ІНТЭРСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац inter паміж + сексуальнасць),

наяўнасць у раздзельнаполых арганізмаў прыкмет абодвух полаў. Гэтыя прыкметы развіты няпоўна, маюць прамежкавы характар і ў адрозненне ад гінандрамарфізму праяўляюцца сумесна на адных і тых жа ч. цела асобін. Эмбрыянальнае развіццё такога інтэрсексу пачынаецца нармальна, але з пэўнага моманту працягваецца па тыпе інш. полу. Можа ўзнікнуць як вынік генет. заган развіцця (зіготная І.) або пры парушэнні работы залоз унутр. сакрэцыі (гарманальная І.). Розныя формы І., ці т.зв. псеўдагермафрадытызму, якія зрэдку выяўляюцца ў чалавека, могуць выклікацца парушэннем нармальнай колькасці палавых храмасом. Гарманальная І. узнікае ў зыходна разнаполых жывёл пры зменах у эндакрыннай сістэме. Яе можна выклікаць кастрацыяй жывёлы і перасадкай ёй палавой залозы інш. полу. Гл. таксама Гермафрадытызм.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ФАРАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік беларуска-літоўскага летапісання апошняй чвэрці 15 ст., спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Перадае яго тэкст хоць і няпоўна (без пачатку і канца, з пропускамі ў сярэдзіне), але болей дакладна, чым інш. спісы. Заканчваецца апісаннем падзей у ВКЛ пасля смерці Вітаўта. «Пахвала Вітаўту» і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле» ў гэтым спісе не зберагліся. Н.л. грунтуецца на скарочаным агульнарус. летапісе, у якім сцісла выкладаецца гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, ВКЛ (канец 14—1-я трэць 15 ст). У ім змешчаны кароткія пагадовыя запісы, апавяданні пра значныя гіст. падзеі (паход Батыя на Русь, Неўская бітва 1240 і інш.). Упершыню апублікаваны ў 1898 С.​Белакуравым, перавыдадзены М.​Улашчыкам у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 35, 1980). Зберагаецца ў б-цы Рас. АН у С.-Пецярбургу.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 11, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)