ВАЛАДКО́ВІЧ Феліцыян Піліп (1697—1778),

уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З 1730 епіскап холмскі і бэлзскі, з 1753 каад’ютар (памочнік-намеснік) мітрапаліта кіеўскага Ф.​Грабніцкага, з 1756 епіскап уладзімірскі (г. Уладзімір-Валынскі). У 1762—78 мітрапаліт кіеўскі. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі спрабаваў абвінаваціць В. ў злоўжываннях. Нягледзячы на заяву папскага прастолу пра невінаватасць Валадаковіча (1770), нападкі на яго з боку каралеўскай улады працягваліся да канца жыцця.

т. 3, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІМІТРО́Ў Георгі Міхайлаў (18.6.1882, с. Кавачэўцы, каля г. Пернік, Балгарыя — 2.7.1949),

палітычны і дзярж. дзеяч Балгарыі, дзеяч міжнар. камуніст. руху. Друкар. У 1902—19 у с.-д., адначасова ў прафс. руху (1905—23). Дэп. парламента (1913—23). Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Балг. камуніст. партыі (1919), яе ген. сакратар (з 1945). Адзін з арганізатараў Вераснёўскага паўстання 1923, пасля яго ліквідацыі ўладамі эмігрыраваў. 9.3.1933 арыштаваны ў Берліне і абвінавачаны герм. нацыстамі ў падпале рэйхстага, на Лейпцыгскім працэсе 1933 даказаў сваю невінаватасць, яго прамова на працэсе зрабіла значны ўплыў на фарміраванне антыфаш. руху. У 1937—45 у СССР. Ген. сакратар Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала (1935—43), прапагандаваў ідэю Народнага фронту. У 1937—45 дэпутат Вярх. Савета СССР. У 1946—49 старшыня СМ Балгарыі.

Г.М.Дзімітроў.

т. 6, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СІНДБА́Д-НАМЕ́»,

помнік персідска-тадж. л-ры. Складаецца з 34 абрамленых прытчаў. У аснове сюжэта апавяданні пра царэвіча, на якога быў узведзены паклёп рабыняй бацькі, і сем везіраў на чале з мудрым выхавацелем, якія даказваюць невінаватасць сына. Першааснова «С.-н» — стараж.-інд. апавяданні, перакладзеныя на сярэднеіранскую мову пехлеві ў 5—6 ст. У 8 ст. перакладзены на араб. мову. Найб. вядомы празаічны пераклад Асбага Сіджыстані, т. зв. «Вялікі Сіндбад»; у той самы час з’явіўся паэтычны пераклад Абана аль-Лахікі. У 9 ст. зроблены скарочаны пераклад на араб. мову — «Малы Сіндбад», які перакладзены на многія еўрап. мовы. Новаараб. варыянт пад назвай «Сем везіраў» пакладзены ў аснову тур. версіі «Сем мудрацоў», якая амаль уся ўвайшла ў збор казак «Тысяча і адна ноч».

Публ.: Рус. пер. — Мухаммад аз-Захири ас-Самарканди. Синдбад-наме. М., 1960.

т. 14, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАВЯ́ЗАК ДАКА́ЗВАЦЬ (лац. onus probandi) у судаводстве, патрабаванне да ўдзельнікаў працэсу даказаць і абгрунтаваць наяўнасць тых ці інш. акалічнасцяў, істотных для вырашэння справы. На Беларусі абавязак даказваць у крымін. працэсе ляжыць на дзярж. органах і службовых асобах, якія абвінавачваюць асобу ў злачынстве. Суд, пракурор, следчы і асоба, якая праводзіць дазнанне, абавязаны выявіць акалічнасці, што выкрываюць ці апраўдваюць абвінавачанага, а таксама абцяжваюць ці змякчаюць яго віну. Яны не маюць права перакладваць абавязак даказваць на абвінавачанага (падсуднага), і ён не павінен даказваць сваю невінаватасць. У цывільным працэсе кожны бок павінен даказаць акалічнасці, на якія ён спасылаецца як на падставу сваіх патрабаванняў і пярэчанняў. Напр., ісцец абавязаны даказаць і абгрунтаваць факты, якія складаюць падставу іску. Адказчык абавязаны даказаць факты, якія пацвярджаюць яго пярэчанні супраць іску. Характэрная рыса суд. даказвання ў цывільным працэсе — тое, што не толькі бакі і інш. асобы, якія ўдзельнічаюць у справе, абавязаны прадстаўляць доказы ў пацвярджэнне сваіх патрабаванняў і пярэчанняў, але і суд з мэтай высвятлення аб’ектыўнай ісціны і вынясення правасуднага рашэння ў неабходных выпадках павінен збіраць доказы па сваёй ініцыятыве.

