СТАМАТЫ́Т [ад грэч. stoma (stomatos) рот],

пашкоджанне слізістай абалонкі ротавай поласці. Бывае абмежаванае запаленне слізістай абалонкі языка — гласіт, дзяснаў — гінгівіт. Адрозніваюць С. афтозны, катаральны, язвавы, некратычны; востры і хранічны; першасны і другасны. Першасны ўзнікае пры траўматычных пашкоджаннях слізістай абалонкі поласці рота (напр., прыкусванне, раненне, зубны камень, няякасныя пломбы — мех. траўмы), хім. і тэрмічных апёках, ад мікробаў, вірусаў. Пашыраны С. ад віруснай інфекцыі (напр., востры герпетычны ў дзяцей — праява першаснага інфіцыравання поласці рота вірусам герпесу). Другасны С. — вынік парушэнняў абмену рэчываў, хвароб нерв. сістэмы, СНІДу і інш. Агульныя прыкметы: пачырваненне і набраканне слізістай абалонкі поласці рота, высыпка, боль, непрыемны пах з рота. Лячэнне: процізапаленчая і сімпатаматычная тэрапія.

А.​С.​Арцюшкевіч, З.​Р.​Валеева.

т. 15, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)