ПАРТЭНАКАРПІ́Я (ад грэч. parthenos нявінніца + karpos плод),
утварэнне на расліне пладоў без апладнення. Адрозніваюць П.: вегетатыўную (або аўтаномную) — плады завязваюцца і развіваюцца без апладнення, і стымулятыўную — для ўтварэння плода неабходна раздражненне рыльца кветкі чужародным пылком (напр., пылок яблыні здольны выклікаць П. ў грушы, пылок памідора — у баклажана). Такія плады не маюць насення або маюць яго без зародка. Расліны з безнасеннымі пладамі размнажаюцца вегетатыўна. Вядома П. ў многіх пладовых раслін (вінаград, груша, мандарын, яблыня і інш.) і часта з’яўляецца замацаванай сартавой адзнакай. Штучная стымулятыўная П. (мех., хім. і інш. раздражненнямі) мае гасп. значэнне (безнасенныя плады маюць добрыя смакавыя якасці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЭНАГЕНЕ́З (ад грэч. parthenos нявінніца + ...генез),
нявіннае размнажэнне, адна з форм палавога размнажэння арганізмаў, пры якой развіццё зародка адбываецца з неаплодненай яйцаклеткі без удзелу сперматазоіда. Пашыраны ў жывёл (некат. насякомыя, ракападобныя, чэрві) і раслін (некат. водарасці, грыбы, вышэйшыя расліны). Адрозніваюць П. аблігатны (абавязковы) — яйцо развіваецца толькі партэнагенетычна, факультатыўны (неабавязковы) — яйцо развіваецца таксама ў выніку апладнення, цыклічны — чаргаванне П. з двухполым размнажэннем. Пры П. паяўляецца патомства пераважна аднаго полу (самцы або самкі). Як адаптыўнае прыстасаванне П. дае магчымасць размнажацца пры рэдкіх кантактах разнаполых асобін (напр., на экалагічнай перыферыі арэала), а для відаў з вял. цыклічнай смяротнасцю (напр., насякомыя) — рэзка павялічыць колькасць патомства. Штучны П. (развіццё яйца пад уплывам т-ры, хім. рэчываў і інш.) выкарыстоўваецца ў селекцыі. Гл. таксама Андрагенез, Апаміксіс, Гінагенез, Партэнакарпія, Педагенез.
французскі пісьменнік і філосаф, адзін з прадстаўнікоў франц.Асветніцтва. Ранняя лірыка прасякнута эпікурэйскімі і антыклерыкальнымі матывамі. Сталая проза розная па тэмах і жанрах: філас. аповесці «Кандыд, або Аптымізм» (1759), «Прастадушны» (1767), трагедыі ў стылі класіцызму «Брут» (1731), «Танкрэд» (выд. 1761), сатырычная паэма «Арлеанская нявінніца» (1735, выд. 1755), публіцыстыка, гіст. творы. Светапогляд яго супярэчлівы. Выступаючы прыхільнікам механікі і фізікі Ньютана, ён прызнаваў існаванне Бога-творцы, схіляўся да атаясамлівання Бога («вялікага геаметра») і прыроды. Дзейнасць яго звязана з барацьбой супраць рэліг. нецярпімасці і цемрашальства, крытыкай феад.-абсалютысцкай сістэмы, заганаў цывілізацыі. Асн. творы: «Філасофскія пісьмы» (1733), «Трактат пра метафізіку» (1734), «Нарыс пра норавы і дух народаў...» (1756), «Філасофскі слоўнік» (1764—69). Яго творчасць значна паўплывала на развіццё сусветнай, у т. л. беларускай, філас. думкі. На Беларусі і ў Літве творы Вальтэра пачалі пашырацца з сярэдзіны 18 ст. ў франц. арыгіналах і ў перакладах. У тэатрах Вільні, Нясвіжа і інш. гарадоў ставіліся яго п’есы.
Тв.:
Рус.пер. — Орлеанская девственница;
Магомет: Филос. повести. М., 1971;
Философские сочинения. М., 1988.
Літ.:
Державин К.Н. Вольтер. М., 1946;
Вольтер: Ст. и материалы. М.; Л., 1948;
Кузнецов В.Н. Вольтер и философия французского просвещения XVIII в. М., 1965;