Немата 7/91, 478

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМАТА́, алалія,

адсутнасць або абмежаванне маўлення ў дзяцей (пры захаванні слыху і інтэлекту) ад недаразвіцця ці пашкоджанняў зон маўлення ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Адрозніваюць Н. маторную (парушаецца рухальная функцыя маўлення, разуменне яго застаецца) і сенсорную (парушаецца разуменне маўлення). Прычыны — захворванні і траўмы мозга, інтаксікацыі, пашкоджанні зон маўлення кары галаўнога мозга, якія ўзнікаюць у час родаў. Лячэнне: спец. лагапедычныя практыкаванні.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАЛІ́Я,

гл. Немата.

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМО́Е КІНО́,

умоўная назва кінематографа ад яго ўзнікнення (1895) да 1930-х г., які характарызаваўся спецыфічнай сістэмай выразных сродкаў, найб. адметным з якіх была адсутнасць гуку — «немата». Гэта кампенсавалася цітрамі, ігрой тапёраў, павышанымі мімікай і жэстыкуляцыяй акцёраў, падкрэсленым грымам. Узнаўленне выявы з хуткасцю 16 кадраў за секунду (цяпер 24) рабіла дзеянне больш рухомым. Чорна-белы колер часам спалучаўся з афарбоўкай, вірыраваннем стужкі. У 1930-я г. паступова саступіла месца гукавому кіно.

Гісторыя Н.к. пачалася ў 1890-я г. з тэхн. атракцыёна і была цесна звязана з развіццём кінатэхнікі: вынаходніцтвам «жывых карцінак» (Т.​Эдысан), «кінематографа» (браты Люм’ер), «вайтаскопа» (Т.​Армат і Эдысан) і «баёграфа» (Э.​Лост і У.Дзіксан). У пач. 20 ст. пачалося наследаванне традыц. відам мастацтва — тэатру і літаратуры. У канцы 1910-х г. становіцца самаст. мастацтвам са сваёй сістэмай выразных сродкаў (гл. Кінамастацтва). Спецыфіка кінамовы (экранны рух, сістэма планаў, ракурсаў, кампазіцый, асвятлення, мантаж як аўтарская канцэпцыя фільма) былі тэарэтычна вызначаны як «фотагенія» (Л.​Дэлюк), «рэабілітацыя фізічнай рэальнасці» (З.​Кракаўэр), «фатаграфічная дакументальнасць» (А.​Базен), «Мантаж атракцыёнаў» (С.​Эйэенштэйн). Паэтыку Н.к. развіваў яго эксперым. авангард, кіно сімвалаў і метафар. Ням. экспрэсіянізм стварыў экранны свет дэфармаванай прасторы, фантасмагорыі, адчування пагрозы («Кабінет доктара Калігары», рэж. Р.​Віне, 1919; «Нібелунгі», 1924, «Метраполіс», 1926, абодва рэж. Ф.​Ланг). Франц. імпрэсіянізм матэрыялізаваў у вобразах падсвядомасць, летуценні, патаемныя жаданні («Антракт», рэж Р.​Клер, «Механічны балет», рэж. Ф.​Лежэ, абодва 1924; «Андалузсхі сабака», 1928, «Залаты век», 1930, абодва рэж. Л.​Буньюэль). У эпоху Н.к. пачалі фарміравацца віды і жанры кіно (гл. Дакументальнае кіно, Мастацкае кіно). Усталявалася сістэма кіназорак пэўнага амплуа: «Папялушка» — М.​Пікфард, Л.​Гіш у ЗША, «ахвяра року» — В.​Халодная ў Расіі, Г.​Гарба ў ЗША, «вамп» — А.​Нільсен у Даніі, «рамантычныя палюбоўнікі» — Р.​Валентына, Г.​Лойд, Д.​Фэрбенкс у ЗША, І.​Мазжухін, А.​Ктораў у Расіі, комікі — Б.​Кітан у ЗША, М.​Ліндэр у Францыі і інш. Маст. мову Н.к., яго міміку і пантаміму геніяльна выкарыстаў Ч.​Чаплін для стварэння вобраза-маскі чалавечнага і вынаходлівага бадзягі («Малыш», 1921; «Залатая ліхаманка». 1925; «Цырк», 1928; «Агні вялікага горада», 1931). Нац. кінематографы ўвасобілі на экранах гісторыю народаў у розных жанравых формах: гісторыка-манумент. «баевікі» Дж.​Пастроне ў Італіі («Падзенне Троі», 1910; «Кабірыя», 1914), кінапрытча пра гісторыю чалавецтва Д.​Грыфіта ў ЗША («Нецярпімасць», 1916), кінатрагедыя пра сярэднявечча К.​Т.​Дрэера ў Францыі («Страсці Жанны д’Арк», 1927) і інш. У Расіі развівалася гіст.-рэв. кіно ў паэт.-метафарычным кірунку кінаэпапеі Эйзенштэйна з «героем-масай» і «тыпажамі» замест акцёраў («Стачка», 1925; «Браняносец Пацёмкін», 1925), кінадрамы У.​Пудоўкіна («Маці», 1926), лірыка-эпічныя кінапаэмы А.​Даўжэнкі («Звянігара», 1928; «Зямля», 1930).

