НЯРО́ЎНАСЦЬ у матэматыцы,
алгебраічны выраз, элементы якога спалучаны знакамі: менш <, менш ці роўна ≤, больш >, больш ці роўна ≥, няроўна ≠. Напр., запіс a < b азначае, што а меншае за b. Н. і роўнасці маюць многія агульныя ўласцівасці, напр., Н. застанецца правільнай, калі да яе абедзвюх частак дадаць адзін і той жа лік ці абедзве часткі памножыць на адзін і той жа дадатны лік (пры множанні на адмоўны лік Н. пераходзіць у процілеглую). Уласцівасці і класіфікацыя Н. (аналагічныя ўласцівасцям і класіфікацыі роўнасцей) вывучаюцца многімі раздзеламі матэматыкі.
т. 11, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КІ ВІНАГРА́Д (Vitis sylvestris),
лясны вінаград, дзікі еўрап.-азіяцкі від вінаграду. Паводле інш. уяўленняў, падвід або форма вінаграду культурнага — звычайнага (V. vinifera) ці яго здзічэлая форма, магчыма, продак. Пашыраны ў Сярэдняй і Паўд. Еўропе, Закарпацці, Прыднястроўі, Крыме, на Каўказе, у Малой, Сярэдняй і Зах. Азіі. Расце дзіка ў далінах рэк, поймавых лясах, у хмызняках і на камяністых схілах.
Двухдомная лістападная ліяна або куст, які сцелецца, з лазячымі парасткамі даўж. да 10 м і дыям. 10—15 см. укрытымі буравата-шэрай карой. Лісце амаль цэласнае, 3—5-лопасцевае, круглаватае, ныркападобнае, па краі няроўна буйназубчастае, на чаранках. Кветкі дробныя, зеленаватыя, сабраныя ў складаныя мяцёлчатыя суквецці. Плод — чорная, з шызым налётам, зрэдку белая ягада. Харч., вітамінаносная расліна, выкарыстоўваецца ў селекцыі культ. сартоў вінаграду. Дз. в. часам наз. расліны з роду дзявочы вінаград.
Г.У.Вынаеў.
т. 6, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)