СТАТО́НІМ (ад англ. state дзяржава),

назва дзяржавы або аўт.-тэр. ўтварэння, якая часцей за ўсё этымалагічна звязана з назвай народа, што яго насяляе, яго этноніма. Напр., Францыя — краіна французаў, Тува (Тыва) — аўтаномія для тувінцаў і да т.п. Часам назіраецца разыходжанне паміж С. і этнонімам. Напр., Бельгія, населеная фламандцамі і валонамі, назва ад кельцкага племя бельгаў; у С. «Гана» адноўлена назва сярэдневяковай афр. дзяржавы, хоць тэрытарыяльна яны не супадаюць. На розных мовах С. адной і той жа дзяржавы можа гучаць інакш, чым на роднай мове. Напр., Германію яе суседзі называюць Джэрмані (англ.), Алемань (франц.), Нямеччына (некаторыя славянскія краіны), Вацыя (прыбалт. народы), Тэдэска (італьянцы).

т. 15, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́ЛЬМАН (Thälmann) Эрнст (16.4.1886, г. Гамбург, Германія — 18.8.1944),

германскі паліт. дзеяч. Вучыўся ў нар. школе (1893—1900). У 1900—23 трансп. рабочы. З 1903 чл. С.-д. партыі Германіі (СДПГ), з 1904 — прафсаюза трансп. рабочых. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце. У 1917 выйшаў з СДПГ і ўступіў у Незалежную с.-д. партыю Германіі (НСДПГ). У час Ліст. рэвалюцыі 1918 выбраны ў Гамбургскі савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў і гар. парламент. У 1920 разам з левым крылом НСДПГ перайшоў у Камуніст. партыю Германіі (КПГ). Кіраўнік Гамбургскага паўстання 1923. З 1923 чл. Выканкома Камуніст. інтэрнацыянала. З пач. 1925 узначальваў арг-цыю рабочай самаабароны — Саюз чырв. франтавікоў. З канца 1925 старшыня ЦК КПГ. У 1924—33 дэп. рэйхстага. Памылкова лічыў гал. праціўнікам сваёй партыі СДПГ («сацыял-фашызм»), што аслабляла антыфаш. рух у Германіі. Кандыдат у прэзідэнты Германіі на выбарах 1925 і 1932. У сак. 1933 арыштаваны гестапа і зняволены ў турму. У жн. 1944 дастаўлены ў канцлагер Бухенвальд, дзе забіты паводле загаду А.​Гітлера і Г.​Гімлера.

Тв.:

Бел. пер. — Пролетарская Нямеччына замест Нямеччыны Юнга: Прамовы на пасяджэньні рэйхстагу ў лютым 1930 г. Мн., 1930 (разам з Ц.​Ітэкерам);

Задачы КПГ пасля выбарчай перамогі;

КПГ пасля выбараў у рэйхстаг. Мн., 1931;

Цэнтр — вядучая партыя германскай буржуазіі // Крызіс капіталізму і царква. Мн., 1932.

Літ.:

Э.​Тельман: Биогр.: Пер. с нем. М., 1984;

Эрнст Тельман: Речи и статьи. Письма. Воспоминания об Э.​Тельмане: Пер. с нем. М., 1986;

Müller Ch. Der Thälmann—Prozeß. Berlin, 1988;

Ernst Thälmann und Kampfgefährten. Hamburg, 2000.

М.​Г.​Жаркоў.

Э.Тэльман.

т. 16, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)