Нарачана-Вілейская нізіна 1/533 (к.); 2/212; 3/80 (к.); 4/254; 5/63; 6/560; 7/231, 336, 337 (к.), 343, 394, 395; 9/362

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЧА́НА-ВІЛЕ́ЙСКАЯ НІЗІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на ПнУ Гродзенскай, Пн і ПнЗ Мінскай абласцей, у басейне верхняга і сярэдняга цячэння р. Вілія. Мяжуе са Свянцянскімі градамі на Пн, Верхнебярэзінскай нізінай на У, Мінскім і Ашмянскім узвышшамі на ПдУ і Пд, Нярыска-Жэймянскай нізінай (Літва) на 3. Выш. 155—190 м, найб. 232 м (Канапанцінаўская града), пл. 7,4 тыс. км², працягласць з 3 на У 115—145 км, з Пн на Пд 35—75 км.

Н.-В.н. прымеркавана да паўд.-зах. ч. Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы і Прыбалтыйскай монакліналі. Крышт. фундамент перакрыты асадкавай тоўшчай верхняга пратэразою (венд), ніжняга і сярэдняга кембрыю, ардовіку, сілуру, сярэдняга дэвону, месцамі ніжняга і верхняга мелу і антрапагену на ўсёй тэрыторыі. У антрапагенавай тоўшчы (магутнасць 80—100, зрэдку 120 м) вылучаны адклады бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў.

У паўн. ч. нізіны вылучаны канцовамарэнныя грады паазерскага зледзянення: Свірская, Канстанцінаўская, Паўн.- і Паўд.-Нарачанскія, якія ўтвараюць сістэму ўзгоркаў і ўвалаў даўж. 0,5—3 км, з адноснымі выш. 10—20 м. Грады складзены з супясчана-сугліністай марэны і пясчана-галечнага матэрыялу. Да ўскраін Свірскай і Паўн.-Нарачанскай град прымеркаваны озы і камы. На У нізіны канцова-марэнныя ўтварэнні сожскага зледзянення — Куранецкая і Касцяневіцкая грады. Схілы іх згладжаны і парэзаны лагчынамі. Большасць тэр. Н.-В.н. займае водна-ледавіковая раўніна, сфарміраваная расталымі водамі паазерскага ледавіка. Паверхня яе пераважна спадзіста-хвалістая, адносныя перавышэнні 3—4 м. Характэрны замкнутыя забалочаныя ўчасткі з рэліктавымі азёрамі, азёрныя катлавіны, дзюны. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, сапрапель, торф, мінер. воды. Гал. рэкі: Вілія з прытокамі Ашмянка, Уша, Ілія, Дзвінаса, Сэрвач, Нарач з Вузлянкай, Страча; Струна. Шмат азёр, з іх найбольшыя: Нарач, Мястра, Баторына, Свір, Вішнеўскае, Сарачанскія. У межах Н.-В.н. пачынаецца Вілейска-Мінская водная сістэма, у складзе якой Вілейскае вадасховішча. Сярэднія т-ры студз. -7,5 °C, ліп. 16,8 °C; ападкаў — 602 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, дзярнова-перагнойна-глеевыя. Пад лесам 36% тэрыторыі, пераважаюць хваёвыя, трапляюцца шыракаліста-яловыя лясы. Пад ворывам да 35% тэрыторыі. У межах Н.-В.н. нац. парк Нарачанскі, заказнікі: ландшафтны Блакітныя Азёры, гідралагічны Чарэмшыца, біял. Дубатоўскае, Некасецкі, Пасынкі, Рудакова. Вакол воз. Нарач курортная і водаахоўная зоны.

Я.​А.​Ільін.

Нарачана-Вілейская нізіна.

т. 11, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОР,

спелы хваёвы лес, які расце пераважна на пясчаных, супясчаных і лёгкасугліністых глебах. Пашыраны на алювіяльных і водна-ледавіковых нізінах і раўнінах, дзюнах, озах, камах. На Беларусі самыя вялікія бары на Полацкай, Нарачана-Вілейскай, Верхнянёманскай, Верхнебярэзінскай нізінах, на Мінскім узвышшы, Палессі, Цэнтральнабярэзінскай і Чачорскай раўнінах; найб. старыя — у Белавежскай пушчы.

Дрэвастоі ў бары часам з дамешкам бярозы, месцамі — елкі; падлесак рэдкі. Паводле наглебавага покрыва вылучаюць бары-беламошнікі, ці лішайнікавыя, і бары-зеленамошнікі — верасовыя, бруснічныя, імшыстыя, чарнічныя. Бары бываюць сухія, свежыя, вільготныя. Маюць глеба- і водаахоўнае значэнне, даюць драўніну, выкарыстоўваюцца для падсочкі жывіцы, збору ягад, грыбоў, лек. раслін.

