НЯСВІ́ЖА АБАРО́НА 1706.

Адбылася ў сак.—маі ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21. У пач. 1706 ваен. дзеянні з Польшчы перакінуліся на тэр. ВКЛ. Шведскі кароль Карл XII, стаўшы лагерам пад Гродна, пасылаў войскі нішчыць гарады і замкі прыхільнікаў караля польскага і вял. князя ВКЛ Аўгуста II Моцнага. У сак. 1706 атрад падпалк. Траўтветэра быў накіраваны ў Нясвіж, які належаў канцлеру ВКЛ К.С.Радзівілу. У горадзе акрамя радзівілаўскага гарнізона стаяла 2 тыс. ўкр. казакоў палк. Міхаловіча. 14.3.1706 Траўтветэр трыма батальёнамі драгун атакаваў горад. У вулічных сутычках быў забіты Міхаловіч і каля 300 казакоў. 500 казакоў зачыніліся ў езуіцкім калегіуме, авалодаць якім Траўтветэр не здолеў. Рэшта казакоў вяла агонь па шведах з гар. дамоў. Шведы падпалілі горад, у агні і сутычках загінула некалькі соцень казакоў, каля 180 здаліся. Добра ўмацаваны Нясвіжскі замак Траўтветэр не стаў штурмаваць і рушыў на Ляхавічы. 10.5.1706 у Нясвіж увайшлі войскі на чале з Карлам XII. У замку знаходзіўся гарнізон пад камандаваннем Балімана, з 200 чал. якога 90 былі прафесійнымі вайскоўцамі, астатнія — мяшчане і сяляне. Да Балімана былі пасланы Траўтветэр і ген.-ад’ютант Расенштэрн з патрабаваннем здаць замак. Не маючы надзеі на падтрымку, камендант выканаў патрабаванне. Шведы спалілі ваенны рыштунак з арсенала, патапілі захопленыя гарматы, каменданта і ўвесь гарнізон адпусцілі на волю. Замкавыя ўмацаванні былі разбураны, горад спалены, за выключэннем касцёлаў і кляштараў.

В.С.Пазднякоў.

т. 11, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ЦКАВІЧЫ,

вёска ў Нясвіжскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Нясвіж—Ляхавічы. Цэнтр сельсавета і комплекснага долевага прадпрыемства. За 25 км на ПдЗ ад Нясвіжа, 137 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Пагарэльцы. 630 ж., 254 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Царква.

т. 5, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕРНАРДО́НІ АЛЬБО́М»,

архіўная калекцыя графічных матэрыялаў 16 ст. з Нясвіжа. Створаны Дж.М.Бернардоні. Уключае 71 графічны аркуш на паперы з вадзянымі знакамі, якая выкарыстоўвалася ў справаводстве і кнігадрукаванні ў ВКЛ у 1560—90-я г. На абодвух баках аркушаў кітайскай тушшу выкананы арх. чарцяжы ў артаганальнай праекцыі і пэўным маштабе. Паводле зместу падзяляецца на 2 групы: праектныя і абмерныя чарцяжы культавых і свецкіх збудаванняў Нясвіжа, Клецка і Гродна і чарцяжы-копіі з выявамі класічных арх. ордэраў з трактатаў тэарэтыкаў архітэктуры Адраджэння Дж.Віньёлы, А.Паладыо, С.Серліо і І.Блюма. У 1989 бел. даследчыкі Т.Габрусь і Г.Галенчанка зрабілі навук. атрыбутацыю рукапіснага помніка, вызначылі яго аўтарства. «Бернардоні альбом» — каштоўная крыніца па гісторыі бел. архітэктуры і буд-ва. Захоўваецца ў рукапісным аддзеле Цэнтр. навук. б-кі АН Украіны (Кіеў) пад назвай «Кніга, якая змяшчае планы, фасады і дэталёвыя чарцяжы розных будынкаў канца XVI ст.».

Т.В.Габрусь.

т. 3, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЎКІ,

вёска ў Беларусі, у Нясвіжскім раёне Мінскай вобл., за 1 км ад р. Уша. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПнЗ ад Нясвіжа, 114 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Гарадзея. 493 ж., 192 двары (1994). Сярэдняя школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік драўлянага дойлідства — царква Раства Багародзіцы (1844).