На Беларусі Н.к. развівалася з 2-й пал. 1920-х г. З 1925 у «Белдзяржкіно» кінааператар М.​Лявонцьеў здымаў святы, урачыстасці, жыццё вёскі і горада. Першы бел. маст. фільм «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.​Тарыч) спалучае авантурна-прыгодніцкі жанр з рысамі дакументалізму (здымкі на месцы рэальных гіст. падзей сялян, удзельнікаў вызвалення Беларусі ад польскай акупацыі). Авантурна-прыгодніцкі жанр дамінаваў у бел. фільмах на гіст. тэмы: «Кастусь Каліноўскі» (1927, рэж. У.​Гардзін), «Хвоі гамоняць» (1929, рэж. Л.​Малчанаў) і інш. Фільм У.​Корш-Сабліна «У агні народжаная» (1929) спалучае фальклорную афарбоўку з традыцыямі агітплаката. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. бел. Н.к. актыўна звяргалася да тагачаснай тэматыкі: фільмы «Чатырыста мільёнаў» (рэж. Гардзін), «Да заўтра» (абодва 1929), «Нянавісць» (1930, рэж. абодвух Тарыч), «Шчасце» (рэж. А.​Файкцымер), «Жанчына» (рэж. Я.​Дзіган, абодва 1932) і інш. Па стылістыцы яны блізкія да агітпрапфільмаў. У 1930-я г. бел. Н.к. звяргалася да эстэтыкі жывапісна-мантажнага кіно, што падкрэслівала нац. каларыт фільмаў. Апошні бел. «нямы» фільм — «Палескія рабінзоны» (1935, рэж. І.​Бахар і П.​Малчанаў).

Літ.:

История белорусского кино. Мн., 1969;

Клер Р. Кино вчера, кино сегодня: Пер. с фр. М., 1981.

В.​Ф.​Нячай.

