НЕ́КТРЫЯ (Nectria),

род сумчатых грыбоў сям. нектрыевых. Каля 400 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. Паразіты дрэў і кустоў, сапратрофы на драўніне, у глебе, на адмерлых галінах, лісці, трапляюцца на інш. грыбах і насякомых. На Беларусі каля 30 відаў. Найб. вядомыя Н.: галаўтваральная (N. galligena), узбуджальнік раку еўрап. з утварэннем язваў, наплываў, глыбокіх ран кары; цагляна-чырвоная (N. cinnabarina) выклікае ўсыханне галін дрэў і кустоў, гібель сеянцаў.

Пладовыя целы шарападобныя або яйцападобныя, утвараюцца адзіночна ці групамі, на субстраце або на падушкападобных стромах. Сумкі цыліндрычныя з 8 двухклетачнымі спорамі. Канідыі аднаклетачныя, цыліндрычныя, бясколерныя. Канідыяльныя стадыі — грыбы з родаў фузарый, туберкулярыя, цыліндракарпон і інш.

С.​І.​Бельская.

т. 11, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАКРЭА́ЛЬНЫЯ (Hypocreales),

парадак грыбоў з класа аксаміцэтаў. Вядома больш за 1000 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмеранай зоне і тропіках. На Беларусі каля 50 відаў з родаў нектрыя, гіпакрэя, мікранектрыела, фузарыум і інш. Сапратрофы і паразіты. Выклікаюць хваробы раслін.

Пладовыя целы (перытэцыі) мяккія, мясістыя, светлыя або ярка афарбаваныя, утвараюцца на паверхні або ўнутры субстрату. Сумкі цыліндрычныя, булавападобныя. Аскаспоры рознай формы і памераў, аднаклетачныя, з перагародкамі. У цыкле развіцця часта ёсць канідыяльная стадыя, якая адыгрывае вял. ролю ў пашырэнні відаў.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАК РАСЛІ́Н,

група хвароб, якія характарызуюцца празмерным, няправільным разрастаннем асобных частак раслін, што прыводзіць да ўтварэння пухлін і нарастаў. Узбуджальнікі—грыбы, бактэрыі, вірусы. Пашыраны паўсюдна; на Беларусі найб. шкодныя: чорны рак пладовых дрэў, рак бульбы, канюшыны, бактэрыяльны рак памідораў і інш.

Чорны рак пладовых дрэў (узбуджальнік—грыб з роду сферопсіс), пашкоджвае лісце, кветкі, плады, ствалы яблыні і грушы. На кары паяўляюцца бура-фіялетавыя ўціснутыя плямы. Кара чарнее, растрэскваецца, ападае. Хворыя тканкі разрастаюцца, акальцоўваюць галіны, ствалы, якія ў выніку гінуць. Рак бульбы (узбуджальнік—грыб з роду сінхітрыум), каранцінная хвароба. Пашкоджвае таксама памідоры і інш. паслёнавыя. На клубнях, сталонах, сцёблах, радзей на лісці ўтвараюцца нарасці, спачатку белыя, потым цёмна-бурыя. Пашкоджаныя клубні загніваюць. Рак канюшыны (узбуджальнік—грыб з роду склерацынія) праяўляецца ўвосень у выглядзе павуціністага налёту на лісці. Вясною загнівае каранёвая шыйка — расліна лёгка адрываецца ад каранёў. Пры бактэрыяльным раку памідораў (узбуджальнік — бактэрыя з роду корынебактэрый) на сцёблах, галінах утвараюцца язвы, на пладах — дробныя плямы («птушыныя вочы»), расліна засыхае. Ступеньчаты рак лісцевых дрэў (узбуджальнік — грыб з роду нектрыя) часцей пашкоджвае клён, граб, ясень, яблыню. На ствалах і галінах дрэў адміраюць кара і камбій, фарміруецца адкрытая рана (язва), якая з кожным годам павялічваецца і набывае шматступеньчатую форму. Паступова язва акальцоўвае ствол, і дрэва адмірае. Смаляны рак (узбуджальнік — некат. ржаўныя грыбы) найб. часта пашкоджвае хвойныя дрэвы ў зрэджаных насаджэннях. Адміраюць камбій і драўніна, кара трэскаецца і ападае. У межах пашкоджвання выцякае смала, утвараючы на ствале жаўлакі і падцёкі. Дрэва адмірае ці становіцца сухаверхім.

Л.​М.​Прыступук.

Рак раслін: 1 — чорны рак яблыні (пашкоджаныя ліст, завязь і галіна); 2 — рак бульбы; 3 — рак канюшыны (пашкоджаныя расліна і сцёблы); 4 — ступеньчаты рак дрэў; 5 — смаляны рак хвоі (крона пашкоджанага дрэва і частка ствала).

т. 13, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)