БУ́РАЯ (Ірына Ігараўна) (н. 16.4.1958, г. Мінск),
бел. спартсменка (скораснае падводнае плаванне). Чэмпіёнка свету (1976 — падводнае плаванне з аквалангам на 100 і 400 м, ныранне на 50 м), Еўропы (1975 — плаванне з аквалангам на 100 м, ныранне на 25 м, эстафета 4 × 100 м — плаванне ў ластах), СССР (1976, 1977). Пераможца і прызёр міжнар. спаборніцтваў, неаднаразовая рэкардсменка свету (1975—77).
т. 3, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАМО́ЦЫЯ (ад лац. locus месца + motio рух),
перамяшчэнне, сукупнасць узгодненых рухаў у жывёл і чалавека, што забяспечваюць актыўнае і мэтанакіраванае перамяшчэнне ў прасторы. Адрозніваюць водную, паветраную і сухапутную Л., якія рэалізуюцца ў розных тыпах: бег (вынослівы, імклівы, скачкамі, цяжкі, таранны і інш.); лажанне; плаванне (рыбападобнае, брас, ныранне); палёт (парашутаванне, планіраванне); поўзанне; хадзьба (на 2 або 4 нагах) і інш. Тыпы Л. мяняліся і ўскладняліся ў працэсе эвалюцыі жывёл і вызначалі асаблівасці іх будовы. Паяўленне новых тыпаў Л. звязана з удасканальваннем рухальнага апарату, органаў пачуццяў і асабліва ц. н. с. Найб. складаная і разнастайная Л. ў пазваночных. Прагрэсіўныя змены Л. ў прыматаў (пераход да прамахаджэння і інш.) адыгралі важную ролю ў антрапагенезе.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ВАННЕ Ў ЛА́СТАХ,
від падводнага плавання з аквалангам, плаванне ў ластах, ныранне ў ластах у даўжыню; від падводнага спорту. Спаборніцтвы па плаванні з аквалангам праводзяцца на дыстанцыях 100, 400 і 800 м; па плаванні ў ластах — на 100, 200, 400, 800 і 1500 м і на марафонскія дыстанцыі 8000 м для мужчын і 6000 м для жанчын; па ныранні ў ластах — на 50 м, эстафеты 4 × 100 і 4 × 200 м. Сярод бел. спартсменаў найбольш значных вынікаў дасягалі І.Бурая, Л.Говарава, Т.Назарава, В.Зборшчык — чэмпіёнка СССР (1976, 1977), А.Аляшкевіч — сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1997), бронз. прызёр чэмпіянату свету (1998), А.Ашэйчык і С.Карунец — абс. чэмпіёны Беларусі (2000).
С.А.Патрыкееў.
т. 12, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ВАННЕ спартыўнае,
від воднага спорту. Аб’ядноўвае П. на спарт. дыстанцыі, падводнае (гл. Падводны спорт), сінхроннае (гл. Плаванне сінхроннае), гульнявое, прыкладное. Састаўная ч. пяцібор’я сучаснага і інш. мнагабор’яў. П. на спарт. дыстанцыі ўключае спаборніцтвы на дыстанцыі ад 50 да 1500 м спосабамі кроль, кроль на спіне, брас, батэрфляй (дэльфін). Гульнявое П. — розныя рухомыя гульні (воднае пола і інш.). Прыкладное П. — ныранне ў даўжыню і на глыбіню, ратаванне тапельца, пераадоленне водных перашкод.
Вядома са стараж. часоў як практычнае і ваенна-практычнае умельства. Як від спорту ўзнікла на мяжы 15—16 ст., сфарміравалася да канца 19 ст. 1-ы чэмпіянат Еўропы адбыўся ў 1890. З 1896 у праграме Алімп. гульняў. Міжнар. аматарская федэрацыя П. арганізавана ў 1908, Еўрап. ліга П. — у 1924. 1-ы чэмпіянат свету праведзены ў 1973 (Бялград).
На Беларусі афіц. спаборніцтвы па П. праводзяцца з 1924. У 1936 у Мінску пабудаваны першы плавальны басейн. 1-ы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1927 (г. Гомель). У рэспубліцы працуюць каля 70 крытых плавальных басейнаў, у т. л. воднаспартыўны камбінат. Сярод бел. спартсменаў найб. поспехаў дасягнулі А.Гукаў, С.Каплякоў, А.Рудкоўская, Э.Васількова — сярэбраны і бронз. прызёр XXII Алімп. гульняў (1980), Н.Бараноўская — бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1999), І.Ларычава — чэмпіёнка СССР (1981) і інш.
А.М.Петрыкаў.
т. 12, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)