НА́РВЕНСКІ САЮ́ЗНЫ ДАГАВО́Р 1704 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай.

Падпісаны 30 жн. рас. паслом Ф.​А.​Галавіным і паслом Рэчы Паспалітай Т.​Дзялынскім (фактычна прадстаўляў Сандамірскую канфедэрацыю, што падтрымлівала караля Аўгуста ІІ у барацьбе супраць таксама выбранага каралём швед. стаўленіка Станіслава Ляшчынскага) каля г. Нарва (Эстонія) у Паўночную вайну 1700—21. Бакі абавязваліся весці сумесныя ваен. дзеянні супраць Швецыі і не заключаць сепаратных пагадненняў. Расія абяцала даць Аўгусту II дапаможнае войска (12 тыс. чал. і артылерыю), выплачваць штогод субсідыю (200 тыс. руб.) на ўтрыманне арміі Рэчы Паспалітай (48 тыс. чал.), дапамагчы ў падаўленні казацкага паўстання на Правабярэжнай Украіне. У выніку дагавора Рэч Паспалітая атрымлівала магчымасць супрацьстаяць швед. агрэсіі, Расія разлічвала звязаць гал. сілы шведаў у глыбіні Рэчы Паспалітай. Пасля паражэнняў ад швед. войск Аўгуст II 24.9.1706 заключыў са швед. каралём Карлам XII сепаратны Альтранштацкі мір, чым фактычна скасаваў Н.с.д.

Л.​Л.​Міхайлоўская.

т. 11, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМО́РНІЦКАЯ КУЛЬТУ́РА, нарвенскі цыкл,

археалагічная культура перыяду ранняга мезаліту на тэр. Польшчы і Зах. Беларусі (9—7-е тыс. да н.э.). Назва ад в. Каморніца (Польшча).

Для К.к. характэрны крамянёвыя прылады працы з пласцінкападобных адшчэпаў, пры апрацоўцы якіх выкарыстоўвалася мікралітычная тэхналогія (восі прылад звычайна не супадаюць з восямі загатовак). На помніках К.к. найчасцей знаходзяць вастрыі, апрацаваныя сустрэчнай рэтушшу, і паўвастрыі з дугападобным краем (тыпу Каморніца), «тупаспіннікі» (мікраграветы) з прамым краем (тыпу Ставінога або Кудлаеўка), выгнутыя ланцэтападобныя вастрыі, сегменты і падобныя да іх прылады разнастайнай шырыні з тупым вуглом у аснове, трохвугольнікі, кароткія і акруглыя скрабкі, вуглавыя і папярочныя разцы і інш.

Асобныя вырабы і комплексы рэчаў, якія нагадваюць каморніцкія, сустракаюцца ў Панямонні, на ПдУ Беларусі (Беласарока), у складзе рудавостраўскай культуры Паўн. Украіны.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)