КАСМАПАЛІ́ТЫ ў біялогіі,
віды (або інш. таксоны) раслін і жывёл, якія трапляюцца амаль па ўсёй Зямлі. К. — арганізмы з вял. адаптыўнымі здольнасцямі, шырокай экалагічнай пластычнасцю. На ўзроўні віду К. нямнога. З раслін — водныя і балотныя, напр., рагоз, раска, урэчнік, або пустазелле — драсён птушыны, мятліца аднагадовая, стрэлкі, трыпутнік вялікі і інш.; з жывёл — гар. верабей, шэры пацук, пакаёвая муха і інш. Часцей К. — таксоны больш высокага рангу. З раслін — злакі і складанакветныя, з жывёл — калаўроткі, прэснаводныя ракападобныя, ціхаходкі і інш. Гл. таксама Эндэмікі.
т. 8, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛОВАСКЛАДА́ННЕ,
марфалагічны спосаб словаўтварэння шляхам складання двух ці больш слоў або ўтваральных асноў. У сучаснай бел. мове вылучаюць складаныя словы, утвораныя шляхам складання слоў (уласна С.) і складання асноў (асноваскладанне). Пры С. аб’ядноўваюцца 2 граматычна аформленыя лексічныя адзінкі, сярод якіх вылучаюцца раздзельнааформленыя (абедзве часткі слова маюць грамат. формы словазмянення — «сцежкі-дарожкі») і цэласнааформленыя (маюць толькі адну, звычайна апошнюю, словазмяняльную частку — «плашч-палатка», «вечназялёны»). У сучаснай бел. мове слоў, утвораных шляхам С., параўнальна нямнога. Значна больш складаных слоў, утвораных шляхам асноваскладання. Іх падзяляюць на 2 падгрупы лексем: у 1-й адна частка складанага слова з’яўляецца ўтваральнай асновай, а другая — утваральным словам («нов-а-будоўля» ад «нов-(ая) будоўля»); у 2-й — словы, утвораныя шляхам складання асноў і суфіксацыі (складанасуфіксальныя словы: «ціх-а-акіян-ск-(і)» ад «Ціх-(і) акіян»). Разнавіднасць С. — утварэнне складанаскарочаных слоў або абрэвіятур. С. — адзін з найб. актыўных спосабаў папаўнення слоўнікавага складу мовы, асабліва характэрна для розных галін навук. і тэхн. тэрміналогіі.
Літ.:
Шакун Л.М. Словаўтварэнне. Мн., 1978.
А.А.Лукашанец.
т. 15, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)