НЕРУХО́МАСЦЬ у праве,

зямля і інш. прыродныя ўгоддзі, якія знаходзяцца ва ўласнасці фіз. і юрыд. асоб, інш. маёмасныя правы на зямлю, а таксама ўсялякая інш. маёмасць, прымацаваная да зямлі і цесна звязаная з ёю (будынкі, збудаванні, заводы і інш.). Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь ва ўласнасці грамадзян могуць знаходзіцца жылыя дамы, дачы, садовыя домікі, зямельныя ўчасткі, сродкі вытв-сці для вядзення сял. гаспадаркі, індывідуальнай і інш. гасп. дзейнасці. Да Н. можа быць аднесена і інш. маёмасць: прадпрыемствы, маёмасныя комплексы ў сферы вытв-сці тавараў, быт. абслугоўвання, гандлю і ў інш. сферах прадпрымальніцкай дзейнасці, збудаванні, абсталяванне, трансп. сродкі і да т.п. Закон не абмяжоўвае ні колькасці, ні кошту маёмасці, набытай за кошт прац. даходаў грамадзян, акрамя маёмасці, што знаходзіцца ў выключным валоданні дзяржавы.

т. 11, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІНАСПЕРМІ́Я (ад а... + грэч. kineō прыводзіць у рух + sperma семя),

поўная нерухомасць жывых сперматазоідаў у сперме і няздольнасць іх да апладнення.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУ́ПАР (ад лац. stupor здранцвенне, нерухомасць),

стан нерухомасці з аслабленымі рэакцыямі на раздражненне, прыгнечванне псіхічнай актыўнасці чалавека. Адно з найб. цяжкіх псіхапаталаг. расстройстваў, якія ўзнікаюць пры розных псіхічных хваробах. Праяўляецца зніжэннем усіх відаў адчувальнасці, нерухомасцю, мутызмам (адсутнасцю моўных зносін з людзьмі).

т. 15, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-КАРЭ́ЙСКІ ДАГАВО́Р 1884.

Паводле падпісанага ў Сеуле 7 ліпеня дагавора паміж Расіяй і Карэяй устанаўліваліся дыпламат, адносіны, наладжваліся рэгулярныя суднаходныя рэйсы паміж рас. і кар. партамі; рас. падданыя атрымалі права перамяшчэння і гандлю на тэр. Карэі, права набываць нерухомасць у вызначаных кар. партах (Вансан, Пусан, Інчхон).

т. 13, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЬБО́ВАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ,

раздымнае злучэнне дэталей з дапамогай разьбы. Забяспечвае адносную нерухомасць злучаных дэталей машын, прылад, апаратаў ці механізмаў. Да асн. частак Р.з. адносяцца балты, вінты і інш. крапежныя дэталі, ад канструкцыі і дакладнасці вырабу якіх залежаць трываласць і даўгавечнасць злучэння. Р.з. выкарыстоўваецца таксама ў некаторых механізмах (напр., дамкраты), машынах (вінтавыя прэсы і інш.).

т. 13, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЗ (ад грэч. stasis стаянне, нерухомасць),

застой, спыненне паступлення фізіял. змесціва ў прасвеце якога-н. трубчастага органа. Напр., С. крыві — гемастаз (часцей капілярны або вянозны), мачавы С., лімфастаз. Узнікае пад уздзеяннем хім. або фіз. фактараў, ядаў бактэрый, пры парушэнні інервацыі сасудаў, змене саставу крыві і інш. Стойкі гемастаз прыводзіць да некрозу тканак.

т. 15, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОТАСКЛЕРО́З, отаспангіёз,

захворванне вуха, у аснове якога ляжыць анкілоз стрэмечка. Пры О. адбываецца акасцяненне кольцападобнай звязкі падножнай пласцінкі стрэмечка (адной з 3-х костачак гукаправоднага апарата сярэдняга вуха, які перадае ваганні барабаннай перапонкі да вадкасцей унутр. вуха), потым настае яго нерухомасць. Часцей О. пашкоджвае абодва вухі. Прыкметы: паніжэнне слыху (скачкападобна), пастаянны шум у вушах (нават перашкаджае сну), на позніх стадыях пашкоджваюцца рэцэптары слыхавога нерва. Лячэнне хірургічнае.

І.​А.​Склют.

т. 11, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКІЛО́З (ад грэч. ankylos крывы, сагнуты),

поўная нерухомасць сустава пры паталагічных зменах яго тканак. Адрозніваюць анкілозы касцявыя (касцявое зрастанне сустаўных паверхняў паміж сабой), пазасустаўныя (утварэнне касцявой перамычкі за кошт акасцянення мяккіх тканак вакол сустава; сустаўная шчыліна пры гэтым захавана), фіброзныя (утварэнне рубцовых спаек паміж сустаўнымі паверхнямі). Пры касцявым і пазасустаўным анкілозе вобласць нерухомага сустава пры функцыян. нагрузцы (хадзе) бязбольная, пры фіброзным — узмоцненая нагрузка выклікае боль у суставе. Развіваецца ад раненняў, закрытых пераломаў касцей у суставе, ад запалення (туберкулёз, ганарэя і інш.), працяглай нерухомасці сустава. Лячэнне хірург. і фізіятэрапеўтычнае.

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦЯРБУ́РГСКІ ДАГАВО́Р 1881,

расійска-кітайскі дагавор аб зах. участку рас.-кіт. граніцы. Падпісаны 12 лют. ў Пецярбургу. Паводле П.д. да Рас. імперыі адыходзіла зах. ч. Ілійскага краю, акупіраванага рас. войскамі ў 1871, усх. ч. з г. Кульджа вярталася Кітаю, жыхары краю мелі права выбраць рас. або кіт. падданства з далейшым перасяленнем на кіт. або рас. тэрыторыю. Кітай абавязваўся выплаціць Расіі 9 млн. руб. як кампенсацыю за ваен. выдаткі па акупацыі краю. Расія атрымала права адкрыць дадатковыя консульствы на тэр. Кітая, а рас. гандляры — права набываць у Кітаі нерухомасць.

т. 12, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАТЭ́КА (ад грэч. hypothēkē залог, заклад),

від залогу нерухомай маёмасці (землі, прадпрыемствы, пабудовы і інш. аб’екты, звязаныя з зямлёй) з мэтай атрымання грашовай пазыкі (крэдыту). Выкарыстанне І. забяспечвае выкананне абавязацельстваў, звязаных з перадачай даўжніком-залогадавальнікам крэдытору-залогатрымальніку нерухомай маёмасці. Пры невыкананні даўжніком свайго абавязацельства крэдытор мае права задаволіць свае патрабаванні за кошт маёмасці даўжніка. Залогадавальнік павінен быць уласнікам маёмасці, якая закладваецца. Выкарыстанне І. немагчыма пры адсутнасці права ўласнасці на зямлю, права ўладання, распараджэння і карыстання ёю. У краінах з развітой рыначнай эканомікай І. вельмі пашырана ў сельскай гаспадарцы, выкарыстоўваецца фіз. і юрыд. асобамі. І. прадугледжвае неабходнасць пагашэння крэдытаў, вяртанне запазычанасці. Уладальнік, аддаючы сваю нерухомасць пад залог, фактычна з’яўляецца не яе ўласнікам, а арандатарам. Нявыплата па крэдыце пазычальнікам у тэрмін запазычанасці (несвоечасовае вяртанне крэдыту) цягне за сабой страту закладзенай маёмасці, перадачу яе інш. ўласніку або вяртанне выдадзенага крэдыту з выручаных ад яго продажу сродкаў.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)