ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Норман) (н. 1908, Лондан),

англійскі пісьменнік. Пачынаў як журналіст і публіцыст. Аўтар антыкалан. раманаў «Вулканы над намі» (1957), «Бачная цемра» (1960), «Сіцылійскі спецыяліст» (1974), «Германская кампанія» (1979) і інш. У раманах «Дзесятае прыбыццё карабля» (1962), «Ад рукі брата яго» (1968) адлюстравана англ. рэчаіснасць. Яго прозе ўласцівы падкрэслены рацыяналізм, дакладнасць апісанняў, сатыра, лаканізм, прысутнасць дэтэктыўнага элемента.

Тв.:

Рус. пер. — Зримая тьма. М., 1963;

Вулканы над нами. М., 1965;

Сицилийский специалист. М., 1981;

Компания «Гезельшафт». М., 1983;

День лисицы. От руки брата его. М., 1985;

Бегство от мрачного экватора. Голоса старого моря. М., 1986.

Е.А.Лявонава.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́НСКАЯ ТЭО́РЫЯ,

кірунак у гістарыяграфіі, прыхільнікі якога лічаць нарманаў (варагаў) заснавальнікамі стараж.-рус. дзяржаўнасці. Іх погляды грунтуюцца на звестках «Аповесці мінулых гадоў», паводле якіх слав. і фіна-угорскія плямёны (наўгародскія славене, крывічы, чудзь, мера і весь) спачатку плацілі даніну варагам, а потым прагналі іх за мора. Але хутка сярод плямён пачаліся разлады і тады яны звярнуліся да варагаў са словамі: «Земля наша велика и обилна, а наряда (упраўлення, парадку) в ней нет. Да поидете княжит и володети нами». На іх запрашэнне ў 862 прыбылі браты Рурык, Сінявус і Трувор, з якіх Рурык стаў заснавальнікам кіеўскай велікакняжацкай дынастыі (Рурыкавічаў), нашчадкі якой правілі ў Кіеўскай Русі, пазней у Маскоўскім вялікім княстве і Рас. дзяржаве (да 1598). На думку некаторых гісторыкаў, скандынавам быў полацкі князь Рагвалод. Н.т. сфармулявана ў 2-й чвэрці 18 ст. ням. гісторыкам на рас. службе Г.З.Баерам, распрацоўвалася Г.Ф.Мілерам, А.Л.Шлёцэрам і інш. Да пач. 19 ст. набыла характар афіц. гістарыяграфічнай версіі паходжання Рас. дзяржавы (М.М.Карамзін і інш.). Замежныя гісторыкі-нарманісты выкарыстоўвалі летапіснае паданне для сцвярджэнняў пра няздольнасць славян самім стварыць дзяржаву. Супраць Н.т. выступалі М.В.Ламаносаў, Дз.І.Ілавайскі, С.А.Гедэонаў і інш. Памылковасць шэрагу палажэнняў Н.т. высвятлялася і сав. гістарыяграфіяй. Пры гэтым некаторыя гісторыкі адмаўлялі гістарычнасць Рурыка. Большасць сучасных гісторыкаў лічыць, што ў славян да 9 ст. існавалі сац.-эканам. перадумовы для ўзнікнення сваёй дзяржаўнасці. З’яўленне варагаў толькі паскорыла гэты працэс. Варажскія арыстакратычныя вярхі Кіеўскай Русі і самі Рурыкавічы даволі хутка асіміляваліся з мясц. слав. знаццю.

Літ.:

Ловмяньский Х. Русь и норманны: Пер. с пол. М., 1985;

Штыхаў Г.В. Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XIII ст. Кн 1. Мн., 1994.

С.Дз.Дзярновіч, Г.В.Штыхаў.

т. 11, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)