І.​І.​Пацяружа.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРО́Т Міхась (сапр. Кудзелька Міхаіл Сымонавіч; 7.11.1896, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 29.10.1937),

бел. паэт, грамадскі і культ. дзеяч. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1917). Мабілізаваны ў армію. З 1918 у Мінску. Уваходзіў у арг-цыю «Маладая Беларусь», Часовы Беларускі нацыянальны камітэт, у 1920 адзін з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі. З 1920 супрацоўнік, у 1925—29 рэдактар газ. «Савецкая Беларусь». Адзін з ініцыятараў стварэння і з 1923 кіраўнік аб’яднання бел. пісьменнікаў «Маладняк». З 1927 чл. аб’яднання бел. пісьменнікаў «Полымя», пазней БелАПП. Удзельнічаў у культ.-нац. жыцці: спяваў у хоры У.​Тэраўскага пры «Беларускай хатцы», быў старшынёй тэатр. гуртка «Маладзік». У 1930-я г. рэдактар Бел. дзярж. выд-ва, літ. кансультант Саюза пісьменнікаў Беларусі. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б у 1925—30. Канд. у чл. ЦВК БССР у 1922—24, чл. ЦВК БССР у 1924—31. 24.1.1937 арыштаваны. 28.10.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1918. Пачатковы этап творчасці адметны нац.-патрыят. гучаннем. Пасля 1921 дамінуюць рэв.-пралетарскія матывы: зб-кі вершаў «Завіруха» (1922), «Выбраныя вершы» (1925), «Сонечны паход» (1929). У паэме «Босыя на вогнішчы» (1922) паэт. версія рэвалюцыі на Беларусі. У паэме-фантазіі «Чырванакрылы вяшчун» (1923) маст. ідэалізацыя вобраза «ўсясветнай камуны». Паэма «Беларусь лапцюжная» (1924) пра паслярэв. жыццё, збліжэнне горада і вёскі. У паэме «Марына» (1925) героіка-рэв. змаганне часоў грамадз. вайны на фоне рамант. і фальклорна-ідэалізаванага кахання. У паэме «Карчма» (1925) тэма мінулага і сучаснага Беларусі. Зб. апавяд. «Веснаход» (1924) пра бел. рэчаіснасць 1920-х г. Прыгодніцкая аповесць «Свінапас» (1923—24; на яе аснове створаны 1-ы бел. маст. фільм «Лясная быль», 1926) пра падзеі грамадз. вайны. Аўтар нар. драмы «На Купалле» (нап. 1921, паст. БДТ-1, 1921, не збераглася; адноўлены тэкст апубл. ў 1982), вадэвіль «Мікітаў лапаць» (апубл. 1923, паст. Першым т-вам бел. драмы і камедыі; ролю Мікіты выконваў аўтар; БДТ-3, 1923; Бел. т-рам імя Я.​Купалы, 1979), дзіцячых п’ес «Данілка і Алеська» (1920), «Пастушкі» (1921) і інш. У 1930-я г. практычна адышоў ад літ. дзейнасці. Апошні верш Ч. «Прысяга» пра асабістую невінаватасць напісаны на сцяне мінскай турмы, захаваў у памяці М.​Хведаровіч. Асобныя вершы Ч. пакладзены на музыку. На тэкст п’есы «На Купалле» А.​Туранкоў стварыў оперу «Кветка шчасця» (1940).

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1958;

Выбранае. Мн., 1982.

Літ.:

Ярош М. Міхась Чарот: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1963;

Багдановіч І.Э. Міхась Чарот // Гісторыя беларускай літаратуры XX ст. Мн., 1999. Т. 2;

Яе ж. Авангард і традыцыя: Бел. паэзія на хвалі нац. адраджэння. Мн., 2001.

І.​Э.​Багдановіч.

М.Чарот.

т. 17, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)