НО́РАВЫ,

прынятыя ў грамадстве або калектыве ўстойлівыя ўзоры паводзін; звычаі, якія склаліся ў працэсе гіст. развіцця і маюць маральную каштоўнасць. Паняцце «Н.», блізкае да паняццяў нормы маральныя, норма паводзін, звычайна выкарыстоўваецца пры характарыстыцы ладу жыцця пэўнага грамадства. Да Н. належаць і звычаі, якія супярэчаць патрабаванням маралі і маюць адмоўную маральную каштоўнасць. Пры ўздыме ўзроўню цывілізацыі і павышэнні маральнасці грамадства Н. змякчаюцца, пры дэмаралізацыі грамадства, сац. катаклізмах адбываецца іх агрубенне (павышэнне колькасці актаў насілля, узнікненне бязлітаснасці і інш.).

т. 11, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́ЕЎ (Алі Кара аглы) (27.11.1901, с. Агулі Сісіянскага р-на, Арменія — 2.11.1983),

азербайджанскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Азербайджана (1974). Друкаваўся з 1924. Аўтар раманаў «Гахраман» (1941), «У нашым Чычаклі» (1951), «Дарога ў Тураджлы» (1958—59), аповесці «Гюльшэн» (1949), у якіх жыццё, побыт і норавы азерб. вёскі. Аўтабіягр. раман. «Успаміны Будага» (кн. 1 — 2, 1963—64).

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАСЛО́ЎСКІ (Міхаіл Міхайлавіч) (25.3.1867, Масква — 20.4.1929),

расійскі гісторык. Акад. АН СССР (1921). Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). З 1911 праф. гэтага ун-та. Вучань В.В.Ключэўскага. Даследаваў гісторыю Расіі 18 ст. ў працах «Быт і норавы рускага дваранства ў першай палавіне XVIII ст.» (1906), «Пётр Вялікі і яго рэформа» (1920), «Пётр I. Матэрыялы для біяграфіі» (т. 1—5, 1940—48) і інш. Быў сакратаром Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцяў расійскіх, старшынёй Рус. гіст. Т-ва.

т. 2, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАМО́ЛЕЦ ((Bohomolec) Францішак) (29.1.1720, Віцебшчына — 24.4.1784),

польскі драматург, публіцыст. Па паходжанні лічыў сябе «русаком». Вучыўся ў Віленскай акадэміі. У 1760—70-я г. рэдагаваў у Варшаве шэраг перыяд. выданняў, дзе змяшчаў матэрыялы з Беларусі. Аўтар больш як 20 камедый для школьнага тэатра («Хітры гаспадар», «Модныя кавалеры», «Польскі парыжанін» і інш.), у якіх з пазіцый памяркоўнага Асветніцтва крытыкаваў норавы Рэчы Паспалітай, заганы сталічнай і правінцыяльнай шляхты. У камедыях шмат беларусізмаў. Збіраў бел. прыказкі і прымаўкі, якімі хацеў папоўніць зборнік С.Рысінскага. Сваімі пераробкамі Мальера аказаў уплыў на бел. і польск. драматурга М.Цяцерскага.

А.В.Мальдзіс.

т. 2, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́РМІ ((Germi) П’етра) (14.9.1914, г. Генуя, Італія — 5.12.1974),

італьянскі кінарэжысёр, акцёр, сцэнарыст. Скончыў Эксперым. кінацэнтр у Рыме. Сацыяльна-крытычныя фільмы «Аблудная моладзь» (1947), «У імя закону» (1949, у сав. пракаце «Пад небам Сіцыліі»), «Дарога надзеі» (1950), «Горад абараняецца» (1951), «Машыніст» (1956) і «Бесхарактарны мужчына» (1958, у апошніх сыграў гал. ролі) паставілі Дж. ў лік найб. значных майстроў неарэалізму. Карысталіся поспехам яго сатыр. трагікамедыі пра сіцылійскія норавы: «Развод па-італьянску» (1961), «Спакушаная і пакінутая» (1964), «Альфрэда, Альфрэда» (1971) і вясёлая і гарэзлівая камедыя «Серафіна» (1969).

т. 6, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГУШ-СЕСТРАНЦЭ́ВІЧ (Станіслаў Станіслававіч) (1869, Вільня — 1927),

бел. графік і жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1889—94). Шмат падарожнічаў па Беларусі і Літве. У жанравых творах адлюстроўваў побыт бел. і літоўскіх сялян і гараджан, высмейваў норавы мяшчан. Аўтар карцін «Баль у Мінску», «Прачкі», графічных лістоў «У мястэчку», «Злоўлены жывым», «Праца ў фальварку», «Цыганы» і інш., анімалістычных малюнкаў («Стаеннік», «Бегавы конь» і інш.), іл. да апавядання Э.Ажэшкі «Гэдалі» (1907). Удзельнік выставак Пецярбургскага т-ва мастакоў (1890—1900) і мастацкіх у Мінску (1911).

