Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕРА́СКАЎ Міхаіл Мацвеевіч (5.11.1733, г. Пераяслаў-Хмяльніцкі, Кіеўская вобл., Украіна — 9.10.1807),
рускі пісьменнік. Скончыў Сухапутны шляхецкі корпус у Пецярбургу (1751). У 1763—1802 (з перапынкамі) дырэктар, потым куратар Маскоўскага ун-та. У творчасці Х. — буйнейшага прадстаўніка рус. класіцызму — абазначыўся рух да сентыменталізму. Эпічная паэма «Расіяда» (1779) — пра заваяванне Іванам IV Казанскага ханства. Лірыка Х. разнастайная па жанрах, медытатыўная, прапаведуе ўмеранасць, ціхае жыццё на ўлонні прыроды. Аўтар філас.-павучальных раманаў «Нума Пампілій, або Працвітаючы Рым» (1768), «Кадм і Гармонія» (1786), трагедыі «Венецыянская манахіня» (1758), камедыі «Ненавіснік» (1779), «слёзных драм» «Сябар няшчасных» (1774) і «Мілана» (1798), паэм «Храм Славы» (1761), «Сусвет» (1790) і «Пілігрымы» (1795), паэмы-казкі «Бахарыяна» (1803) і інш.
Тв.:
Избр. произв. Л., 1961.
т. 17, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДЭ́ (Daudet) Альфонс (13.5.1840, г. Нім, Францыя — 16.12.1897),
французскі пісьменнік. Ураджэнец Праванса, ён ужо ў першых творах, якія зрабілі яго імя вядомым (зб. вершаў «Закаханыя», 1858; аўтабіягр. раман «Малы», 1868; зб. апавяданняў і нарысаў «Пісьмы з майго млына», 1869), з тонкім лірызмам і мяккім гумарам расказаў пра побыт, норавы, звычаі, паданні сваіх землякоў, з любоўю намаляваў вобраз «маленькага чалавека». На правансальскім матэрыяле напісана і вядомая сатыр. трылогія пра Тартарэна («Незвычайныя прыгоды Тартарэна з Тараскона», 1872; «Тартарэн у Альпах», 1885; «Порт Тараскон», 1890). У вобразе гал. героя ён высмеяў дробнага буржуа, правінцыяльнага абывацеля, фразёра і хвалько. У сац. раманах 1870—80-х г. з гіст. і амаль дакументальнай канкрэтнасцю, паказаў сучасную яму Францыю, стварыў трапныя сатыр. вобразы драпежных дзялкоў і паліт. авантурыстаў («Фрамон малодшы і Рыслер старэйшы», 1874; «Набоб», 1877; «Каралі ў выгнанні», 1879), прадажных журналістаў і рэліг. фанатыкаў («Нума Руместан», 1881; «Евангелістыка», 1883), бяздарных артыстаў і лжэвучоных («Сафо», 1884; «Бессмяротны», 1885). Аўтар п’ес («Арлезіянка», 1872, і інш.), успамінаў.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—7. М., 1965.
Літ.:
История всемирной литературы. Т. 7. М., 1990.
Т.У.Кавалёва.
т. 6, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)