т. 3, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯХНО́ВІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

паўн.-зах. частка Радашковіцкага ўзвышша, у Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Абмежавана далінамі рэк Бярэзіна (прыток Нёмана) на ПдЗ, Уша (прыток Віліі) на Пн і Нарачана-Вілейскай нізінай на У. Комплекс градава-ўзгорыстага, дробна- і сярэднеўзгорыстага (выш. да 313 м на ПнЗ) марэннага рэльефу. Глыбіня эразійнага расчлянення рэльефу да 10—20 м. Ускраіны ўзвышша маюць стромкія схілы ў бок рачных далін і нізіны. Складаецца з марэнных суглінкаў і супескаў, перакрытых лёсападобнымі пародамі невял. магутнасці. Большая частка Аляхновіцкага ўзвышша разарана. Хмызнякі і лясы (ялова-дубова-хваёвыя групоўкі) захаваліся на схілах узвышша.

Л.​А.​Нічыпарэнка.

т. 1, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РАЧ, Нарачанка,

рака ў Вілейскім і Мядзельскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Вілія. Даўж. 75 км². Пл. вадазбору 1650 км². Пачынаецца на Пд з воз. Нарач, цячэ ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, у ніжнім — трапецападобная, шыр. 1—1,5 км. Пойма двухбаковая, часткова аблесеная, у верхнім і сярэднім цячэнні забалочаная (шыр. 300—600 м), ніжэй перарывістая, вузкая, адкрытая. Рэчышча звілістае, шыр. 8—16 м, ад в. Слабада на працягу 5 км каналізаванае. Замярзае ў пач. снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,9 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм.

т. 11, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАШКО́ВІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША.

На ПнЗ Мінскай вобл., пераважна ў Маладзечанскім р-не; у складзе Мінскага ўзвышша; водападзел (у цэнтр. ч.) паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Абмежавана верхнім участкам даліны р. Бярэзіна (прыток р. Нёман), ускраінай Нарачана-Вілейскай нізіны на Пн, плаўна пераходзіць да Валожынскага ўзв. на З і зліваецца з Лагойскім узв. на ПнУ. Найб. выш. 335 м (гара Маяк). Паводле В.​А.​Дзяменцьева паўн.-зах. ч. Р.ў. — Аляхновіцкае ўзвышша.

У тэктанічных адносінах Р.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх. ч. Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з сярэднедэвонскіх глін, мергеляў, даламітаў, пясчанікаў. Антрапагенавыя ўтварэнні ўключаюць адклады ўсіх ледавіковых (акрамя паазерскай) і міжледавіковых эпох. Пераважаюць дняпроўскія, сожскія марэнныя адклады, магутнасць якіх перавышае 250 м. На вяршынях узгоркаў і град марэна буравата-карычневая, лёгкасугліністая і супясчаная з вял. колькасцю валуноў.

У рэльефе ўзвышша сістэма градаваўзгорыста-ўвалістых утварэнняў спалучаецца з групамі і асобнымі купалападобнымі марэннымі і камавымі ўзгоркамі. Адносныя вышыні дасягаюць 35—50 м. На камавых участках, дзе захаваліся хвойныя лясы, а стромкасць схілаў 20—25°, рэльеф набывае гарысты характар. Паўн. схіл мае выгляд уступу выш. каля 50 м над Нарачана-Вілейскай нізінай. Вуглы нахілу 25—30°. Эразійная сетка ўключае даліны рэк, шматлікія лагчыны сцёку, кароткія яры. На спадзістых схілах сфарміраваліся дэлювіяльныя шлейфы. У межах узвышша знаходзяцца вярхоўі рэк Свіслач, Уша, Бярэзіна (прыток Нёмана). Даліны і вярхоўі рэк адрозніваюцца значнай глыбінёй і распрацаваны ў выніку рэгрэсіўнай эрозіі. Асн. ч. ўзвышша значна разарана, лясная і лугавая расліннасць трапляецца мясцінамі. З Пн на Пд Р.ў. перасякае Вілейска-Мінская водная сістэма.

В.​П.​Якушка.

