НО́БЕЛІ (Nobel),

шведскія вынаходнікі, прадпрымальнікі і прамыслоўцы. Паходзілі са стараж. швед. роду Рудбекаў, адзін з прадстаўнікоў якога ў 1682 змяніў прозвішча на Нобеліус (пазней трансфарміравалася ў Нобель) па назве мяст. Нёбёлеў, дзе жыў род. Эмануэль (24.3.1801—3.9.1872), вынаходнік падводных мін. Бацька Людвіга, Роберта, Эміля і А.Б.Нобеля. У 1842—59 жыў з сям’ёй у С.-Пецярбургу, дзе заснаваў мех. з-д. У час Крымскай вайны 1853—56 пастаўляў рас. войскам узбраенне і міны. Людвіг (27.7.1831, Стакгольм — 12.4.1888), канструктар станкоў, нафтапрамысловец, інжынер-тэхнолаг. Ператварыў заснаваны бацькам з-д у буйны маш.-буд. з-д «Людвіг Н.» (цяпер «Рускі дызель» у С.-Пецярбургу). У 1876 разам з братамі Робертам і Альфрэдам заснаваў нафтапрамысловае прадпрыемства ў Баку (з 1879 «Т-ва братоў Нобель»), якое стала найбуйнейшай нафтафірмай у Рас. імперыі. Увёў транспарціроўку нафты па трубаправодах, упершыню ў свеце выкарыстаў марскія і рачныя нафтаналіўныя судны. Эмануэль (22.6.1859—31.5.1932), сын Людвіга. У 1888—1917 узначальваў прадпрыемствы сям’і Н. у Расіі. З 1918 у Швецыі.

т. 11, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПІСЦО́ВАЯ КНІ́ГА ПІ́НСКАГА І КЛЕ́ЦКАГА КНЯ́СТВАЎ»

(«Писцовая книга Пинского и Клецкого княжеств, составленная пинским старостою Станиславом Хвальчевским в 1552—1555 гг.»),

дакументацыя валочнай памеры сярэдзіны 16 ст. ў Пінскім і Клецкім княствах каралевы польскай і вял. княгіні ВКЛ Боны, выдадзеная Віленскай археаграфічнай камісіяй у 1884. Арыгінальная назва кнігі, якая захоўвалася ў Віленскім цэнтр. архіве стараж. актаў — «Рэестр памеры зямель на валокі паветаў і таксама княстваў Пінскага, Клецкага...» (на польск. мове). Валочная памера праведзена па загадзе Боны старостам бел. уладанняў каралевы С.​Хвальчэўскім і інш. ў Пінску, Моталі, Нобелі, Клецку, Сіняўцы, у велікакняжацкіх дварах і сёлах Пінскага і Клецкага княстваў (паветаў), Вядскай воласці. Пералічаны сял. гаспадаркі з пазначэннем прозвішчаў гаспадароў і памераў зямельных надзелаў. Асобна ў «Рэестры» вылучаны раздзелы з апісаннем замены некат. зямель правасл. і каталіцкіх святароў і шляхты на гаспадарскія землі, праведзенай для ліквідацыі цераспалосіцы. Выданне забяспечана прадмовай К.​І.​Сніткі, дзе дадзена характарыстыка помніка і валочнай памеры ў ВКЛ.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)