ДАГМАТЫ́ЗМ [ад грэч. dogma (dogmatos) думка, вучэнне],
некрытычны, аднабаковы тып мыслення, пры якім у ацэнцы і разуменні рэалій не ўлічваюцца спецыфічныя ўмовы месца, часу, дзеяння або ён абапіраецца на адвольныя, бяздоказныя, прадузятыя пабудовы і канструкцыі. Усе ісціны трактуе як абсалюты. Тэрмін «дагматызм» уведзены стараж.-грэч. філосафамі-скептыкамі Піронам і Зянонам. І.Кант лічыў дагматызмам усякае пазнанне, якое не заснавана на папярэднім даследаванні яго магчымасцей і перадумоў. У філасофіі Г.Гегеля дагматызм — метафізічнае абстрактнае мысленне, якое не выкарыстоўвае дыялектычны розум як творчы патэнцыял інтэлекту чалавека. Дагматычнае мысленне ўласціва моцна псіхалагізаваным сістэмам уздзеяння на чалавека (рэлігія, паліт. ідэалогія, мараль, і інш.). У навук. і філас. мысленні дагматызм выяўляецца ў прыхільнасці да выкарыстання адназначна інтэрпрэтаваных фактаў і эмпірычных законаў: у захапленні абстракцыямі, схематызмам і фармалізмам, у ігнараванні ўзаемасувязей паміж формамі ведаў і культуры. Дагматычнае выкарыстанне сістэм ведаў праяўляецца ў іх абсалютызацыі, абрастанні культамі ў духу дактрынёрства і аўтарытарызму, у адмаўленні іншадумства, непрымірымасці да інш. поглядаў. Дагматызм у пачуццях, пазнанні і дзеяннях абумоўлены таксама псіхічнай патрэбай у адэкватнай апоры, у ачалавечванні свету, што суправаджаецца стварэннем культаў, куміраў і ідалаў, падпарадкаваннем моцнай уладзе, надзейнаму, прывычнаму і блізкаму для чалавека парадку. У процілегласць дагматызму творчы падыход патрабуе свядомых, мэтанакіраваных адносін чалавека да аб’ектыўнай рэальнасці, свабоднага крытычнага аналізу зыходных мэт і праграм дзейнасці людзей, дзяржавы і інш. суб’ектаў грамадскіх адносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКЛЕКТЫ́ЗМ (ад грэч. eklektikos які выбірае) у архітэктуры і выяўленчым мастацтве, спалучэнне элементаў розных маст. стыляў. Узнікае звычайна ў перыяды заняпаду буйных маст. кірункаў; спрыяе зруйнаванню стэрэатыпаў, пашырэнню арсенала творчых прыёмаў і з’яўленню новых маст. кірункаў (мадэрн, разнастайныя плыні авангарду).
Э. вядомы ў познім стараж.-рым. мастацтве (камбінацыі мясц. вырашэнняў з элементамі, запазычанымі ў Грэцыі, Егіпце). Да Э. імкнуліся прадстаўнікі балонскай школы, якія лічылі, што могуць дасягнуць дасканаласці спалучэннем лепшых бакоў творчасці вял. майстроў Адраджэння. Значнае месца ў гісторыі мастацтва займае Э. архітэктуры сярэдзіны — 2-й пал. 19 ст. Выкарыстанне рознастылявых форм у Э., як правіла, носіць некрытычны характар, што выяўляецца ў неадпаведнасці аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка і яго маст. вобраза функцыян. прызначэнню, канстр. аснове. У выяўл. мастацтве Э. найб. тыповы для салоннага мастацтва. Эклектычныя тэндэнцыі пашырыліся з сярэдзіны 20 ст. ў зах.-еўрап. і амер. культуры ў сувязі са станаўленнем постмадэрнізму і модай на «рэтраспектывізм», які капіраваў розныя стылістычныя кірункі мінулага.
У архітэктуры Беларусі Э. панаваў з сярэдзіны 19 ст. З’явіліся новыя тыпы будынкаў, канстр. прыёмы і буд. матэрыялы ва ўмовах, калі маст. прыёмы класіцызму былі практычна вычарпаны. Вырашэнні фасадаў і інтэр’ераў будынкаў характарызаваліся дэкаратыўнасцю, спалучэннем рознастылявых (готыка, барока, мадэрн, неабарока і інш.) форм і элементаў. Сярод помнікаў Э.: Віцебскі Варварынскі касцёл, Галавічпольская сядзіба, Добрушская папяровая фабрыка, Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынак, Чырвонабярэжская сядзіба, Петрапаўлаўскі касцёл у в. Мядзведзічы Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., палац у в. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Эклектычнасцю арх. вырашэнняў вызначаюцца горадабуд. структуры канца 19 — пач. 20 ст.: забудовы вуліц Леніна і Савецкай у Гомелі, Ажэшкі ў Гродне і інш. Архітэктура 1940—50-х г. арыентавалася на традыц. прыёмы рэнесансу і класіцызму (забудова ч. праспекта Ф.Скарыны ў Мінску). Э. часткова закрануў катэджнае буд-ва канца 1980 — пач. 1990-х г.
С.А.Сергачоў.
Да арт.Эклектызм. Будынак папяровай фабрыкі ў г. Добруш Гомельскай вобл.