нартэкс

т. 11, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІ́ЛІ́КА

(ад грэч. basilikē царскі дом),

выцягнуты, прамавугольны ў плане будынак, падзелены падоўжнымі радамі калон ці слупоў на некалькі (звычайна 3 ці 5) частак (т.зв. караблёў, ці нефаў), якія маюць самастойныя перакрыцці. Сярэдні гал. неф заўсёды вышэйшы за бакавыя, верхняя частка яго сцен, прарэзаная вокнамі, выступае над дахамі бакавых нефаў. Перад уваходам базілікі — папярочны прытвор (нартэкс), а ў процілеглым канцы сярэдняга, большага па шырыні нефа — паўкруглы выступ (апсіда), накрыты паўкупалам. Першапачаткова базілікі мелі драўлянае перакрыцце, якое пазней замянілі мураваным скляпеністым. У Стараж. Рыме базілікі выкарыстоўваліся як судовыя залы, рынкі, біржы і інш. Пазней базіліка стала адным з асн. тыпаў хрысц. храмаў, пашырылася ў візантыйскай, сірыйскай, раманскай і гатычнай архітэктуры, а таксама ў архітэктуры Адраджэння і барока. На Беларусі базілікі з’явіліся ў канцы 16 ст., пашырыліся ў 18 ст. Найчасцей выкарыстоўваліся ў культавых хрысц. будынках (каталіцкіх, праваслаўных і уніяцкіх), зрэдку — у ратушах (Слуцк), сінагогах (Слонім).

т. 2, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ БЛАГАВЕ́ШЧАНСКАЯ ЦАРКВА́, Віцебская царква Звеставання,

Віцебская Дабравешчанская царква, помнік стараж.-рус. дойлідства. Пабудавана ў сярэдзіне 12 ст. ў Віцебску, на левым беразе Зах. Дзвіны ў тэхніцы opus mixtum — адзін рад часаных вапняковых блокаў чаргаваўся з 2—3 радамі плінфы. Кампазіцыя складалася з 4-слуповага 3-нефавага аднаапсіднага асн. аб’ёму, да зах. сцяны якога далучаўся нартэкс з хорамі. Храм быў узорам пераасэнсавання візант. буд. традыцыі ў мясц. умовах. Аб удзеле ў буд-ве грэч. дойлідаў, якіх, магчыма, прывезлі ў 1140-я г. полацкія князі (былі сасланы ў Візантыю ў 1129), сведчаць буд. методыка і выкарыстанне футавай метрычнай сістэмы. Будынак меў шэраг асаблівасцей, не ўласцівых арх. школам Русі таго часу: бакавыя нефы заканчваліся паўцыркульнымі нішамі ва ўсх. сцяне, апсіда мела трапецападобную віму (адзіны выпадак ва ўсх.-слав. хрысціянскай архітэктуры), па ўсёй даўжыні храм падзяляўся на амаль аднолькавыя часткі. Вонкавая паверхня сцен была пакрыта цамянкавай абмазкай і раскрэслена белымі палосамі, якія імітавалі квадравую муроўку. У інтэр’еры была фрэскавая размалёўка (не збераглася). Царква шмат разоў перабудоўвалася. У 1619, калі яна стала уніяцкай, перад зах. фасадам зроблена прыбудова, завершаная трохвугольным франтонам; закамары на паўд. фасадзе былі знівеліраваны.

У 1714 і 1759 перабудоўвалася і набыла рысы стылю віленскага барока, зах. фасад фланкіраваны 2 вежамі-званіцамі, да паўд. прыбудавана 2-павярховая пабудова з асобным уваходам, купал заменены на сігнатуру над алтаром. Пасля 1862 храм набыў рысы рэтраспектыўна-рус. стылю; былі знішчаны вежы-званіцы, узведзены вялікі драўляны гранёны барабан з цыбулепадобным купалам. У Вял. Айч. вайну храм быў пашкоджаны, у пач. 1960-х г. зруйнаваны. У канцы 1970-х г. праведзена кансервацыя помніка (арх. С.Друшчыц). З 1992 вядзецца рэстаўрацыя (арх. Г.Лаўрэцкі).

Г.А.Лаўрэцкі.

т. 4, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬЧЫЦКІ БАРЫСАГЛЕ́БСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 12 — 1-й пал. 20 ст. на месцы рэзідэнцыі полацкіх князёў у б. прадмесці Полацка Бельчыцы, за км ад Верхняга замка, на левым беразе р. Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Бельчанка. Унікальны культавы комплекс 12 ст., выключная з’ява ў дойлідстве і манум. жывапісе Стараж. Русі. Уключаў 4 мураваныя храмы (захаваліся фундаменты 3 цэркваў), пабудаваныя ў 12 ст. ў тэхніцы муроўкі сцен з плінфы са схаваным радам, характэрнай для Полацкай школы дойлідства.

Вялікі сабор (пабудаваны ў 1120—30-я г., назва невядома) — крыжова-купальны 3-апсідны храм, падзелены 6 стаўпамі на 3 нефы, меў 3 прытворы. Вынесеная ў асобную зону алтарная частка, далучаная да асн. аб’ёму, надавала храму ўзнёслы цэнтрычны выгляд. Фасады дэкарыраваны плоскімі лапаткамі. Падлога была выкладзена паліванымі пліткамі, сцены размаляваны фрэскамі (зберагліся фрагменты). Барысаглебская царква — 3-нефавы 1-апсідны храм. Да невял. квадратнага ў плане 4-стаўповага асн. аб’ёму з З далучаўся нартэкс, які з хорамі ўтвараў паніжаны адносна ўсёй кампазіцыі аб’ём. Сцены ўнутры былі ўпрыгожаны фрэскамі з выявамі святых, арнаментам. Пятніцкая царква — падоўжаная ў плане вузкая пабудова, паніжаная зах. частка якой (магчыма, 18 ст.) стаяла на месцы першапач. прамавугольнай апсіды. Мела таксама прытвор і крыпту (верагодна, пахавальня кн. Барыса Усяславіча). Сцены былі размаляваны фрэскамі. Храм-трыконх паводле малюнка канца 18 ст. — падоўжаны па восі У—З прамавугольнік з паўкруглай апсідай, дзе быў прастол. Бакавыя апсіды ўтваралі своеасаблівы трансепт, на 4 слупы якога абапіраўся барабан з купалам. Падобную планіроўку маюць храмы Афона, Балгарыі і Сербіі.

У 1928 напаўразбураныя Барысаглебскую і Пятніцкую цэрквы даследаваў І.М.Хозераў. Вялікі сабор даследавалі ў 1965 М.К.Каргер, у 1970-я г. П.А.Рапапорт, у 1990 А.А.Трусаў.

Літ.:

Селицкий А.А. Живопись Полоцкой земли XI—XII вв. Мн., 1992.

Г.А.Лаўрэцкі.

т. 3, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)