ЛЕДАВІКО́ВЫЯ ЛАГЧЫ́НЫ, лагчыны ледавіковага выворвання і размыву,
выцягнутыя далінападобныя паглыбленні ў рэльефе ложа антрапагенавых адкладаў, утвораныя актыўнымі ледавікамі і напорнымі водамі падледавіковых патокаў. На Беларусі трапляюцца ў паласе канцова-марэнных утварэнняў (напр., у бас. Дняпра і Нёмана). Глыб. лагчын 50—250 м ніжэй узроўню вады ў сучасных рэках, адзнакі макс. заглыбленняў да 120—168 м ніжэй узроўню мора; некаторыя дасягаюць крышт. фундамента і ўразаюцца ў яго да 40 м; даўж. ад соцень метраў да дзесяткаў кіламетраў, шыр. ад 0,5 да 25—30 км. Стромкасць схілаў да 30—35°. Падоўжаны профіль днішчаў няроўны. На дне і на бартах звычайна дыслакацыі, шмат адорвеняў. Ніжняя ч. разрэзу запоўнена гляцыяалювіем, марэннымі адкладамі; верхняя складзена азёрна-ледавіковымі і маладымі ледавіковымі адкладамі. Самыя глыбокія Л.л. ўтвораны беларускім (раннебярэзінскім) і бярэзінскім (познабярэзінскім) ледавікамі. Большасць лагчын аднаўлялася ў час кожнага зледзянення. На асобных участках наследаваны сучаснымі рэкамі. Л.л. з’яўляюцца сховішчамі падземных вод.
Літ.:
Горецкий Г.И. Особенности палеопотамологии ледниковых областей. Мн., 1980;
Нечипоренко Л.А. Условия залегания и тектоническая предопределенность антропогенового покрова Белоруссии. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
На Пн Мінскай і Пд Віцебскай абласцей, у складзе Мінскага ўзвышша. Абмежавана Нарачана-Вілейскай і Верхнебярэзінскай нізінамі на З і У, скразнымі далінамі рэк Вілія—Поня на Пн і Ілія—Гайна на Пд. Найб.выш. 296 м (у паўд.ч.). Частка водападзелу паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў.
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. На фундаменце залягаюць адклады сярэдняга дэвону, перакрытыя антрапагенавай тоўшчай. Сярэдняя магутнасць антрапагенавых адкладаў 110—120 м. Прадстаўлены ледавіковымі, водналедавіковымі і міжледавіковымі (алювіяльнымі, азёрнымі, балотнымі, схілавымі) утварэннямі. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф.
Сучасны градава-ўзгорысты і ўзгорыста-ўвалісты рэльеф узвышша сфарміраваўся ў выніку ледавіковай акумуляцыі ў час сожскага зледзянення і пазнейшай эразійна-дэнудацыйнай перапрацоўкі ў познім атрапагене і галацэне. Вылучаюцца 3 паласы град. Знешнія грады насыпныя, спадзістыя; унутраныя і цэнтр. з лускавата-насоўнымі і складкавымі гляцыядыслакацыямі. Трапляюцца озы і камы. На Пд, на прыўзнятых участках, рэльеф буйнаўзгорысты. Узвышша праразаюць стараж. лагчыны сцёку, якія часткова наследаваны сучаснымі рэкамі. На зах. схіле — рэкі Дзвінаса, Ілія (прытокі Віліі), на ўсх. — Гайна і Цна (бас. Бярэзіны). Даліны рэк неглыбокія, слабатэрасаваныя, месцамі забалочаныя. На р. Дзвінаса Плешчаніцкае вадасх. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя і поймавыя. Пад лесам 50% тэрыторыі, на Пнвял. хваёвыя і ялова-хваёвыя масівы, цэнтр.ч. пад яловымі зеленамошна-кіслічнымі лясамі з дамешкам шыракалістых парод, паўд.ч. — з участкамі ялова-хваёвых бруснічна-мохавых і чарнічных лясоў. У поймах рэк трапляюцца чорнаальховыя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКАЯ ГРАДА́,
краявое ледавіковае ўтварэнне на ПдЗ Беларусі. Займае тэр. Нясвіжскага, Клецкага, Капыльскага і Слуцкага р-наў Мінскай, Баранавіцкага і Ляхавіцкага р-наў Брэсцкай абласцей. Належыць да паўд. адгалінавання Беларускай грады. На Пд абмежавана Баранавіцкай і Слуцкай раўнінамі, на З пераходзіць у Навагрудскае ўзв., на У працягваецца ў выглядзе ізаляваных канцавых утварэнняў. У субшыротным напрамку цягнецца амаль на 100 км, у субмерыдыянальным — на 45—50 км. Выш. да 243 м над узр. м. Адносная выш. да 84 м. Частка гал. водападзелу бас. Чорнага і Балтыйскага мораў. Рэльеф цэнтр. часткі згладжаны, на ўскраінах значна расчлянёны. У К.г. ўваходзяць больш дробныя канцова-марэнныя грады: Юшавіцкая, Скабінская, Браткаўская, Старасельская і шэраг участкаў з узгорыста-ўвалістым рэльефам у наваколлі в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. Да схілаў і міжградавых дэпрэсій прымеркаваны камы і камавыя масівы. Маюць месца папярочныя скразныя даліны, якія былі лагчынамі сцёку расталых ледавіковых вод і наследаваны сучаснымі рэкамі бас. Прыпяці (Нача, Лань, Морач, Лакнея) і бас. Нёмана (Ведзьма, Уша, Выня). К.г. прымеркавана да Бабаўнянскага выступу крышт. фундамента Бел. антэклізы, пароды якога ў некаторых месцах перакрыты толькі адкладамі плейстацэну. На перыферыі выступу ў асадкавай тоўшчы сустракаюцца адклады верхняга дэвону, мелу, палеагену і неагену. У будове плейстацэнавай тоўшчы прымалі ўдзел ледавіковыя ўтварэнні (марэнныя супескі, флювіягляцыяльныя пяскі, жвір і інш.) 4 зледзяненняў, а таксама перыгляцыяльныя і міжледавіковыя пароды (торф, гітыі, сапрапеліты, лёсы і інш.). Карысныя выкапні: буд. пяскі, жвір, торф, гліна. Глебы дзярнова-падзолістыя моцна ападзоленыя на павышаных участках, дзярнова-балотныя і тарфяна-балотныя ў далінах і лагчынах. Пад лесам каля 20% тэр., пад ворывам — да 60%.