Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТАЎНІ́ЧЫ,
пасада (урад) у Польшчы і ВКЛ у 16—18 ст. Павятовы М. ў 16 ст. павінен быў сачыць за станам мастоў і перапраў, потым намінальная пасада. У 17—18 ст. існавала пасада М. ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЫКА́П [англ. varicap ад vari(able) пераменная + cap(acity) ёмістасць],
параметрычны паўправадніковы дыёд, ёмістасць якога залежыць ад прыкладзенага адваротнага напружання. Асн. параметры: намінальная (пачатковая) ёмістасць, дыхтоўнасць і каэфіцыент перакрыцця па ёмістасці. Выкарыстоўваецца ў параметрычных узмацняльніках, памнажальніках частаты, для настройкі тэле- і радыёпрыёмнікаў. Гл. таксама Варыконд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАШО́ВЫЯ ЗНА́КІ,
знакі вартасці, заканадаўча прызнаныя ў якасці афіц. разліковага і плацежнага сродку, якія выпускаюцца ў абарачэнне цэнтр. банкам або казначэйствам дзяржавы. У выглядзе грашовых знакаў выступаюць банкаўскія і казначэйскія білеты, разменныя манеты. Намінальная вартасць грашовых знакаў выяўляецца ў нац. грашовай адзінцы і значна перавышае выдаткі іх эмісіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛО́ННАЯ МАНЕ́ТА (ад франц. billon нізкапробнае серабро),
разменная непаўнацэнная метал.манета, намінальная вартасць якой перавышае вартасць металу і затрат на яе выраб; заменнік золата. Як знак вартасці абслугоўвае пераважна рознічны тавараабарот, выконваючы функцыі сродку абарачэння і абмежаванага сродку плацяжу. З 1933 ва ўсіх краінах свету ў абарачэнне ўведзены толькі білонныя манеты, якія вырабляюць з серабра невысокай пробы, медзі, нікелю, алюмінію і інш. металаў. Колькасць білонных манет абумоўлена патрэбамі грашовага абароту, а гранічны тэрмін іх зносу вызначаецца на аснове практычнага вопыту. У наменклатуры дзярж. разліковых білетаў Нац. банка Беларусі (з 1992) білонная манета адсутнічае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІНА́Л (ад лац. nominalis імянны ад nomen імя, назва),
намінальная вартасць акцыі або каштоўнай паперы. Звычайна пазначаецца на акцыях, аблігацыях і папяровых грашовых знаках. Намінальнай цаной каштоўных папер і акцый лічыцца афіцыйна абвешчаная і пазначаная на іх вартасць. Яны падзяляюцца і купляюцца па рыначнай цане — курсе каштоўных папер, які складаецца пад уплывам попыту і прапанавання, таму Н. не заўсёды з’яўляецца вызначальным фактарам яго фарміравання. Калі цана акцыі на фондавай біржы, напр., пераўзыходзіць яе намінальную вартасць, то акцыя каштуе вышэй за Н. Н. наз. таксама цана тавару, пазначаная ў прэйскурантах або на таварах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЧНАГАВАРЫ́ЦЕЛЬ,
электраакустычная ці мех. прылада для моцнага ўзнаўлення гукаў (мовы, музыкі і інш.). Бывае эл.-дынамічны (найб. пашыраны), эл.-магн., п’езаэл., кандэнсатарны, пнеўматычны, рупарны. Эл.-акустычны гучнагаварыцель пераўтварае падведзеныя эл. ваганні ў гукавыя з дапамогай рухомай мех. сістэмы (дыфузара, дыяфрагмы). Асн. параметры: намінальная магутнасць і паласа ўзноўленых частот, сярэдні гукавы ціск і інш.; накіраванасць выпрамянення ствараецца рупарам ці выкарыстаннем гукавых калонак. Па эл.-акустычных параметрах адрозніваюць шырока- і вузкапалосныя, высока- і нізкачастотныя, нізка- і высакаомныя, паводле канструкцыі — адно- і двухдыфузарныя, кааксіяльныя, круглыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЛА́МЕНЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
адзін з 2 асн. (разам з прэзідэнцкай рэспублікай) відаў рэспубліканскага дзярж. ладу. Характарызуецца абвяшчэннем прынцыпу вяршэнства парламента ў паліт. сістэме. Пры П.р. ўрад нясе адказнасць перад парламентам і фарміруецца толькі парламенцкім шляхам з лідэраў партыі (або парт. кааліцыі), што перамагла на чарговых выбарах. Заўсёды ёсць пасада кіраўніка ўрада (прэм’ер-міністра або старшыні). Роля прэзідэнта — кіраўніка дзяржавы ў фарміраванні ўрада чыста намінальная, гал. яго функцыя — прадстаўнічая, а выбранне ажыццяўляецца парламентам. Прэзідэнт фармальна можа мець вял. паўнамоцтвы, але ажыццяўляе іх урад. Урад знаходзіцца пры ўладзе да таго часу, пакуль ён карыстаецца падтрымкай большасці парламента, г.зн. выканаўчая ўлада знаходзіцца пад кантролем прадстаўнічай улады; аднак прэм’ер-міністр валодае правам роспуску парламента, прызначэння новых выбараў. П.р. існуюць у Італіі, ФРГ, Аўстрыі, Фінляндыі, Ірландыі, Індыі, Ізраілі, Ліване і інш. У 1991—94 П.р. (без прэзідэнта) была Рэспубліка Беларусь.