НАЦЭ́НКА,

частка рознічнай цаны тавару, што ўстанаўліваецца гандл. і інш. прадпрыемствамі пры яго рэалізацыі. Прызначана для пакрыцця расходаў, звязаных з продажам (вяртаннем выдаткаў абарачэння) і атрыманнем прыбытку ад гэтых аперацый — гандлёвай надбаўкі. На некат. прадпрыемствах (напр., грамадскага харчавання) ужываюцца дыферэнцаваныя Н. на рознічныя цэны сыравіны, якая выкарыстоўваецца для вырабу ўласнай прадукцыі і на большасць пакупных тавараў, што не патрабуюць цеплавой апрацоўкі. Н. адрозніваецца таксама ў залежнасці ад катэгорыі і тыпу прадпрыемства, месца знаходжання, ступені матэрыяльна-тэхн. абсталяванасці, аб’ёму паслуг, што прадастаўляюцца, узроўню абслугоўвання і інш. Н. брокера — плата, якая бярэцца брокерам (дылерам) пры выкананні ім дылерскіх функцый, звязаных з пакупкай у кліента каштоўных папер і іх наступным продажам па больш высокай цане; гэта сума таксама ўключаецца ў суму продажу. Гл. таксама Скідка.

У.Р.Залатагораў.

т. 11, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЖА́ [ад франц. marge поле (старонкі), край],

1) велічыня, якая паказвае розніцу паміж двума пэўнымі паказчыкамі (напр., цаной прадаўца і цаной пакупніка).

2) У банку — розніца паміж працэнтнымі стаўкамі па крэдытах і па дэпазітах.

3) Розніца паміж рыначным коштам каштоўных папер і атрыманай пад іх пазыкай (можа вылічацца банкам пры выдачы пазыкі пад закладную каштоўнымі паперамі).

4) У маркетынгу — гандлёвая нацэнка, якая вызначаецца прамысл. прадпрыемствамі.

5) На біржы — сума грошай, якая выплачваецца разліковай палаце брокерам або брокеру кліентамі для пакрыцця неспрыяльных ваганняў у кошце ф’ючарснага кантракту пасля яго рэгістрацыі.

т. 10, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)