НАПРА́ЎНІК (Эдуард Францавіч) (24.8.1839, Бішць каля г. Градзец-Кралаве, Чэхія — 23.11.1916),

рускі дырыжор, кампазітар, муз. дзеяч. З 1854 вучыўся ў Арганнай школе і Ін-це Майдэля ў Празе. З 1861 у Расіі, з 1863 пам. капельмайстра, з 1869 першы капельмайстар (гал. дырыжор) Марыінскага т-ра. У 1869—81 кіраваў сімф. канцэртамі Рус. муз. т-ва. Удзельнічаў у пастаноўцы каля 80 опер, дырыжыраваў прэм’ерамі опер Ц.​Кюі, А.​Сярова, М.​Рымскага-Корсакава, П.​Чайкоўскага, А.​Рубінштэйна і інш. Паставіў тэтралогію «Пярсцёнак нібелунга» Р.​Вагнера (1900—05), «Фідэліо» Л.​Бетховена (1905), «Арфей і Эўрыдыка» К.​В.​Глюка (1911) і інш. Аўтар опер «Дуброўскі» (паст. 1855, у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1948), «Ніжагародцы» (паст. 1868), «Гарольд» (паст. 1886), «Франчэска да Рыміні» (паст. 1902), 4 сімфоній (каля 1866—79), сімф. паэм, сюіт для сімф. арк., фантазіі на рус. тэмы для скрыпкі з арк., камерна-інстр. ансамбляў, п’ес для фп., скрыпкі і фп., для віяланчэлі і фп., рамансаў.

Літ.:

Михеева Л.В. Э.​Ф.​Направник. М., 1985.

Э.Ф.Напраўнік.

т. 11, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Напраўнік Э. Ф. 2/111, 254; 6/336; 7/388; 8/639

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫІ́НСКІ ТЭА́ТР,

тэатр оперы і балета ў С.-Пецярбургу; адзін са старэйшых і буйнейшых муз. т-раў Расіі. Вядзе гісторыю з 1783 ад Каменнага (Вялікага) т-ра, дзе разам з камедыямі і трагедыямі ставіліся оперы і балеты. У 1803 оперная і балетная трупы аддзяліліся ад драматычнай. У 1836 т-р адкрыўся ў новым будынку (арх. А.​Кавас) операй «Жыццё за цара» («Іван Сусанін») М.​Глінкі. З 1860 наз. Марыінскі т-р (у гонар імператрыцы Марыі Аляксандраўны). З 1919 Дзярж. акад. т-р оперы і балета, з 1935 — імя С.​М.​Кірава, з 1991 зноў М.т. На сцэне т-ра традыцыйна ставяцца оперы і балеты рус. і зах.-еўрап. класікаў, з 1960-х г. рэпертуар узбагаціўся многімі творамі сучасных кампазітараў. У розны час у т-ры працавалі: дырыжоры А.​Лядаў, Э.​Напраўнік, М.​Малько; спевакі Л.​Собінаў, Ф.​Шаляпін, В.​Пятроў, Б.​Штокалаў, Г.​Кавалёва; танцоўшчыкі Т.​Карсавіна, М.​Кшасінская, В.​Ніжынскі, Г.​Паўлава, Г.​Уланава, М.​Барышнікаў, І.​Бельскі, Г.​Комлева, Н.​Кургапкіна, Н.​Макарава, Р.​Нурыеў; балетмайстры М.​Петыпа, М.​Фокін, Ф.​Лапухоў; мастак А.​Бенуа і інш. У трупе (1999): спевакі У.​Агнавенка, М.​Ахотнікаў, І.​Багачова, Я.​Гарахоўская, Ю.​Марусін, К.​Плужнікаў, Л.​Філатава; артысты балета А.​Асылмуратава, К.​Заклінскі, А.​Куркоў, В.​Ліхоўская, Ю.​Махаліна, Ф.​Рузіматаў і інш. Гал. дырыжор і маст. кіраўнік В.Гергіеў (з 1988), гал. балетмайстар А.Вінаградаў (1977—99).

Літ.:

Конков А., Ступников И. Театр оперы и балета им. С.​М.​Кирова. Л., 1976;

Мариинский — вчера, сегодня, всегда... СПб., 1993.

Будынак Марыінскага тэатра.
Марыінскі тэатр. Сцэна з балета «Раймонда» А.​Глазунова.

т. 10, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫРЫЖЫ́РАВАННЕ (ад франц. diriger напраўляць, кіраваць),

кіраванне калектывам музыкантаў (аркестрам, хорам, ансамблем, опернай ці балетнай трупай і інш.) у працэсе падрыхтоўкі і ў час публічнага выканання ім муз. твора; адзін з відаў музычна-выканальніцкага мастацтва. Здзяйсняецца дырыжорам, які імкнецца перадаць калектыву сваю інтэрпрэтацыю задумы кампазітара, забяспечвае ансамблевую стройнасць і тэхн. дасканаласць выканання пры ўзнаўленні тэксту партытуры. Мастацтва Д. заснавана на спец. сістэме жэстаў рук; вял. ролю ў ім адыгрываюць таксама твар дырыжора, яго позірк, міміка. Значнае месца займае ў Д. тактаванне — абазначэнне (пераважна правай рукой) метрарытмічнай структуры музыкі; левай рукой звычайна даюцца ўказанні ў сферы дынамікі, фразіроўкі (у практыцы, аднак, пашырана свабоднае ўзаемапранікненне функцый абедзвюх рук). Д. патрабуе ад дырыжора шырокай адукаванасці, грунтоўнай муз.-тэарэт. падрыхтоўкі, тонкага слыху, добрай муз. памяці, актыўнай мэтанакіраванай волі.