т. 11, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ВА,

сродак абмену (перадачы і прыёму) інфармацыяй у працэсе зносін паміж людзьмі; сістэма знакаў, якія з’яўляюцца намінацыямі (абазначэннямі) элементаў інфармацыі, што замацоўваюць вынікі пазнання. Змест інфармацыі, што заключаны ў моўным знаку, — яго значэнне, план зместу; знешняя форма моўнага знака — яго план выражэння (гл. Семіётыка). У М. захоўваюцца, назапашваюцца, сістэматызуюцца здабытыя калектывам яе носьбітаў веды. М. ўзнікае і існуе ў грамадстве для забеспячэння патрэб сувязі паміж яго членамі. Грамадства не існуе без М., а М. непатрэбна без грамадства; М. з’яўляецца адной з форм грамадскай свядомасці і яе найб. універсальнай абалонкай. Чалавек ад нараджэння валодае моўнай кампетэнцыяй (дарам маўлення), здольнасцю авалодаць і карыстацца М. у працэсе маўлення, якое суадносіцца з мысленнем. Валодаць М. — гэта значыць ведаць план зместу і план выражэння знакаў, якія з’яўляюцца моўнымі адзінкамі, а таксама адвольна ўстаноўленую і замацаваную ў М. сувязь паміж планам зместу і планам выражэння, правілы спалучэння знакаў і іх выкарыстання. Носьбіт М., што перадае інфармацыю (адрасант), кадзіруе яе сэнс у форме моўных знакаў, а носьбіт М., які прымае інфармацыю (адрасат), дэкадзіруе план выражэння моўных знакаў, узнаўляючы перададзены яму змест. Паміж удзельнікамі моўных зносін пры перадачы інфармацыі мусіць падтрымлівацца непасрэдны ці апасродкаваны тэхн. сродкамі (напр., тэлефонам, радыё) кантакт, які дазваляе перадачу паведамлення. Адрасант і адрасат павінны мець пэўны агульны код — ведаць адну і тую М. Першасным планам выражэння моўных знакаў з’яўляюцца дыскрэтныя членараздзельныя гукі. Гукі, што адрозніваюць значэнне аднаго моўнага знака ад значэння іншага, наз. фанемамі. З адной або некалькіх фанем будуецца найменшая адзінка М., якая валодае ўласным значэннем, марфема. Адна або некалькі марфем утвараюць слова, што можа адносна самастойна ўжывацца ў маўленні. Словы складваюцца па пэўных правілах у выказванні, з якіх утвараюцца паведамленні. Структура (мадэль) выказвання разглядаецца як сказ; маўленчая форма паведамлення — тэкст. Першасная гукавая форма М. можа быць пераўтворана ў некаторыя іншыя. Найб. пашыраная і універсальная форма такога пераўтварэння з пэўнага часу развіцця грамадства — пісьмовая М. (гл. Пісьмо). Інш. аптычныя формы М. (напр., жэставая сістэма знакаў глуханямых, флажковая азбука маракоў і г.д.) пашыраныя абмежавана. Для сляпых распрацавана Брайля пісьмо, заснаванае на дотыку. Зрэдку выкарыстоўваюцца акустычныя сістэмы — заменнікі М. (напр., М. свісту, якая ўжывалася на Канарскіх а-вах). Асн. функцыі М.: камунікатыўная (абмен інфармацыяй), кагнітыўная (пазнанне), рэгулятыўная (уздзеянне адрасанта на інш. людзей), намінатыўная (абазначэнне), эматыўная (выражэнне эмоцый), фатычная (устанаўленне і падтрыманне кантактаў паміж людзьмі), паэтычная (выражэнне ў маўленні эстэт. каштоўнасцей), метамоўная (тлумачэнне незразумелых слоў і выказванняў), магічная (зварот адрасанта да вышэйшых сіл, напр., у малітвах ці праклёнах). Яна стыхійна ўзнікае разам з грамадствам, адпавядаючы яго патрэбам, а ў працэсе свайго функцыянавання дастасоўваецца да гэтых зменлівых патрэб. Пры гэтым адбываюцца адпаведныя змены ў М.: з’яўляюцца новыя словы, удасканальваюцца правілы іх спалучэння і ўтварэння выказванняў, тэкстаў, пераўтвараецца сістэма гукаў. Стан М. і яе функцыянаванне на кожным дадзеным этапе разглядаюцца як сінхранія, а дынаміка яе, працэс моўных змен, якія апісваюцца ў гісторыі М., бясконцая колькасць сінхраній складае дыяхранію. Паколькі сувязь паміж планам зместу і планам выражэння адвольная, у розных групах носьбітаў М. ўзнікаюць варыянты знакаў, што вядзе да ўзнікнення адрозненняў у М., да фарміравання розных дыялектаў і М. У сучасным свеце функцыянуе ад 3 да 5 тыс. натуральных М. (гл. Мовы свету), якія стыхійна ўзніклі. Значны ўплыў на стварэнне і замацаванне пісьмовых, літ. М. могуць зрабіць асобы (напр., у стварэнні стараславянскай мовы выдатную ролю адыгралі Кірыла і Мяфодзій). Некаторыя М., распрацаваныя пэўнымі асобамі і пашыраныя дзякуючы іх намаганням, лічацца штучнымі мовамі. Найвышэйшай ступенню штучнасці валодаюць алгарытмічныя мовы праграмавання, створаныя для зносін паміж людзьмі і электроннымі выліч. ўстройствамі. Некаторыя натуральныя М. маюць агульнае паходжанне, яны паўсталі ў выніку разгалінавання групы дыялектаў прамовы. Такія роднасныя мовы ўтвараюць сем’і: індаеўрап., семіцкую, сіна-тыбецкую і інш. Паводле грамат. адрозненняў М. будуецца тыпалагічная класіфікацыя моў. Значныя адрозненні паміж М. звязаны з іх пашыранасцю: ад гаворкі адной невял. вёскі да нацыянальнай мовы, ад беспісьмовай гаворкі да літаратурнай мовы; вылучаюцца М. сусв. распаўсюджання (напр., англ., ісп., франц., рус., кіт., нямецкая). Некаторыя М., якія былі пашыранымі ў старажытнасці, зніклі або значна абмежавалі свае функцыі, сталі мёртвымі мовамі. Моўная кампетэнцыя дазваляе чалавеку валодаць некалькімі М., што вядзе да асабістага ці пашыранага ў грамадстве двухмоўя. Нягледзячы на значныя адрозненні паміж натуральнымі М., яны заўсёды дапускаюць магчымасць перакладу з адной М. на іншую; адэкватнасць перакладу залежыць ад функцыянальнага развіцця М., з якой і на якую ажыццяўляецца пераклад і ад ступені ведання М. перакладчыкам. М. як сродак зносін, пазнання і назапашвання інфармацыі, а таксама канкрэтныя М. вывучае мовазнаўства.