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЗІ́РАЎ (Наджаф-бек Фаталі-бек аглы) (17.2.1854, г. Шуша, Нагорны Карабах — 9.7.1926),

азербайджанскі драматург. Адзін з заснавальнікаў нац. тэатра. Скончыў Пятроўскую с.-г. акадэмію ў Маскве (1878). Вывучаў рус. і зах.-еўрап. л-ру. Аўтар п’ес пра жыццё і норавы азерб. сялян, памешчыкаў, бурж. дзялкоў канца 19 — пач. 20 ст. (камедыі «Мяса табе, а косці мне», 1873; «З-пад дажджу ды ў лівень», 1895; «Героі нашых дзён», 1898; трагедыя «Гора Фахрэдзіна», 1896, і інш.). Вял. ўплыў на яго творчасць зрабілі п’есы А.М.Астроўскага. У фельетонах, публіцыст. артыкулах выкрываў коснасць, рэліг. фанатызм, прапагандаваў навуку і асвету.

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЙКІН (Мікалай Аляксандравіч) (19.12. 1841, С.-Пецярбург — 19.1.1906),

рускі пісьменнік-гумарыст, журналіст. Вучыўся ў Пецярбургскім рэфарматарскім вучылішчы (1853—58). Друкаваўся з 1860. Асн. тэма шматлікіх апавяданняў, нарысаў, сцэнак, п’ес, аповесцей, раманаў — норавы пецярбургскага купецтва і чыноўніцтва, асн. жанр — сцэнкі. Нават яго раманы («Стукін і Хрустальнікаў. Банкавая эпапея», 1886; «Сатыр і німфа», 1888, і інш.) уяўляюць сабой шэраг сцэн, звязаных агульнасцю герояў і фабулы. У 1881—1905 — рэдактар-выдавец гумарыстычнага час. «Осколки», у які прыцягнуў многіх б. супрацоўнікаў час. «Искра» і А.Чэхава.

Тв.:

Повести, рассказы и драматические сочинения. Т. 1—2. СПб., 1871.

т. 9, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНАНО́С ((Bernanos) Жорж) (20.2.1888, Парыж — 5.7.1948),

французскі пісьменнік і публіцыст. У 1906—13 вучыўся ў Сарбоне і парыжскім Каталіцкім ін-це. У раманах «Пад сонцам сатаны» (1926; рус. пер. 1978), «Падман» (1927), «Радасць» (1929), «Дзённік сельскага святара» (1936; рус. пер. 1978), «Новая гісторыя Мушэты» (1937; рус. пер. 1978), «Спадар Уін» (1943) і інш. раскрыў крызіс «еўрап. душы» (бязвер’е, спустошанасць, індывідуалізм чалавека, пакінутага Богам), норавы клерыкальных колаў, з рэліг.-этычных (каталіцкіх) пазіцый крытыкаваў тагачасную рэчаіснасць. Аўтар публіцыст. кн. «Вялікі страх добрапрыстойных» (1931), «Вялікія могілкі пад месяцам», памфлета «Мы, французы» і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Дневник сельского священника;

Господин Уин: Романы. М., 1993;

Сохранять достоинство: Худож. публицистика. М., 1988.

т. 3, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРТ, Харт (Harte) Фрэнсіс Брэт (25.8.1836, г. Олбані, штат Нью-Йорк, ЗША — 5.5.1902), амерыканскі пісьменнік. Быў золаташукальнікам, журналістам. Вядомасць яму прынеслі «Каліфарнійскія апавяданні» (1857—71), у якіх адлюстраваў каліфарнійскую «залатую ліхаманку», быт і норавы разнашэрснага племені старацеляў. Навелы Гарта адметныя спалучэннем мясц. каларыту, фалькл. элементаў, гумару з рэалістычным поглядам на свет і рамантычным яго ўспрыманнем. Аўтар аповесці «Мліс» (1860), раманаў (у т. л. «Габрыэл Конрай», 1875—76), зб. «Усходнія і заходнія вершы» (1871), кн. літ. пародый «Раманы ў сціслым пераказе» (1867) і інш.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—6. М., 1966;

Находка в Сверкающей Звезде: Рассказы;

История одного рудника: Повесть. М., 1991;

Гэбриель Конрой: Роман. М, 1993

Літ.:

Лидский Ю. Писатель-реалист Брет Гарт. Киев, 1961.

т. 5, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)