ВАЛДА́ЙСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

апошняе зледзяненне плейстацэну ў еўрап. ч. Расіі. Адбылося 80—11 тыс. г. назад. У пачатку зледзянення ледавік дасягаў макс. памераў і даходзіў да цяперашняга г. Цвер (ранневалдайская, калінінская, падпарожская стадыя), пасля чаго настала пацяпленне (сярэдневалдайскае, ленінградскае, манчалоўскае). У канцы валдайскага зледзянення ледавік зноў пашырыўся і падыходзіў да сучаснага Валдайскага узв. (познавалдайская, асташкаўская стадыі). Валдайскае зледзяненне адпавядае паазерскаму зледзяненню ў Беларусі, вюрмскаму зледзяненню ў Альпах, віскансінскаму ў Паўн. Амерыцы, вейхзельскаму, віслінскаму ў Зах. Еўропе.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГА́ННІ КЛІ́МАТУ,

рытмічныя змяненні клімату на працягу невял. адрэзкаў часу (не менш як 10 гадоў) у рамках пэўнага клімату дадзенай мясцовасці. Выражаюцца ў змене цёплых перыядаў больш халоднымі або сухіх вільготнымі. Ваганні клімату звязваюць са змяненнямі сонечнай актыўнасці (11- і 80-гадовыя цыклы), скорасці вярчэння Зямлі (250-гадовыя), сілы прыліваў (каля 1700-гадовы цыкл) і інш. У геал. мінулым, верагодна, былі больш глыбокімі і працяглымі. Найб. вывучаны ў гіст. час і сучасныя, за апошнія 150—200 гадоў. На пачатку н.э. клімат Еўропы быў падобны на сучасны, у 11—13 ст. значна цяплейшы (у Грэнландыі пашырылася жывёлагадоўля). Моцнае пахаладанне ў 15—16 ст. наз. малым ледавіковым перыядам. У 17 ст. адбылося пацяпленне, потым да сярэдзіны 19 ст. клімат зноў быў халодны і вільготны, пасля чаго настала сучаснае пацяпленне (вынік супадзення 80- і 250-гадовых цыклаў).

т. 3, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДА́НЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,

залежныя сінтакс. адзінкі, якія маюць форму слова ці словазлучэння і развіваюць структурную аснову (прэдыкатыўнае ядро) сказа. Знаходзяцца ў падпарадкавальнай сувязі з галоўнымі членамі сказа або інш. членамі сказа і ўдакладняюць, дапаўняюць ці паясняюць іх. У сказе яны рэалізуюць і абагульняюць атрыбутыўныя, аб’ектыўныя і акалічнасныя адносіны. У залежнасці ад характару гэтых адносін Д.ч.с. ў бел. мове па традыцыі падзяляюцца на азначэнніНастала ранняя вясна»), дапаўненні («Вецер калыша збажыну») і акалічнасці («У нагах трава нізка сцелецца»).

У бел. мове адзін і той жа Д.ч.с. можа сумяшчаць у сабе атрыбутыўнае і аб’ектыўнае або атрыбутыўнае і акалічнаснае ці аб’ектнае і акалічнаснае значэнні, а г.зн., што паміж названымі Д.ч.с. не існуе выразнай мяжы. Традыц. класіфікацыя іх некалькі схематычная, не зусім дакладная, бо не ўлічвае пераходных з’яў паміж Д.ч.с. і той ролі, якую кожны з іх адыгрывае ў структурнай арганізацыі сказа. Вядуцца пошукі больш дакладнай класіфікацыі Д.ч.с.

Л.І.Бурак.

т. 6, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)