НЯМЦО́Ў (Валянцін Барысавіч) (н. 24.2.1936, в. Навасёлкі Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне статыстычнай механікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1988), праф. (1989). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1959). З 1966 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па даследаванні кандэнсаваных сістэм (вадкіх крышталёў, малекул ДНК, біял. мембран). Распрацаваў статыстычную тэорыю нераўнаважных працэсаў у вадкіх крышталях, прадказаў наяўнасць каларычнага і механахім. эфектаў награвання і змен канцэнтрацыі многакампанентных сістэм у выніку арыентацыйнай дэфармацыі хіральнага асяроддзя.

Тв.:

Неравновесная статистическая механика систем с ориентационным порядком. Мн., 1997.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 11, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМЦО́Ў (Віктар Віктаравіч) (н. 8.9.1941, с. Белая Гліна Краснадарскага краю, Расія),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). З 1972 выкладае ў Бел. АМ, з 1995 заг. кафедры. Сярод твораў; габелены «Музыка» ў Бел. дзярж. філармоніі (1974—76, у сааўт. з А.​Яскіным, У.​Ткачовым), «Беларусь — край мой родны» ў рэзідэнцыі прэзідэнта Беларусі (1983—84), вітражы «Песні Беларусі» і «Поры года» ў Т-ры юнага гледача Беларусі (1978, у сааўт. з Ткачовым), «Сонечныя кветкі. Флора і фауна» ў мед. ін-це (1992—93), «Старажытная геральдыка гарадоў Беларусі» ў тэхнал. ун-це (1993—94; усе ў Мінску), «Белавежская пушча» ў бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. (1981—82), дэкар. рэльефаў. Аўтар жывапісных палотнаў «Успаміны. Дзікі мёд» (1981), «Алегорыя трывогі» (1986), «Бабіна лета» (1990), «Стары млын» (1992), «Каля люстэрка» (1996), «А.​Пушкін», «А.​Міцкевіч» (абодва 1999), трыпціха «Поры года» (1995), серыі пейзажаў «Па Галандыі і Францыі» (1999). Творам уласцівы гарманічная пластычнасць з рэаліст. трактоўкай сюжэта, метафарычнасць.

Л.​Ф.​Салавей.

В.Нямцоў. Каля люстэрка. 1996.

т. 11, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Нямцоў В. Ф. 3/63

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Нямцоў Ц. А. 10/494

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Нямцоў В. Б. 7/464; 10/397; 12/480

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТРА́Ж (франц. vitrage ад лац. vitrum шкло),

арнаментальная або сюжэтная дэкар. кампазіцыя са шкла ці інш. матэрыялаў, якія прапускаюць святло (у акне, дзвярах, у выглядзе самаст. пано).

Вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце. З 1 ст. да н.э. ў Стараж. Рыме. У 10—12 ст. у раманскіх храмах Францыі (сабор Нотр-Дам у Шартры, да 1260) і Германіі з’явіліся сюжэтныя вітражы з кавалачкаў каляровага (чырвонага і сіняга) шкла, выразаных па контуры выяў і змацаваных свінцовымі палоскамі. Былі пашыраны кампазіцыі, дзе выявы святых займалі амаль увесь аконны праём, і кампазіцыі ў форме медальёнаў (уся плошча акна запаўнялася закампанаванымі невял. дэталямі). У 12—14 ст. узбагаціўся колеравы набор шкла, разам з рэліг. сцэнамі ствараліся бытавыя. У 14—15 ст. мастацтва вітража актыўна развівалася ў Англіі (Вестмінстэрскае абацтва ў Лондане), Італіі (сабор у Мілане), Польшчы, Швейцарыі. Паступова ў вітражы ўсё большую ролю адыгрывала размалёўка, ён траціў спецыфічную плоскаснасць, формы драбнелі. У эпоху Адраджэння вітражом называлі і жывапіс па шкле. У 16 ст. для аздаблення інтэр’ераў выкарыстоўвалі аднатонныя вітражы са свецкімі сюжэтамі. У эпоху барока і класіцызму вітраж амаль знікае. З 2-й пал. 19 ст. цікавасць да вітража павышаецца. Імкненне да падкрэсленай эмацыянальнай выразнасці інтэр’ера спарадзіла вітраж мадэрну. Мастакі 20 ст. ўключаюць свае кампазіцыі ў адзіную сістэму дэкору інтэр’ера, надаючы ім ролю асн. кампанента маст. выразнасці. З 1950-х г. развіваюцца вітражы-перагародкі, вітражы-пано. Вітраж складаюць з кавалачкаў каляровага і бясколернага шкла, з маналітнага шкла з размалёўкай запечанымі фарбамі, трохслаёвыя з арган. шкла, з тоўстага колатага шкла і каляровых люстэркаў, якія манціруюць на цэменце або жалезабетоне, арміруюць свінцовай, стальной або пластмасавай стужкай. Дэкар. апрацоўку шкла для вітража робяць пескаструменным спосабам, каляровым траўленнем, адліўкай і прасаваннем, што дае магчымасць больш поўна выяўляць магчымасці шкла (празрыстасць, шурпатасць, зіхатлівасць). Тэматыка вітража часта адпавядае прызначэнню будынка.

На Беларусі вітражы вядомы з 15—16 ст. (у капліцах фарнага касцёла ў Навагрудку, касцёле бернардзінцаў у Гродне). Вітражы пашыраны і ў сучасным манум.-дэкар. мастацтве: паяны вітраж у інтэр’еры касцёла Сымона і Алены (1974, Г.​Вашчанка), Доме літаратара (1976, У.​Стальмашонак), у адм. будынку ВА «Гарызонт» (1982, Н.​Шчасная), кінатэатры «Масква» (1980, Г. і М.​Вашчанкі); з выкарыстаннем размалёўкі эпаксіднымі смоламі — у Т-ры юнага гледача (1978, У.​Ткачоў, В.​Нямцоў), з алюмініевай працяжкай у Рус. драм. т-ры (1976), на паштамце (1980; абодва В.​Позняк; усе ў Мінску). У камбінаванай тэхніцы (ліццё, размалёўка, паяны з алюмініевай працяжкай) выкананы вітраж ў кінатэатры «Радзіма» ў г. Маладзечна (1982, В.​Ціханаў, В.​Барабанцаў), вітраж «Прырода» ў Ін-це батанікі АН Беларусі (1984, Барабанцаў), у Палацы піянераў у Брэсце (1989) і санаторыі «Радон» у в. Дзятлава Гродзенскай вобл. (1993, абодва Позняк і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Вітраж «Прырода» ў Інстытуце батанікі АН Беларусі. Мастак В.​Барабанцаў. 1984.
Вітраж Міланскага сабора.
Вітраж сабора Нотр-Дам у Шартры (Францыя).

т. 4, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)