Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НОМ (ад грэч. nomos вобласць, акруга),
1) адміністрацыйная акруга ў Стараж. Егіпце. Уяўляе сабой паліт. аб’яднанне, неабходнае для ўтварэння і функцыянавання адзінай ірыгацыйнай сістэмы. Кожны Н. меў дакладна вызначаныя межы, паліт. і рэліг. цэнтр, войска, герб і багоў-апекуноў. Адм. апаратам кіраваў намарх (правіцель Н.). Колькасць Н. і іх плошча не былі пастаяннымі. У спісах Н. Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) у храмах фараонаў Снофру і Неусера пералічаны 37 Н. У «Кнізе мёртвых» (стараж.-егіп. зборнік заклінанняў і гімнаў) названы 42 багі, што адпавядала 42 Н. Новага царства (каля 1580 — каля 1070 да н.э.).
2) Адм.-тэр. адзінка ў сучаснай Грэцыі (52 у 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТЫКА (Attikē),
Старажытная, вобласць у сярэдняй Грэцыі. Першыя жыхары прыйшлі ў Атыку каля 1900 да нашай эры. Займаліся земляробствам, вырошчвалі вінаград і аліўкі, на горных пашах гадавалі авечак і козаў. Значныя запасы жалеза, серабра, мармуру, солі, гліны спрыялі развіццю рамёстваў. Геагр. размяшчэнне на ўзбярэжжы мора, зручныя гавані, патрэба прывозіць збожжа садзейнічалі развіццю марскога гандлю, засяленню берагавой паласы. Да 5 ст. да нашай эры Атыка ператварылася ў самую развітую вобласць Грэцыі (гл.Афіны Старажытныя). У сучаснай Грэцыі Атыка — адм.-тэр. адзінка (ном) з цэнтрам у Афінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕО́ТЫЯ (Boiōtia),
старажытная вобласць у Сярэдняй Грэцыі. Першыя дзярж. ўтварэнні на яе тэр. адносяцца да 3—2-га тыс. да н.э. З 6 ст. да н.э. тут існавала федэратыўная дзяржава (у яе аснове саюз беатыйскіх гарадоў) на чале з Фівамі. У 4 ст. пры Пелапідзе і Эпамінондзе (лідэры фіванскай дэмакратыі) беатыйскі саюз — найб.паліт. сіла ў Грэцыі. Войны са Спартай (378—362 да н.э.) прывялі да аслаблення саюза і страты яго значэння. У 338 да н.э. саюз гарадоў Беотыі распаўся, у 3—2 ст. да н.э. зноў адноўлены. Пасля рымскага заваявання Грэцыі (2 ст. да н.э. — 4 ст.н.э.) гарады Беотыі прыйшлі ў заняпад і іх саюз распаўся канчаткова. У сучаснай Грэцыі тэр. Беотыі — ном (адм. адзінка) з той жа назвай (цэнтр Левадыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЫНГАВА МО́РА,
паўзамкнёнае мора Ціхага ак. паміж Азіяй на З, Паўн. Амерыкай на У, Алеуцкімі і Камандорскімі а-вамі на Пд. Берынгавым прал. злучана з Чукоцкім м.Пл. 2315 тыс.км², найб.глыб. 5500 м. Залівы: Анадырскі, Брыстольскі, Нортан, Алютарскі. Самыя вял. а-вы: Св. Лаўрэнція, Нунівак, Прыбылова, Карагінскі. Берагі моцна парэзаныя, усх. — нізінныя, зах. — пераважна гарыстыя. Упадаюць рэкі Анадыр і Юкан. Клімат на Пн арктычны і субарктычны з адметнымі рысамі кантынентальнасці, на Пд умераны марскі. Т-ра паверхневых водаў у лютым на Пд 2 °C, на Пн ніжэй за -1 °C, у жніўні 5—6 °C на Пн і 9—10 °C на Пд. Большую ч. года ўкрыта плывучымі льдамі. Салёнасць 28—33‰. Прылівы на ПнЗ паўсутачныя, на астатняй плошчы — няправільныя паўсутачныя (да 8,3 м у Брыстольскім зал.). Берынгаву мору ўласціва з’ява свячэння мора. Рыбалоўства (ласасёвыя, камбала, селядзец, сайра, мінтай); промысел марскіх коцікаў, цюленяў. На берагах і астравах птушыныя «базары». Гал. парты: Анадыр, Правідзення (Расія), Ном (ЗША). Названа ў гонар В.Берынга.