т. 2, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНО́ШКІ,

вёска ў Беларусі, у Казлоўскім с/с Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр акц. т-ва «Новае жыццё». За 15 км на ПдЗ ад Нясвіжа, 140 км ад Мінска, 11 км ад чыг. ст. Пагарэльцы, 2 км ад шашы Нясвіж—Баранавічы. 968 ж., 330 двароў (1995). Сярэдняя і музычная школы, б-ка, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 1, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ МУЗЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА (Існавала ў 1751—1809) (?) пры Нясвіжскай капэле Радзівілаў. Рыхтавала выканаўцаў-інструменталістаў і вакалістаў для капэлы і Нясвіжскага тэатра Радзівілаў. Вучыліся дзеці сялян з Нясвіжа і навакольных вёсак. Ігры на скрыпцы, віяланчэлі, флейце, габоі, фагоце, валторне, трубе, а таксама вакалу навучалі лепшыя музыканты і спевакі капэлы: Ф.Вітман (да 1780-х г.),

Я.Д.Голанд, Я.Дусік, Дж.Альберціні, І.Фляйшман, Дж.Канстанціні, В.Нікаліні (усе 1780-я г.) і інш. Верагодна, у школе атрымалі пач. муз. адукацыю прыгонныя скрыпачы Мацей з Карэліч і Я.Ценціловіч.

В.П.Пракапцова.

т. 11, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРО́ВІЧ Канстанцін, жывапісец-партрэтыст 2-й пал. 18 ст. (вядомы творы 1777—94). Працаваў на Беларусі (Нясвіж) і ў Варшаве. Выконваў пераважна заказы арыстакратаў і караля; рабіў таксама копіі з партрэтаў мінулых эпох. Працягваючы традыцыі параднага партрэта 17—18 ст., творча ўдасканальваў жанр дакладнай характарыстыкай, выкарыстаннем чыстага колеру, увагай да дэталяў. Найбольш вядомы твор — партрэт князя Карла Радзівіла пане Каханку (1786). Творы захоўваюцца ў Польшчы, Вільні. У Львове зберагаецца 35 работ, пераважна копіі т.зв. гіст. партрэтаў з калекцыі маёнтка Завушша каля Нясвіжа.

Г.Г.Сакалоў-Кубай.

т. 1, с. 240

АТАСЕ́ЛЬСКІ (Канстанты) (каля 1739, г. Львоў — 24.12.1809),

бел. тэатральны мастак і майстар дэкаратыўнага жывапісу. Каля 1780 запрошаны ў прыдворны тэатр К.Радзівіла (Пане Каханку) у Нясвіжы. Стварыў шэраг дэкарацый, у т. л. ў 1784 для аперэты «Агатка, ці Прыезд пана». З Нясвіжа пераехаў у Дзярэчын (Зэльвенскі р-н), дзе для прыдворнага тэатра кн. Сапегаў напісаў гал. заслону. З 1793 працаваў у Вільні, у 1796—1802 стварыў шэраг дэкарацый для Віленскага тэатра (оперы «Аберон, кароль эльфаў» П.Враніцкага, «Ладаіска» Л.Керубіні, «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» Я.Стэфані).

Г.І.Барышаў.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ ДЫВАНО́ВАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Засн. ў 1752 у прадмесці Нясвіжа Альбе ўладальнікам горада М.К.Радзівілам Рыбанькам як мастацкая майстэрня. У ёй працавала некалькі ткачых (тапісерак) мясц. паходжання. Кожная з іх мела па 4—5 памочніц-дзяўчат, якія пасля навучання таксама станавіліся майстрыхамі. Мяркуецца, што майстэрня была арганізавана для выканання разам з аналагічнай у Мірскім замку (адкрыта ў 1747) задуманай Рыбанькам серыі шпалераў са сцэнамі з гісторыі роду Радзівілаў. У 1757 яшчэ адна майстэрня створана ў Камянцы. У 1762 усе майстэрні пераведзены ў Карэлічы, дзе праца над шпалерамі прадоўжана (гл. Карэліцкія шпалеры).

В.С.Пазднякоў.

т. 11, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)