МІ́КСЕР (англ. mixer змяшальнік),

1) апарат для прыгатавання кактэйляў, крэмаў, пюрэ, мусаў і інш. Прадукты змешваюцца, збіваюцца або здрабняюцца ў поліэтыленавай ці шкляной пасудзіне мяшалкамі або нажамі, што прыводзяцца ў вярчэнне электрарухавіком.

2) М. у металургіі — цыліндрычная або бочкападобная стальная пасудзіна, выкладзеная ўнутры вогнетрывалай цэглай і прызначаная для назапашвання і захоўвання вадкага доменнага чыгуну. У М. адбываецца выраўноўванне хім. саставу і т-ры чыгуну, выдаленне з яго серы. Бываюць актыўныя — з абагрэвам (што садзейнічае частковаму выдаленню дамешкаў) і неактыўныя — без абагрэву. Умяшчальнасць да 2500 т.

Металургічны міксер: 1 — носік для зліву чыгуну; 2 — гарлавіна для заліўкі чыгуну; 3 — механізм нахілу.

т. 10, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУГАВА́Я ПЕЧ,

прамысловая электрычная печ, у якой плавяць металы і інш. матэрыялы цяплом электрычнай дугі. Бываюць прамога дзеяння (дуга гарыць паміж электродамі і металам, што награваецца), ускоснага (непрамога) дзеяння (дуга гарыць паміж электродамі на пэўнай адлегласці ад матэрыялу) і з закрытай дугой (яна гарыць пад слоем цвёрдай шыхты, куды ўстаўлены электроды).

Найб. пашыраны Д.п. прамога дзеяння для выплаўкі сталі (ёмістасць да 400 т) і печы з закрытай дугой для выплаўкі каляровых сплаваў, ферасплаваў, электракарунду і інш. Ёсць таксама вакуумныя Д.п. з расходавальным электродам (яго робяць з металу, які пераплаўляецца) і з нерасходвальным (з вальфраму або графіту). Такія печы выкарыстоўваюцца для вакуумна-дугавога пераплаву металаў і сплаваў. Нагрэў і плаўленне металаў плазменнай дугой ажыццяўляецца ў плазменна-дугавых печах.

Электрасталеплавільная дугавая печ прамога дзеяння: 1 — кажух; 2 — метал; 3 — зліўны носік; 4 — купалападобнае скляпенне (перад загрузкай шыхты паднімаецца і адводзіцца ўбок); 5 — электроды.
Схема вакуумнай дугавой печы з расходавальным электродам: 1 — вакуумная камера; 2 — электрод; 3 — крышталізатар; 4 — злітак, які наплаўляецца.

т. 6, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)