завостраным верхам і патоўшчаным нізам, на які для павелічэння вагі надзявалі прасліца.
2) Вярчальны стрыжань, на які надзяваюцца патрон, шпуля, катушка і інш.; асн. рабочы орган роўнічных, прадзільных, прадзільна-круцільных і круцільных машын. Прызначана для скручвання роўніцы, пражы, нітак і ўтварэння пакоўкі пэўнай формы і памераў. Бываюць кальцавыя, круцільныя, полыя і рагульчатыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗЕ́ЛІ,
зборная назва падобных па выглядзе і памерах парнакапытных жывёл сям. пустарогіх. 19 відаў. Пашыраны ў пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі. Жывуць статкам. Найб. вядомыя джэйран, дзерэн, газель-дама (Gasella dama) і інш.
Даўж. да 170 см, выш. ў карку да 120 см, маса да 85 кг. Целасклад лёгкі, зграбны. Маюць лірападобныя рогі даўж. да 80 см. Афарбоўка шаравата-пясочная або карычняватая з больш светлым нізам. Хутка бегаюць. Кормяцца расліннасцю. Нараджаюць 1—2 дзіцянят. Аб’екты палявання. 3 віды і 7 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЛЬЯ́НТ (франц. brillant літар. бліскучы),
бездэфектны алмаз, штучна агранены ў выглядзе дзвюх зрэзаных шматгранных пірамід, што максімальна выяўляе яго бляск. «Поўная» брыльянтавая агранка (гл.Агранка) мае 58 плоскіх граняў. Адрозніваюцца масай (вымяраецца ў каратах, 0,2 г), формай (круглая, фантазійная, прамавугольная і інш.), вясёлкавым зіхаценнем колераў у адлюстраваным святле і інш. Каштоўны камень 1-га класа. Брыльянты выкарыстоўваюць у ювелірнай справе. Найбольш вядомыя брыльянты маюць уласныя назвы: «Вялікая Зорка Афрыкі» («Кулінан I») (530,20 кар), «Нізам» (277 кар), «Юбілейны» (245,35 кар), «Арлоў» (189,62 кар), «Дэ Бірс» (234,50 кар), «Вікторыя 1880» (228,50 кар) і інш. Больш за 95% сусветнай вытв-сці брыльянтаў прыпадае на долю Індыі, Ізраіля, Бельгіі, ПАР, ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬДЖУ́КСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА Існавала на Блізкім і Сярэднім Усходзе ў 11—12 ст.Засн. качавымі цюркскімі плямёнамі агузаў на чале з родам Сельджукідаў, якія ў пач. 1030-х г. знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад Газневідаў. У 1038 яны паўсталі супраць Газневідаў, у 1040 сельджукскі правадыр Тагрул-бек разбіў войска газневідскага султана Масуда; да 1043 заваяваны Харасан, потым — Буідаў дзяржава. У 1055 яго войскі захапілі Багдад, пасля чаго абасідскі халіф Каім надаў правіцелю С.дз. тытул султана. Пры султане Алп-Арслане [1063—72] да С.дз. далучаны Арменія, Сірыя, Палесціна, Маверанахр, у 1071 разбіты візант. войскі ў бітве пры Манцыкерце (Маназкерце). Найб. магутнасці С.дз. дасягнула пры султане Мелік-шаху [1072—92], візірам (гал. міністрам) якога быў Нізам-аль-Мульк. Пры ім да С.дз. далучана б.ч. Малой Азіі, а Караханідаў дзяржава прымушана плаціць даніну (1089). Асновай землеўладання С.дз. была сістэма ікта (ваен. лена). Найбольшыя ікты станавіліся асобнымі княствамі, што прывяло да пераўтварэння С.дз. ў аморфнае дзярж. ўтварэнне. У 1077 адасобіўся Румскі султанат (гл.Канійскі султанат), пасля смерці Мелік-шаха адзінства С.дз. стала намінальным. Унутрыпаліт. становішча дзяржавы ўскладнялася дзейнасцю секты ісмаілітаў. Пасля 1-га крыжовага паходу (1096—99) С.дз. страціла Палесціну, прыбярэжныя тэр. М. Азіі і Сірыі. Султан Санджар [1118—57] пацярпеў паражэнне ад каракітаяў (1141), а ў 1153 узяты ў палон балхскімі агузамі. З яго смерцю (1157) С.дз. распалася на асобныя княствы, пасля чаго ў Сярэдняй Азіі і Іране пачалося ўзвышэнне харэзмшахаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення на Панямонні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. ў Навагрудскім, Карэліцкім, Слонімскім і Лідскім р-нах Гродзенскай вобл. Аснову летняга жаночага гарнітура складалі кашуля-гарсоўка, андарак, фартух, гарсэт або бурносік. Кашулю-гарсоўку кроілі з гесткай, з прамым або сабраным на каўнерац рукавом, вузкім стаячым, утвораным брыжыкамі каўняром або без каўняра. Дробнаўзорысты геам. арнамент вышыўкі чырвонымі і чорнымі баваўнянымі ніткамі кампанаваўся ў вузкія паскі і размяшчаўся ўздоўж швоў злучэння гесткі са станам, па лініі разрэзу пазухі, на каўняры, нізе рукавоў. Андарак у клетку буйнога рапорту (найчасцей зялёна-блакітнага, зялёна-сіняга ці фіялетавага колераў) прасавалі ў буйныя складкі, падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Аднаполкавы фартух кроілі са скругленым нізам, аздобленым фальбонай. Гарсэт з чорнай шарсцянкі меў баску ў выглядзе 6—8 кліноў. Кароткі бурносік з белага валенага сукна шылі з маляўнічымі складкамі на спіне. Галаўныя ўборы — намітка або чорны ці чырвоны з круглымі вушкамі і ўзорыстымі шаўковымі стужкамі-завязкамі каптур, аздоблены па краях вушак каляровай аблямоўкай, парчовай тасёмкай, вышыўкай. Дзявочы галаўны ўбор — хустка з прышпіленай кветкай ці пяром. Шыю ўпрыгожвалі пацеркамі, стужкамі. Мужчынскае адзенне складалі кашуля, нагавіцы, камізэлька (з сіняй ці чорнай шарсцянкі з меднымі гузікамі, стаячым каўняром), касынка-каляшыйка. Галаўныя ўборы — саламяныя капелюшы, фуражкі. Верхнім адзеннем былі бурнос, сярмяга, капота, спанцэрка, кажух.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Навагрудскі строй. Маладуха ў верхнім адзенні з каптуром. Вёска Курылавічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл.