Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Няміга 7/553
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМІ́ГА, Няміза,
рака ў Мінску, правы прыток р. Свіслач (бас.р. Дняпро). Даўж. каля 5 км. У канцы 19 — сярэдзіне 20 ст. заключана ў падземны калектар. Пачынаецца на ПдЗ горада, працякае пад зямлёй у раёне ўсх. часткі праспекта Жукава, вуліц Чыгуначная, Грушаўская, Разінская, Рамізніцкая, праспекта Дзяржынскага, з паўд. боку Тэатра музкамедыі, пад вуліцамі Мяснікова і Няміга, упадае ў Свіслач насупраць Траецкага прадмесця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМІ́ГА,
адна са стараж. вуліц Мінска. Знаходзіцца ў гіст. цэнтры горада, паміж р. Свіслач і вул. К.Цэткін; працягласць 1840 м. Назва ад р.Няміга (прыток Свіслачы, заключана ў падземны калектар), уздоўж якой вуліца пралягала. Узнікла ў 12 ст. як адна з цэнтр.гандл. магістралей, што злучала гандл. плошчу перад Мінскім замкам (Нізкі рынак) з б. Койданаўскім трактам. У дакументах 16—18 ст.наз.Нямізскай. У 19 ст. ўключала Нізкі і Рыбны рынкі, звязвала гандл. плошчу на Траецкай гары з рынкам у б. Раманаўскім прадмесці (раён сучасных вуліц Раманаўская слабада і Мяснікова). Да канца 18 ст. забудова была пераважна драўляная (у 1793 існавалі толькі 2 мураваныя дамы), шмат разоў гарэла (асабліва моцны пажар у 1835). У пач. 17 ст. на скрыжаванні вуліц Н. і Ракаўскай пабудаваны комплекс правасл. манастыра з Мінскай Петрапаўлаўскай царквой, на правым баку Н. да 1965 стаяў будынак сінагогі 18 ст. У 19 ст. забудавана 2—3-павярховымі жылымі будынкамі з крамамі, якія стваралі суцэльны вулічны фронт, мелі рысы класіцызму. Напачатку праезная ч. вуліцы была вымашчана драўляным насцілам, у 17—18 ст. забрукавана, у пач. 20 ст. заасфальтавана. У Вял.Айч. вайну ў раёне вуліц Н. і Ракаўскай было гета. У пач. 1970-х г. забудова Н. знесена ў сувязі з рэканструкцыяй трансп. магістралі — вуліца М.Горкага (цяпер М.Багдановіча) — Няміга. У 1990-я г. на Н. пабудаваны рэстаран «МакДональдс» (арх. А.Чадовіч), комплекс 12-павярховых жылых дамоў, гандл. цэнтр «На Нямізе» (кіраўнік аўтарскага калектыву арх. С.Мусінскі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПІВАВА́РНЫ ЗАВО́Д «АЛІВА́РЫЯ».
Засн. ў 1864 у Мінску. У 1894 пабудаваны мураваны будынак, у якім з-д працуе да цяперашняга часу (помнік прамысл. архітэктуры 19 ст.) Належаў у розныя гады Р.Фрумкінай, графу Чапскаму, братам Лекертам. У 1917 з-д нацыяналізаваны. У Вял.Айч. вайну працаваў. Пасля вайны пераабсталяваны, атрымаў назву піўзавод «Беларусь». У 1976—92 у ВА «Мінскпіўпрам». З 1994 адкрытае акц.т-ва «Піўзавод Аліварыя». На 1.1.1999 вырабляе 16 гатункаў піва (1927 тыс. дэкалітраў за год): «Мінскі бровар», «Няміга», «Няміга-арыгінальнае», «Лекерт-1», «Лекерт-2», «Лекерт-люкс», «Граф Чапскі», «Троіцкае», «Аліварыя» (моцнае, лёгкае, цёмнае, залатое, фірменнае), «Народнае», «Сябры».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ДУХАВЫ́ АРКЕ́СТР «НЯМІ́ГА».
Створаны ў 1990 у Мінску. Кіраўнікі: А.Берын (арганізатар і гал. дырыжор да 1995), Г.Праватораў (з 1995), з 1996 з аркестрам працуюць дырыжоры П.Вандзілоўскі, В.Бартноўскі, В.Міхновіч. У рэпертуары творы муз. класікі (Р.Вагнер, І.Штраус, Г.Берліёз, М.Равель, М.Глінка, М.Мусаргскі, М.Рымскі-Корсакаў, П.Чайкоўскі, С.Рахманінаў, С.Пракоф’еў), бел. (Г.Вагнер, І.Лучанок, Э.Казачкоў) і інш. сучасных кампазітараў (Б.Брытэн, Ч.Айвз, Л.Бернстайн, А.Рэспігі, М.Брух, В.Персікеці). Калектыў творча супрацоўнічае з бел. выканаўцамі І.Алоўнікавым, А.Ісаевым, В.Мазур і інш., замежнымі музыкантамі. Здзейсніў шмат запісаў для фондаў Бел. тэлебачання і радыё. Сярод артыстаў прафесары Бел. акадэміі музыкі В.Волкаў, Р.Лагонда, Б.Пянчук. На базе аркестра працуюць дыксіленд, ансамбль старадаўняй і сучаснай музыкі, брас-квінтэт. Пра аркестр зняты дакум. фільм (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЛА́МАЎ (Віктар Мацвеевіч) (н. 26.5.1936, Мінск),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1962). У 1962—79 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працуе ў жанрах: бытавым, партрэта, пейзажа. У краявідах, выявах сучаснікаў — імкненне да псіхалагізму, гармоніі і класічнай завершанасці. Сярод твораў: «Мінск. Заходні мост» (1962), «У родны горад» (1964), «Наша вясна» (1966), «Мінск. Няміга» (1968), «Сямейны экіпаж» (1980), «Скрозь сонца, прастору і час» (1989), «Ноч. Царква святой Магдаліны» (1995); партрэты А.Марыкса (1973), А.Тычыны (1984), У.Гмызнікава (1985) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛДАКО́Ў (Анатоль Уладзіміравіч) (н. 18.5.1929, г. Уладзікаўказ, Паўночная Асеція),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1954). Працаваў у ін-це «Валгаірадграмадзянпраект». З 1970 у ін-це «Белдзіпрагандаль», з 1990 кіраўнік творчай майстэрні Саюза архітэктараў Беларусі. Асн. работы на Беларусі: Мінскі крыты рынак «Камароўскі» (1980, у сааўт.), універсамы «Рыга» (1980) і «Талін» (1982), службова-гасп. корпус СМ Беларусі (1981), будынкі Мін-ва гандлю і Мін-ва спорту і турызму (1980), праект комплексу магазінаў па вул. Няміга (1981) — усе ў Мінску; крыты рынак у Брэсце (1987). Аўтар шэрагу грамадскіх будынкаў у Валгаградзе і Бранску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Віталь Васілевіч) (н. 16.6.1939, г. Екацярынбург, Расія),
бел. выканаўца на трубе. Засл.арт. Беларусі (1980). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1964). У 1968—88 саліст і канцэртмайстар групы труб Дзярж.акад.сімф. аркестра Рэспублікі Беларусь, з 1990 — мінскага духавога аркестра «Няміга». Адначасова педагог Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1991), Мінскага ін-та культуры (1976—78). Выступае як трубач-саліст. Яго выкананне адметнае сакавітым, прыгожым гучаннем інструмента, тэхн. свабодай. Першы выканаўца многіх твораў для трубы бел. кампазітараў М.Аладава, А.Туранкова, П.Падкавырава, А.Мдывані, У.Дамарацкага і інш. Аўтар апрацовак бел.нар. мелодый, аранжыровак і транскрыпцый для духавога аркестра, саліруючых інструментаў і ансамбляў рознага складу. Чл.Сусв. гільдыі трубачоў (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМІ́ГСКАЯ БІ́ТВА 1067,
адна з першых бітваў пачатку феад. раздробленасці Русі. Адбылася 3.3.1067 на р.Няміга паміж войскамі паўд.-рус. князёў Ізяслава, Святаслава, Усевалада Яраславічаў і полацкага кн. Усяслава Брачыславіча. Прычына — намер кіеўскага князя падпарадкаваць Полацкае княства, якое да гэтага часу стала незалежным. Выкарыстаўшы захоп і разарэнне Усяславам Ноўгарада, войскі паўд.-рус. князёў захапілі Мінск. Н.б. скончылася паражэннем войск Полацкага княства. У час мірных перагавораў Усяслаў Брачыславіч быў зняволены ў Кіеве. Н.б. асуджана аўтарам «Слова аб палку Ігаравым», які апісаў яе як жорсткае пабоішча: «На Немизе снопы стелют головами, молотят чепи харалужными, на тоце живот кладут, веют душу от тела. Немизе кровави брезе не бологом бяхуть посеяни — посеяни костьми руских сынов».