НЕЙРО́ННАЯ ТЭО́РЫЯ,

тэорыя будовы, развіцця і функцый нерв. сістэмы; прыватны выпадак клетачнай тэорыі. Аснова Н.т. — прызнанне анат. адасобленасці структурнай адзінкі нерв. сістэмы — нейрона, яго генет. самастойнасці і функцыян. спецыфічнасці. Абгрунтавана на мяжы 20 ст. працамі ісп. вучонага С.​Рамона-і-Кахаля і Ч.С.Шэрынгтана. Доказы поўнай структурнай адасобленасці нерв. клетак атрыманы з дапамогай электроннага мікраскопа, які даў магчымасць устанавіць, што кожны нейрон абкружаны мембранай і паміж мембранамі асобных клетак ёсць свабодныя поласці. Да гэтага часу нерв. сістэма разглядалася як бесперапынны пераход клетачнага рэчыва аднаго нейрона ў другі з утварэннем адзінай цытаплазматычнай сеткі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРО́ННАЯ СЕ́ТКА,

сукупнасць штучных нейронных элементаў і сувязей паміж імі. Структура Н.с. запазычана ў біял. аб’ектаў, мае здольнасць да навучання і дазваляе мадэліраваць разумовыя працэсы жывой матэрыі. З Н.с. звязваюць перспектывы развіцця выліч. тэхнікі, сістэм кіравання і інш.

Складаецца з штучных нейронных элементаў (гл. Нейрон), якія злучаны сінаптычнымі сувязямі і выконваюць аперацыю нелінейнага пераўтварэння сумы здабыткаў уваходных сігналаў на іх вагавыя каэфіцыенты. Самаарганізацыя і прыстасавальнасць Н.с. дасягаецца ў працэсе яе навучання, у выніку чаго ўдакладняюцца сінаптычныя сувязі паміж яе элементамі. Правілы навучання вызначаюць залежнасці вагавых каэфіцыентаў ад уваходных уздзеянняў. Асаблівасць Н.с. — здольнасць карэктна функцыянаваць пры паступленні даных, якія не ўваходзілі ў навуч. выбарку (здольнасць да абагульнення).

На Беларусі даследаванні па праблемах Н.с. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкім політэхн. ін-це і інш. Для каардынацыі работы ў гэтай галіне створана бел. аддзяленне Міжнар. т-ва Н.с. (г. Брэст).

Літ.:

Головко В.А. Нейроинтеллект теория и применение. Кн. 1—2. Брест, 1999.

У.​А.​Галаўко, А.​А.​Дудкін.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАКАМП’Ю́ТЭР,

вылічальная сістэма, у аснову якой закладзены нейрасеткавыя прынцыпы функцыянавання. Асн. элемент Н. — нейронная сетка. Спалучае якасці біял. сістэм (напр., навучанне, у т. л. саманавучанне, самаарганізацыя, прыстасавальнасць) з перавагамі выліч. тэхнікі (высокая скорасць апрацоўкі інфармацыі, вял. аб’ём памяці). Работы па стварэнні універсальных Н. вядуцца ў ЗША, Японіі, Расіі. На Беларусі даследаванні па праблемах Н. праводзяцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкім політэхн. ін-це і інш.

У.​А.​Галаўко, Р.​Х.​Садыхаў.

т. 11, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЕПТРО́Н (англ. perceptron ад лац. perceptio разуменне, успрыманне),

сістэма, якая мадэлюе ўспрыманне вобразаў. Прапанаваны амер. вучоным Ф.​Розенблатам (1957; зрокавы аналізатар «Марк-1»). Тэрмін «П.» выкарыстоўваюць таксама ў дачыненні да сістэм (пераважна на базе ЭВМ) для рашэння задач, звязаных з распазнаваннем вобразаў.

Мадэль успрымання (персептыўную мадэль) можна ўявіць у выглядзе 3 слаёў нейронаў: рэцэптарнага (S), пераўтваральных нейронаў (A) і слоя рэагавальных нейронаў (R). Ад знешняга ўзбурэння ў S-слоі ўзнікаюць сігналы, якія распаўсюджваюцца па нервовых шляхах (гл. Нейронная сетка) і дасягаюць A-слоя, дзе ў адпаведнасці з сукупнасцю ўваходных сігналаў выпрацоўваюцца новыя сігналы, якія паступаюць у R-слой. Успрыманне якога-н. аб’екта адпавядае ўзбуджэнню пэўных нейронаў з R-слоя.

т. 12, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)