АНАКАЛУ́Ф (ад грэч. anakoluthos непаслядоўны, няправільны),
стылістычная фігура ў паэтыцы, лагічная ці сінтаксічная няўзгодненасць асобных частак выказвання. Напр.: «Празрыстае — можна каменне злічыць, // Блакітнае — неба ў ім палавіна, // Багатае — рыба лускою блішчыць, // Магутнае — слова ад бацькі і сына» (М.Лужанін. «Запрашэнне на возера Нарач»). У маст. творы дапамагае індывідуалізаваць мову персанажа, надаць ёй асаблівы каларыт.
т. 1, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЙГУ́РСКАЯ МО́ВА, новауйгурская мова,
адна з цюркскіх моў. Пашырана ў Кітаі, Казахстане, Сярэдняй Азіі. Тэрміны «уйгуры» і«У.м.» для адзінага этналінгвістычнага калектыву прыняты ў 1921 на з’ездзе сав. уйгураў (раней У.м. наз. татарскай мовай Зах. Кітая, мовай кіт. мусульман, усх.-туркестанскай мовай і інш.). Не з’яўляецца працягам стараж.-уйгурскай мовы — адной з літ. цюркскіх моў ранняга сярэдневякоўя. Мае 3 дыялекты: цэнтр., хатанскі, або паўд., і лабнорскі, або ўсходні. У.м. ўласцівы непаслядоўны сінгарманізм, рэдукцыя галосных, выпадзенне ў некат. формах слова зычных. Пісьменнасць з канца 20 ст. пераважна на аснове араб. алфавіта.
Літ.:
Кайдаров А.Т. Уйгурский (новоуйгурский) язык // Языки народов СССР. М., 1966. Т. 2.
А.Я.Міхневіч.
т. 16, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКІЯ МО́ВЫ,
група моў мангольскіх народаў (гл. Манголы). М.м. — вынік развіцця дыялектаў некалі адзінай (да 16—17 ст.) манг. мовы. Яны падзяляюцца на: асноўныя — уласна мангольская мова, бурацкая мова, калмыцкая мова, і маргінальныя — мангольская (у Афганістане), дагурская (у паўн.-ўсх. Кітаі), мангорская, дунсянская, баааньская і шыраюгурская (у кіт. правінцыях Ганьсу і Цынхай). Для асн. М.м. ў 13 — пач. 20 ст. (калмыцкая мова да сярэдзіны 17 ст.) ужывалася адзіная старапісьмовая манг. мова, якой працягваюць карыстацца ва Унутр. Манголіі (Кітай). Маргінальныя мовы трапілі пад уплыў іранскіх гаворак, тыбецкай і кіт. моў. У фанетыцы — доўгія і кароткія галосныя, дыфтонгі, сінгарманізм (у маргінальных М.м. непаслядоўны); у марфалогіі — слабая дыферэнцыяцыя часцін мовы, адсутнасць грамат. катэгорыі роду, шырокае ўжыванне паслялогаў; у сінтаксісе — сталы парадак слоў. З пач. 13 ст. вядома мангольскае пісьмо. У 1920—40-х г. асн. М.м. перайшлі на новыя алфавіты на аснове рус. графікі.
Літ.:
Тодаева Б.Х. Монгольские языки и диалекты Китая. М., 1960;
Бертагаев Т.А. Лексика современных монгольских литературных языков. М., 1974.
т. 10, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)