М. — найважнейшы сродак зносін паміж людзьмі; спецыфічная функцыя чалавека, непарыўна звязаная з мысленнем; сацыяльны сродак захавання і перадачы інфармацыі.

М. характарызуе разумовыя здольнасці чалавека. Вымаўленне слоў забяспечвае ўзгодненую дзейнасць мышцаў языка, губ, мяккага паднябення, глоткі, гартані, дыхальнай мускулатуры (складаюць у сукупнасці моўнарухальны апарат, якім кіруе кара галаўнога мозга). Органы, якія ажыццяўляюць функцыю М., забяспечваюць вымаўленне членараздзельных гукаў — артыкуляцыю. У працэсе ўспрымання М. ўдзельнічаюць слыхавы аналізатар і нерв. сістэма. Расстройствы М. найчасцей узнікаюць у дзіцячым узросце ў выніку тугавухасці і поўнай страты слыху (гл. Глухата, Глуханемата), дэфектаў і пашкоджанняў моўнага апарату, інфекцый і інш. Асн. віды расстройстваў М.: афазія, заіканне, коснаязыкасць, немата і інш.

Літ.:

Маслов Ю.С. Введение в языкознание. 2 изд. М., 1987;

Рагаўцоў В.І., Юрэвіч А.Л. Уводзіны ў мовазнаўства. Мн., 1987;

Михневич А.Е. Язык, которого нет... Мн., 1988;

Плотнікаў Б.А. Агульнае мовазнаўства. Мн., 1994;

Мечковская Н.Б., Норман Б.Ю., Плотников Б.А., Супрун А.Е. Общее языкознание. [Ч. 1—2], 2 изд. Мн., 1993—95;

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 5 изд. М., 1996.

А.​Я.​Супрун.

т. 10, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)