НЯБА́БА Антон, кіраўнік казацка-сялянскага атрада на Беларусі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. Родам з г. Карастышаў Кіеўскага ваяв. (цяпер у Жытомірскай вобл., Украіна). Летам 1648 атрад (загон) Н. дзейнічаў на тэр. ўздоўж р. Прыпяць, граміў маёнткі шляхты і каталіцкага духавенства. У вер. 1648 далучыўся да паўстаўшых гараджан Пінска, разам з імі 5—9.10.1648 абараняў горад ад войск ВКЛ на чале са стражнікам ВКЛ Мірскім. Больш дакладных звестак пра лёс Н. не выяўлена.
т. 11, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯБА́БА (Марцін) (?, г. Карастышаў Жытомірскай вобл., Украіна — 26.6.1651),
чарнігаўскі палкоўнік казацкага войска ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. У 1648 пасланы Б.Хмяльніцкім на Пд Беларусі, дзе аб’яднаўся з паўстаўшымі сялянамі і гар. нізамі. Авалодаў Лоевам, Гомелем і інш. У 1651 на чале чарнігаўскага і нежынскага палкоў (15 тыс. чал.) пасланы для аховы лоеўскіх перапраў цераз Дняпро, каб не дапусціць на Украіну войскі ВКЛ на чале з гетманам польным ВКЛ Я.Радзівілам. Частку войска ён накіраваў пад Гомель (гл. Гомеля аблога 1651), а атрад у 3 тыс. чал. — на ахову лоеўскіх перапраў. 6.7.1651 частка войска ВКЛ на чале са стражнікам ВКЛ Мірскім (2500 чал.) разбіла казацкую «старожу» каля перапраў. З намерам знішчыць атрад Мірскага Н. рушыў да Лоева, куды падышло ўжо войска Радзівіла. У час бітвы (гл. Лоеўская бітва 1651) некалькі тысяч казакоў, у т. л. і Н., былі забіты. У знак павагі да мужнасці Нябабы Радзівіл загадаў «над яго магілай зрабіць вялікі насып».
В.І.Мялешка.
т. 11, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Нябаба А. 2/262; 3/185, 533; 5/224; 7/548; 12/96
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1651,
бітва паміж войскамі ВКЛ і казацкім войскам у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай абароны паўн.-ўсх. межаў Украіны і Кіева ад войск ВКЛ Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева, да пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўская брама») 15-тыс. войска на чале з М.Нябабам. Гетман польны Я.Радзівіл, які ўзначальваў войска ВКЛ, 29 чэрв. падышоў да Рэчыцы і пачаў наступленне на Лоеў. У бітве, якая адбылася 6 ліп., загінулі сам Нябаба, амаль уся казацкая старшына, некалькі тыс. казакоў (частка ўзята ў палон). Потым Я.Радзівіл здзейсніў паход на Кіеў, які 4 вер. абаронцы здалі без бою. 28 вер. Украіна падпісала з Рэччу Паспалітай Белацаркоўскі дагавор 1651.
А.П.Грыцкевіч.
т. 9, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФЕАДА́ЛЬНАЯ ВАЙНА́ 1648—51 на Беларусі.
Народны антыфеад. рух на Беларусі супраць пануючага класа феадалаў у сярэдзіне 17 ст. пад уплывам паўстання на Украіне пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага перарос у антыфеадальную вайну. У падтрымку гэтага руху Хмяльніцкі паслаў на Беларусь казацкія атрады (загоны, у іх было шмат беларусаў) на чале з Галавацкім, Гладкім, І.Галотай, А.Нябабай і інш. Найб. актыўныя ваен. дзеянні адбыліся на Пд і ПдУ Беларусі. Летам і восенню 1648 казакі і сяляне-паўстанцы авалодалі Бабруйскам, Брагінам, Гомелем, Кобрынам, Мазыром, Пінскам і інш. Восенню 1648 сфарміраваны шляхецкія апалчэнні, якімі камандаваў польны гетман ВКЛ Януш Радзівіл, павялічана колькасць наёмнікаў. Каб ізаляваць бел. землі ад пранікнення казакоў, Радзівіл, сабраўшы 12—14 тыс. войска, накіраваў яго часткамі на чале з Мірскім, Валовічам і Я.Пацам да Пінска, Чачэрска і інш. гарадоў, захопленых паўстанцамі. У баі за Пінск загінула больш за 3 тыс. жыхароў, горад быў спалены, больш за 1500 паўстанцаў загінула ў баі за Чэрыкаў. На пач. 1649 урадавыя войскі вызвалілі ад казакоў і паўстанцаў Давыд-Гарадок, Тураў, Петрыкаў, Бабруйск і жорстка расправіліся з імі. У 1-й пал. 1649 войскі ВКЛ задушылі паўстанне. Летам 1649 на Беларусь зноў прыйшлі казацкія атрады Р.Гаркушы, С.Падабайлы, М.Крычэўскага і інш., да якіх далучаліся мясц. сяляне і гараджане. У баях загінулі казацкія атаманы Галота, М.Нябаба, Крычэўскі, Міхненка і інш. У ліп. адбылася Лоеўская бітва 1649. Ваен. дзеянні працягваліся да восені 1651. Пасля паражэння Б.Хмяльніцкага пад Берасцечкам і заключэння Белацаркоўскага дагавора 1651 казацкія атрады выведзены з Беларусі і вайна скончылася.
Літ.:
Похилевич Д.Л. Крестьяне Белоруссии и Литвы в XVI—XVIII вв. Львов, 1957;
Шуляковский Е.Г. Участие белорусского народа в освободительной войне 1648—1654 гг. // Вопр. истории. 1954. № 5.
т. 1, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)