Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКА ВЕ́РШАЎ,
цыкл вершаў, аб’яднаных агульнай тэмай, галоўнымі героямі, падабенствам будовы, стылёва-жанравымі адзнакамі і інш. У бел. л-ры тэрмін «нізка» ў крыху інш. форме («нанізка») упершыню ўжыты М.Багдановічам у арт. «За тры гады» (1913). Н.в. пашырана ў бел. паэзіі з пач. 20 ст. Н.в. «З песень беларускага мужыка» змясціў Я.Купала ў зб. «Жалейка» (1908), з асобных паэт. цыклаў складаюцца зб-кі Я.Коласа «Песні-жальбы» (1910), Багдановіча «Вянок» (1913), А.Гаруна «Матчын дар» (1918). Узаемасувязь паміж творамі, якія ўваходзяць у Н.в. бывае самая разнастайная. Іх можа яднаць агульны лірычны настрой («Крыху восені і жменька кляновых лістоў» У.Дубоўкі), жанр («Трохрадкоўі», «Пяцірадкоўі» А.Глобуса), тэма («Водар і шолах» Д.Бічэль-Загнетавай), погляд аўтара на пэўную гіст. падзею («Курапаты» А.Дэбіша), скразная эстэт.-філас. думка («Чатыры стыхіі» С.Дзяргая), постаць апавядальніка («Вёска» Я.Купалы), месца дзеяння («Полацк. Нафтабуд» Г.Бураўкіна). У паэзіі бываюць ўстойлівыя, т.зв. цвёрдыя віды вершаваных нізак; трыпціх («Трыпціх Ушаччыны» Р.Барадуліна), вянок санетаў («Нарач» Н.Гілевіча) і інш. Пашырана ў сучаснай паэзіі, асабліва ў творчасці маладых аўтараў (Дэбіш, І.Пракаповіч, І.Снарская, І.Хадарэнка, А.Чобат і інш.). Н.в. называюць таксама цыкл вершаў новай кнігі паэта, змешчаны ў перыядычным выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́КША (Валянцін Антонавіч) (н. 16.11.1937, г. Полацк Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Полацкі лясны тэхнікум (1956), Вышэйшую парт. школу пры ЦККПСС (1976). З 1956 працаваў у Пензенскай аэрафоталесаўпарадчай экспедыцыі, інструктарам Полацкага гаркома ЛКСМБ, у трэсце «Нафтабуд» (Полацк). З 1961 журналіст, з 1973 на Бел. радыё, у 1980—98 дырэктар выд-ва «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Асн. матывы яго паэзіі — расказ пра моладзь, рамант. героіка прац. будняў, мінулае і сённяшняе роднага краю, карціны побыту краін, дзе пабываў сам (зб-кі «Гарады нараджаюцца сёння», 1964; «Атава», 1969; «Споведзь», 1973; «Агонь і попел», 1989; «Агні далёкіх гарадоў», 1992; паэма-хроніка «Белыя берагі», 1981; гераічная драма-паэма «Падснежнікі для Веры», 1986). Аўтар кніг публіцыстыкі і нарысаў «Наша, полацкая прафесія» (1966), «Рамантыкі шасцідзесятых» (1967), «Дзесяць дарог да чароўнага» (1970), «Полацк» (1973), радыёп’ес «Інтэгралы на цэгле» (1974), «Мая радня» (1975), «Свае крылы» (1976); лібрэта радыёоперы К.Цесакова паводле «Палескай хронікі» І.Мележа «Барвовы золак» (паст. 1979); п’ес «Калі вяртаюцца буслы» (1982), «Пад шыфрам «Зорачка» і «Чароўны камень» (абедзве 1985), «Прывіды з могільніка аўтамабіляў» (1990) і інш. Выдаў кнігі вершаў і казак для дзяцей «Аркестр» (1972), «Зялёная бальніца» (1974), «Лета — круглы год» (1978), «Крылаты цэх» (1982), «Як Ліса вучылася лётаць» (1991) і інш., сатыр. і гумарыстычных вершаў і фельетонаў «Радзімыя плямы» (1982). На вершы Л. напісана шмат песень. Літ. прэмія імя П.Броўкі 1994. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.