НЕАДНАРО́ДНЫЯ ХВА́ЛІ,

электрамагнітныя ваганні, у якіх плоскасці роўных фаз і роўных амплітуд непаралельныя. Узнікаюць у празрыстых асяроддзях пры поўным адбіцці і ў паглынальных (узмацняльных) асяроддзях пры падзенні выпрамянення нахільна да мяжы асяроддзяў. Уласцівасці Н.х. улічваюцца ў разліках пры распрацоўцы аптычных прылад, напр., хваляводаў і аптычных ліній сувязі, лазераў хваляводнага тыпу і інш.

Тэорыя Н.х. распрацавана ў Ін-це фізікі АН Беларусі Ф.І.Фёдаравым у 1950—70-я г. на аснове каварыянтных метадаў. Н.х. адрозніваюцца тым, што вектары эл. і магн. палёў ляжаць у розных плоскасцях і апісваюць розныя крывыя (за выключэннем выпадку кругавой палярызацыі). Паток і шчыльнасць энергіі такіх хваль залежаць ад палярызацыі зыходнага выпрамянення. На ўласцівасцях Н.х. заснавана з’ява бакавога зрушэння адбітага праменя (Фёдарава зрух). У крышталях пры адсутнасці падвойнага праменепраламлення магчыма ўзнікненне Н.х., палярызацыя якіх змяняецца з глыбінёй пранікнення паводле лінейна-экспаненцыяльнага закону (хвалі Фёдарава—Пятрова).

Літ.:

Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;

Петров Н.С., Федоров Ф.И. Новый вид плоских электромагнитных волн в поглощающих кристаллах // Оптика и спектроскопия. 1963. Т. 15, № 6.

М.​С.​Пятроў.

т. 11, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́ДКАВЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

горныя пароды, якія ўтвараюцца асаджэннем рэчыва ў водным асяроддзі, радзей з паветра і ў выніку дзейнасці ледавікоў. У залежнасці ад характару асаджэння падзяляюцца на абломкавыя, хім. і арганагенныя (біягенныя). Утвараюць пласты, слаі, лінзы і інш. геал. целы рознай формы і памераў, якія залягаюць у зямной кары гарызантальна, нахільна або ў выглядзе складаных складак. Адрозніваюць больш як 10 груп асадкавых горных парод: абломкавыя, гліністыя, глаўканітавыя, гліназёмістыя, жалезістыя, фасфатныя, марганцавыя, карбанатныя, солі, каўстабіяліты і інш., а таксама мяшаныя вулканагенна-асадкавыя пароды. Сярод асадкавых горных парод пераважаюць гліністыя (гліны, аргіліты, гліністыя сланцы — каля 50%), пясчаныя (пяскі і пясчанікі) і карбанатныя (вапнякі, даламіты і інш.; разам каля 45%), астатнія тыпы (солі і інш.) складаюць менш за 5%. Утварэнне і размяшчэнне на зямной паверхні асадкавых горных парод (асадканамнажэнне) вызначаецца пераважна кліматычнымі і тэктанічнымі ўмовамі, мае перыядычны характар і падобныя ўмовы ў мінулыя геал. эпохі і ў сучаснасці. Асадкавыя горныя пароды складаюць каля 10% масы зямной кары, укрываюць 75% паверхні Зямлі. Асн. іх маса сканцэнтравана на мацерыках (752 млн. км³), шэльфах і кантынентальных схілах (158 млн. км³), менш на дне акіянаў (190 млн. км³). Многія асадкавыя горныя пароды — карысныя выкапні (нафта, прыродны газ, вугаль, фасфарыты, баксіты, вапнякі, нярудныя буд. матэрыялы). Пашыраны на ўсёй тэр. Беларусі, асабліва гліны, алеўраліты, пяскі, каменная і калійная солі, ангідрыт, вапнякі, даламіты, мергелі, мел.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии: (к Межведомств. стратигр. Совещанию, Минск, октябрь, 1981 г.). Мн., 1981;

Логвиненко Н.В. Петрографяя осадочных пород с основами методики исследования. 3 изд. М., 1984.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)