НЕК (англ. neck літар. шыя),

слупападобнае геал. цела ў жарале вулкана. Складаецца з лавы, туфалавы, лавабрэкчыі, вулканічнай брэкчыі і інш. Папярочнае сячэнне акруглае або авальнае. Памеры ў дыяметры ад некалькіх метраў да 1,5 км. Залягае ў больш слабых горных пародах, пры іх эрозіі выступае ў выглядзе слупападобнага падняцця. З’яўляецца рудазмяшчальнай структурай.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТЭЗІЯ́НСТВА (Cartesius ад латынізаванага імя Дэкарта—Картэзій),

кірунак у філасофіі і прыродазнаўстве 17—18 ст., тэарэт. крыніцай якога былі ідэі франц. філосафа Р.Дэкарта. Дуалістычнае адзінства матэрыяліст. і ідэаліст. ідэй у філасофіі Дэкарта прывяло да раздзялення яго паслядоўнікаў на матэрыялістаў (Ж.Раго, П.Рэжы, Б.Фантэнель, Э.Леруа, Ж.Ламетры) і ідэалістаў (І.Клаўберг, А.Гейлінкс, Н.Мальбранш). Матэрыялісты адстойвалі ідэю матэрыяльнасці свету і магчымасці яго аб’ектыўна-пачуццёвага пазнання, паўплывалі на фарміраванне ідэй франц. Асветніцтва, на развіццё навук. фізіялогіі, шэрагу фіз. і матэм. ідэй. Ідэалісты адстойвалі ідэю перманентнага ўмяшання Бога ў свет матэрыяльных і духоўных з’яў (аказіяналізм). Дэкартаўскае вучэнне пра метад пазнання атрымала сваё развіццё ў працах Б.Паскаля, які схіляўся да янсенізму і вагаўся паміж рацыяналізмам і скептыцызмам, ставіў веру вышэй за розум. Лагічныя ідэі Дэкарта развіты ў вучэннях А.Арно і П.Ніколя («Логіка, ці Мастацтва мысліць», 1662). У сучаснай філасофіі ідэі К. сустракаюцца ў фенаменалогіі, экзістэнцыялізме і нек-рых плынях рацыяналіст. Філасофіі.

А.М.Елсукоў.

т. 8, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)