т. 13, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮ́НЫ (ням. Düne, адз. л.), выдмы,

формы рэльефу пяскоў, утвораныя ветравой акумуляцыяй. Трапляюцца на ўзбярэжжах мораў, азёр, на рачных тэрасах, зандравых раўнінах, напр., на ўзбярэжжах Балтыйскага, Белага, Аральскага, Каспійскага мораў, на берагах Балхаша і інш. У адрозненне ад барханаў «рогі» Дз. накіраваны супраць ветру. Наветраны схіл доўгі і спусцісты, падветраны — стромкі і пукаты. Выш. да 30 м, зрэдку да 100 м. Не замацаваныя расліннасцю Дз. могуць перамяшчацца ў напрамку пануючых вятроў са скорасцю 1—20 м за год. Адрозніваюць папярочныя, падоўжаныя і парабалічныя Дз. На Беларусі стараж. Дз. трапляюцца на Палессі, Полацкай, Нарачана-Вілейскай і Нёманскай нізінах.

Пясчаная дзюна на ўзбярэжжы Прыбалтыкі.

т. 6, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛІЯ,

рака ў Лагойскім і Вілейскім р-нах Мінскай вобл., у бас. р. Вілія. Даўж. 62 км. Пл. вадазбору 1220 км². Утвараецца ад зліцця рэк Каменка і Бачылаўка, цячэ па паўн.-зах. схілах Мінскага ўзв., ніжэй па паўд.-ўсх. ускраіне Нарачана-Вілейскай нізіны. Асн. прытокі: Сліжанка, Мышкаўка, Выпрата, Жучок, Рыбчанка (злева), Дроздка (справа). Даліна невыразная, шыр. 2—3 км. Пойма забалочаная, нізкая, шыр. 300—500 м. Рэчышча ад вытоку на працягу 25 км каналізаванае, ніжэй звілістае, шыр. у межань у вярхоўі 5—10 м, ніжэй да 20 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,8 м³/с. Прымае сцёк з меліярац. каналаў. У ніжнім цячэнні — зона адпачынку Вілейка.

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІ́НАЎСКАЯ ГРАДА́,

краявое ледавіковае ўтварэнне на ПнЗ Беларусі. Размешчана на З Мядзельскага р-на Мінскай вобл., у межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ уздоўж паўн.-ўсх. берага воз. Свір. Выш. 190—200 м, найб. 232 м. Фарміраванне К.г. звязана з краявой зонай акумуляцыі паазерскага зледзянення. Складзена з антрапагенавых валунных супескаў і суглінкаў, пясчана-галечнага матэрыялу. Рэдкія камавыя ўзгоркі (выш. 5—15 м) складзены з тонкаслаістых пяскоў з уключэннем жвіру і галькі. Антрапагенавыя намнажэнні падсцілаюцца адкладамі сярэдняга дэвону (мергелі, даламіты, пясчанікі і інш.). Рэльеф грады сярэдне- і буйнаўзгорысты з ваганнямі адносных вышынь 15—20 м, радзей 25—30 м, грэбень узгорыста-хвалісты, парэзаны седлавінамі, схілы асіметрычныя: паўд.-зах. стромкі (10—30°), паўд.-ўсх. спадзісты, паступова пераходзіць у водна-ледавіковую раўніну. У двух месцах града парэзана далінамі прарыву рэк Страча і Вял. Перакоп. Глебы дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя, месцамі супясчана-сугліністыя. Лясы яловыя, радзей хваёвыя. Пад ворывам да 40% тэрыторыі.

т. 7, с. 594

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЭ́РВАЧ,

рака ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., Мядзельскім і Вілейскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Вілія. Даўж. 85 км. Пл. вадазбору 1105 км². Выцякае з воз. Сэрвач (Докшыцкі р-н), упадае ў Вілейскае вадасх. на ПдУ ад в. Людвінова Вілейскага р-на. Цячэ па ўсх. ч. Нарачана-Вілейскай нізіны. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, на астатнім працягу трапецападобная, шыр. 1,5—2,5 км, месцамі звужаецца да 0,6—1 км. Пойма двухбаковая, слабаперасечаная, у верхнім цячэнні забалочаная, тарфяністая, на астатнім працягу сухая, пясчаная. Рэчышча моцназвілістае, у сярэднім цячэнні на працягу 1,8 км каналізаванае, моцна зарастае ў верхнім; шыр. 2—5 м, у сярэднім і ніжнім 15—25 м, месцамі да 35—40 м. Найвыш. ўзровень разводдзя ў пач. крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 1,3—1,5 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы ледаход 5 сут. Сярэднегадавы расход у вусці 7,6 м³/с. Пры ўпадзенні р. Наква ў Сэрвач г.п. Крывічы, каля в. Людвінова створана сажалка. У нізоўях ракі зона адпачынку Вілейка.

т. 15, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)