Д. вядома з глыбокай старажытнасці. Напачатку ў нар.-хар. практыцы функцыі дырыжора выконваў адзін са спевакоў — запявала. У старажытнасці ў Егіпце, Грэцыі, пазней у краінах сярэдневяковай Еўропы хорам кіравалі з дапамогай хейраноміі — умоўных рухаў рук і пальцаў. З 15 ст. для адбівання такта выкарыстоўвалі палачку-батуту. У капэлах звычайна капельмайстры спалучалі Д. з выкананнем партыі генерал-баса (на клавесіне ці аргане) ці 1-й скрыпкі. З 2-й пал. 18 ст, па меры адмірання генерал-баса, скрыпач-канцэртмайстар становіцца адзіным кіраўніком ансамбля (у 20 ст. — пры выкананні музыкі 17—18 ст). Як самаст. від мастацтва Д. склалася ў 2-й чвэрці 19 ст. Сярод першых дырыжораў, што карысталіся дырыжорскай палачкай, І.​Мозель, К.​М.​Вебер, Л.​Шпор. Адзін з заснавальнікаў сучаснага Д. (побач з Л.​Бетховенам, Г.​Берліёзам, Ф.​Лістам, Ф.​Мендэльсонам) — Р.​Вагнер. Паступова склаўся тып дырыжора-выканаўцы, які не з’яўляецца адначасова і кампазітарам (першы — Г.​Бюлаў). Сярод буйнейшых замежных дырыжораў 19—20 ст. Г.​Рыхтэр, Г.​Малер, Г. фон Караян (Аўстрыя), А.​Нікіш, Я.​Ферэнчык (Венгрыя), Ф.​Мотль, Ф.​Вейнгартнер, К.​Мук, Р.​Штраус, Б.​Вальтэр, В.​Фуртвенглер, О.​Клемперэр, Г.​Абендрот, К.​Мазур, К.​Зандэрлінг (Германія), А.​Тасканіні, К.​Абада (Італія), П.​Манцё, Ш.​Мюнш, А.​Клюітэнс, І.​Маркевіч (Францыя), Т.​Бічэм, А.​Боўлт, А.​Коўтс (Вялікабрытанія), В.​Бярдзяеў, Г.​Фітэльберг (Польшча), В.​Менгельберг (Нідэрланды), Л.​Стакоўскі, Дж.​Сел, Л.​Бернстайн (ЗША), Э.​Ансермэ (Швейцарыя), Д.​Мітропулас (Грэцыя), В.​Таліх (Чэхія, Славакія), Л.​Матачыч (Югаславія), Дж.​Джарджэску (Румынія). У Расіі найб. вядомыя дырыжоры 18—2-й пал. 19 ст. — В.​Пашкевіч, І.​Хандошкін, М.​Балакіраў, Э.​Напраўнік, А. і М.​Рубінштэйны, 20 ст. — М.​Галаванаў, С.​Кусявіцкі, А.​Пазоўскі, С.​Рахманінаў, С.​Самасуд, В.​Сафонаў, В.​Сук, пазней А.​Гаўк, В.​Гергіеў, В.​Дударава, І.​Зак, К.​Іваноў, К.​Кандрашын, Д.​Кахідзе, Дз.​Кітаенка, М.​Малько, А.​Мелік-Пашаеў, Я.​Мравінскі, І.​Мусін, Н.​Ніязі, Г.​Раждзественскі, Н.​Рахлін, Я.​Свягланаў, Ю.​Сіманаў, К.​Сімяонаў, У.​Співакоў, Ю.​Фаер, У.​Федасееў, Б.​Хайкін, Ю.​Цемірканаў, А.​Янсанс і інш. На Беларусі ў 19 ст. вылучыліся І.​Дабравольскі, Ю.​Дашчынскі, браты В. і Д.​Стафановічы, у 20 ст.хар. дырыжоры М.​Дрынеўскі, А.​Кагадзееў, Н.​Ламановіч, І.​Мацюхоў, Г.​Пятроў, В.​Роўда, Г.​Цітовіч, Р.​Шырма, Л.​Яфімава, нар. аркестра — І.​Жыновіч, Дз.​Захар, М.​Казінец, оперна-сімф. — І.​Абраміс, А.​Анісімаў, Б.​Афанасьеў, Я.​Вашчак, І.​Гітгарц, Н.​Грубін, В.​Дуброўскі, Т.​Каламійцава, М.​Калядка, Л.​Любімаў, Л.​Лях, У.​Машэнскі, Г.​Праватораў, Ю.​Цырук, А.​Энгельбрэхт, Ю.​Яфімаў, эстр. аркестра — Ю.​Бяльзацкі, Б.​Райскі, Э.​Рознер, М.​Фінберг і інш. Харавых і оперна-сімф. дырыжораў рыхтуе Бел. акадэмія музыкі, Бел. ун-т культуры.

Літ.:

Вагнер Р. О дирижировании: Пер. с нем. СПб., 1900;

Ольхов К.А. Теоретические основы дирижерской техники. 2 изд. Л., 1984;

Хайкин Б. Беседы о дирижерском ремесле. М., 1984;

Когадеев А.П. Техника хорового дирижирования. Мн., 1968.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 6, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)