ГЕБРЫ́ДСКІЯ АСТРАВЫ́, Гебрыды (Hebrides),
архіпелаг у Атлантычным ак., у складзе Брытанскіх а-воў; тэр. Вялікабрытаніі. Уключае каля 500 астравоў. Пл. 7,5 тыс. км². Выш. да 1009 м (г. Кулін-Хілс на в-ве Скай). Падзяляюцца Гебрыдскія астравы на Унутраныя і Знешнія пралівамі Норт-Мінч, Літл-Мінч і Гебрыдскім м. Да Унутраных Гебрыдскіх астравоў адносяцца а-вы: Скай, Мал, Айлей, Джура, Рам і інш. Пераважае моцна расчлянёны нізкагорны рэльеф (200—600 м). На Знешніх Гебрыдскіх астравах — Льюіс, Норт-Уіст, Саўт-Уіст, Бара і інш. — пашыраны цокальныя нізіны (100—150 м), складзеныя з гнейсаў. Лававыя палі, шматлікія сляды зледзяненняў (трогі, кары). Клімат марскі вільготны. Т-ры студз. -6 °C, ліп. 12—14 °C; ападкаў 1000—2000 мм за год. Лугі, месцамі аголеныя схілы, верасовыя зараснікі, тарфянікі. Рыбалоўства. Авечкагадоўля. Вытв-сць шарсцяных тканін. Турызм.
т. 5, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́НЖАВАЯ
(Oranje, Orange),
рака на Пд Афрыкі, у Лесота, ПАР і Намібіі. Даўж. 1860 км, пл. бас. 1020 тыс. км². Пачынаецца ў масіве Монт-а-Сурс (Драконавы горы) у Лесота пад назвай Сінку на выш. больш за 3000 м. Перасякае засушлівую вобласць. Высокі Велд, плато Кап, дзе цячэ ў цясніне. У верхнім і сярэднім цячэнні парогі і вадаспады (Аўграбіс і інш.). Апошнія 100 км цячэ па раўніне, упадае ў Атлантычны ак., утварае бар (пясчаны падводны вал). Гал. прытокі — Каледан і Вааль. Паўнаводная з ліст. да сакавіка. У межах Высокага Велда часам амаль перасыхае. Сярэдні расход вады 800 м³/с. Гадавы сцёк каля 15 км³ (моцна мяняецца па гадах). Выкарыстоўваецца на водазабеспячэнне і арашэнне (пабудаваны арашальныя сістэмы). ГЭС. На Аранжавай буйныя гарады: Алівал-Норт, Прыска, Апінгтон (ПАР).
З.Я.Андрыеўская.
т. 1, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́Н
(Washington),
штат на ПнЗ ЗША у групе Ціхаакіянскіх штатаў. На Пн мяжуе з Канадай. Пл. 182,9 тыс. км². Нас. 5255 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — г. Алімпія. Буйныя гарады Сіэтл, Спакан, Такома, Эдмандс, Белінгхем. На З штата ўздоўж узбярэжжа Берагавыя хрыбты, на У ад іх Каскадныя горы, паміж імі ўпадзіна зал. П’юджэт-Саўнд. На ПдУ Калумбійскае лававае плато. Клімат на З марскі, на У кантынентальны. На З сярэдняя т-ра студз. 4 °C, ліп. 16—17 °C, ападкаў 2000 мм за год; на У т-ра студз. каля -3 °C, ліп. 20—23 °C, ападкаў 400—500 мм. Рэкі горныя, багатыя запасамі гідраэнергіі, найб. Калумбія (мае ⅓ патэнцыяльных гідраэнергарэсурсаў ЗША) з прытокам Снейк. У гарах хвойныя лясы (дугласія і інш.), на плато — лесастэп. Пл. лясоў 10,1 млн. га (2-е месца сярод штатаў пасля Аляскі). Карысныя выкапні: медзь, цынк, золата, серабро, магнезіт. Развіта авіякасм. (з-ды Боінг у Сіэтле і яго прыгарадах), суднабуд., дрэваапр., хім., харч., цэм., атамная прам-сць. Значныя лесанарыхтоўкі. Буйныя ГЭС, у т. л. самая вял. ў ЗША Гранд-Кулі. Больш за 1000 плацін і дамбаў. Каляровая металургія (асабліва выплаўка алюмінію). У сельскай гаспадарцы каля 67% даходаў дае раслінаводства. Штат вылучаецца зборамі яблыкаў, груш, абрыкосаў, персікаў, вішань, вінаграду, малін, агародніны, хмелю. Значныя зборы пшаніцы (2,8 млн. т; 1992), бульбы, сачавіцы, сеяных траў. На ўзбярэжжы малочная жывёлагадоўля, у гарах авечкагадоўля. Рыбалоўства. Аўтадарог 79,4 тыс. км (1993). Марскія парты Сіэтл, Такома, Ванкувер (у ніжнім цячэнні р. Калумбія). Значнае індзейскае насельніцтва і некалькі рэзервацый. Нац. паркі Маўнт-Рэйнір, Алімпік, Норт-Каскейдс. Турызм.
М.С.Вайтовіч.
т. 4, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)