НЕ́ЙМАН ((Neumann) Станіслаў Костка) (5.6.1875, Прага — 28.6.1947),
чэшскі паэт.Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Гандлёвай акадэміі. Удзельнік нац.-вызв. руху чэш. моладзі «Омладзіна», быў зняволены. Дэбютаваў сімвалісцкімі зб-камі «Я — апостал новага жыцця» (1896) і «Слава сатаны сярод нас» (1897). Ідэямі нац. і сац. вызвалення прасякнуты зб-кі «Сон пра натоўп, які страціў надзею, і іншыя вершы» (1903), «Чэшскія песні» (1910). Антыфаш. пафас характэрны для паэт. зб-каў «Сэрца і хмары» (1935), «Саната зямных даляглядаў» (1937), «Бяздонны год» (1945), «Зачумленыя гады» (1946). Аўтар зб-каў пейзажнай і філас. лірыкі («Кніга лясоў, узгоркаў і вод», 1914), інтымнай («Каханне», 1933), кніг публіцыстыкі і мемуараў. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклалі М.Аўрамчык, М.Гамолка, Х.Жычка, К.Кірэенка, М.Машара, С.Шушкевіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЙМАН, Нойман (Neumann) Джон (Янаш) фон (28.12.1903, Будапешт — 8.2.1957), амерыканскі матэматык і фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1937). Замежны чл. Акадэміі дэі Лінчэі (1956). Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Цюрыху (1925) і Будапешцкі ун-т (1926). З 1926 у Берлінскім, з 1929 у Гамбургскім ун-тах. З 1930 у ЗША у Прынстанскім ун-це (з 1931 праф.), з 1933 праф. Прынстанскага ін-та перспектыўных даследаванняў. У 1951—53 прэзідэнт Амер.матэм.т-ва. З 1955 чл. камісіі па атамнай энергіі (ЗША). Навук. працы па матэматыцы, фізіцы, тэхніцы, эканоміцы. Фундаментальныя даследаванні па функцыян. аналізе і яго дастасаваннях да пытанняў класічнай і квантавай механікі. Даў строгае матэм. абгрунтаванне квантавай механікі. Развіў тэорыю гульняў і тэорыю аўтаматаў. Даў першыя фармулёўкі метаду Монтэ-Карла (разам з С.Уламам). Зрабіў вял. ўклад у стварэнне першых ЭВМ і распрацоўку метадаў іх выкарыстання. Удзельнічаў у стварэнні атамнай і вадароднай бомбы. Імем Н. наз. кратэр на адваротным баку Месяца. Медалі імя А.Эйнштейна і імя Э.Фермі (1956).
Тв.:
Рус.пер. — Математические основы квантовой механики. М., 1964;
Теория игр и экономическое поведение. М., 1970 (разам з О.Моргенштэрнам);
Теория самовоспроизводящихся автоматов. М., 1971;
Избранные труды по функциональному анализу. Т. 1—2. М., 1987.
Літ.:
Вигнер Е. Этюды о симметрии: Пер. с англ.М., 1971;