род млекакормячых жывёл сям. цюленевых атр. ластаногіх. Часам Н. уключаюць як падрод у род цюленяў звычайных (Phoca). 3 віды. Н. кольчатая, або акіба (P. hispida), пашырана ва ўмераных і халодных водах Атл. і Ціхага ак. і ў Паўн. Ледавітым ак. 1 падвід (P.h.saimensis) з воз. Сайма (Фінляндыя) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Н. каспійская, або каспійскі цюлень (P. caspica), жыве ў Каспійскім м., Н. байкальская, або байкальскі цюлень (P. sibirica), — у воз. Байкал. Размнажаюцца на льдах, утвараюць скопішчы.
Даўж. да 1,5 м, маса да 100 кг. Валасяное покрыва густое і высокае. На спіне цёмныя плямы або светлыя кольцы (акрамя Н. байкальскай), часам афарбоўка футра аднатонная. Кормяцца рыбай, ракападобнымі. Ныраюць да глыб. 90 м. Нараджаюць 1 дзіцяня (бялёк). Аб’екты абмежаванага промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЕРАБО́ЙНЫ ПРО́МЫСЕЛ,
здабыча марскіх звяроў (цюленяў, нерпы, марскога коціка і інш.). Прадукцыя — футравая і гарбарная сыравіна, мяса (на корм пушным звярам), цюленевы тлушч, унутраныя органы (печань, эндакрынныя залозы і інш.) для вытворчасці вітамінаў і некаторых фармакалагічных прэпаратаў. Промысел цюленяў вядуць Расія ў Белым, Грэнландскім, Ахоцкім, Берынгавым і Каспійскім м., Нарвегія — у раёне Ньюфаўндленда і Грэнландскім м., Канада — у раёне Ньюфаўндленда, Данія — у раёне Грэнландыі. Промысел марскога коціка ЗША вядзе на лежбішчах в-ва Прыбылова, Расія — на а-вах Камандорскіх, Цюленевых, Сахалін. Кітабойны промысел з 1989 забаронены Міжнар. кітабойнай камісіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ЗЯМЛЯ́,
архіпелаг у Паўн. Ледавітым ак., на мяжы мораў Карскага і Лапцевых, тэр. Расіі. Ад мацерыка аддзелена пралівам Вількіцкага. Пл. каля 37,6 тыс.км². Уключае 4 вял. астравы — Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Бальшавік, Камсамолец, Піянер — і шмат дробных. Берагі месцамі скалістыя і стромкія, парэзаны глыбокімі фіёрдамі. У рэльефе вылучаюцца прыледавіковыя плато, узвышаныя раўніны, тэрасаваныя прыбярэжныя раўніны. Каля 1/2пл. ўкрыта ледавіковымі купаламі і шчытамі (выш. да 965 м). Складзена пераважна з асадкавых (пясчанікі, сланцы, даламіты, мергелі) і вывергнутых (дыябазы, граніты) парод. Клімат суровы, арктычны. Сярэднія месячныя т-ры зімой ад -28 да -33 °C, летам 0,5—1,6 °C. Ападкаў 150—400 мм за год. Пераважае арктычная пустыня з плямамі мохава-лішайнікавай расліннасці. У складзе жывёльнага свету лемінг, пясец, трапляецца белы мядзведзь. Лежбішча нерпы, грэнландскіх цюленяў, маржоў, бялухі. Птушыныя «кірмашы». Астравы адкрыты экспедыцыяй Б.А.Вількіцкага ў 1913, даследаваны экспедыцыяй Г.А.Ушакова і М.М.Урванцава ў 1930—32.