НАКАПЛЕ́ННЕ,

адкладанне часткі даходу, прыбытку на будучыя патрэбы; ператварэнне часткі прыбавачнай вартасці ў капітал у працэсе расшыранага ўзнаўлення. Гіст. і лагічнай перадумовай Н. з’яўляецца першапачатковае накапленне капіталу. Рухаючы матыў Н. — атрыманне макс. прыбытку і рыначная канкурэнцыя, якая стымулюе нарошчванне маштабу вытв-сці з мэтай умацавання сваіх пазіцый на рынку. Адрозніваюць Н. вытворчае (расшыраецца і ўдасканальваецца працэс матэрыяльнай вытв-сці) і невытворчае (развіваецца і ўдасканальваецца невытв. сфера). Памеры Н. залежаць ад аб’ёму нацыянальнага даходу, узроўню прадукцыйнасці працы, эканомнага выкарыстання рэсурсаў, памераў замежных субсідый і займаў.

т. 11, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Накапленне капіталу 7/379; 9/385; 10/494

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Сацыялістычнае накапленне 9/385; 10/613; 11/414

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Першапачатковае накапленне капіталу 2/477; 5/410; 6/205; 8/400, 593; 9/8; 10/551; 11/424

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАПАЧАТКО́ВАЕ НАКАПЛЕ́ННЕ КАПІТА́ЛУ,

працэс ператварэння сродкаў вытв-сці і грашовых багаццяў у капітал, а непасрэдных таваравытворцаў (пераважна сялян) — у наёмных рабочых. Адбываўся ў Зах. Еўропе ў 15—18 ст. Паняцце ўведзена А.Смітам, распрацавана К.​Марксам.

т. 12, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААЦЭРВА́ЦЫЯ (ад лац. coacervatio збіранне ў кучу, накапленне),

утварэнне ў растворы высокамалекулярных злучэнняў кропель з большай канцэнтрацыяй растворанага рэчыва, чым у растворы, што іх акружае. Зліццё кропель (каалесцэнцыя) прыводзіць да распластавання раствораў палімераў. Абумоўлена змяненнем узаемнай растваральнасці кампанентаў і адбываецца пры змене т-ры і саставу раствору. Найб. даследавана К. бялкоў і поліцукрыдаў у водных растворах. Выкарыстоўваюць для фракцыянавання і канцэнтравання раствораў прыродных і сінт. палімераў, пры мікракапсуляванні.

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́БІНСАН ((Robinson) Джаан Ваялет) (31.10.1903, г. Камберлі, Вялікабрытанія — 5.8.1983),

англійскі вучоны-эканаміст; прадстаўніца кейнсіянства, адзін з лідэраў кембрыджскай школы. Скончыла Кембрыджскі ун-т, у 1965—71 праф. гэтага ун-та. Распрацавала тэорыю недасканалай канкурэнцыі, паводле якой у сувязі з дыферэнцыяцыяй прадукцыі кожны вытворца павінен валодаць часткай манапольнай улады («Эканамічная тэорыя недасканалай канкурэнцыі», 1933). Зрабіла значны ўклад у тэорыю эканам. росту («Накапленне капіталу», 1956), крытыкавала ролю манаполій як стагнацыйных фактараў эканам. росту, тэорыі неўмяшання дзяржавы ў эканоміку і размеркавання даходу на аснове аналізу гранічнай прадукцыйнасці. Сярод інш навук. прац: «Эканамічная філасофія» (1962), «Нарысы тэорыі эканамічнага росту» (1963), «Эканамічныя ерасі» (1971) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Экономическая теория несовершенной конкуренции. М., 1986.

т. 13, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗЫКО́ВЫ КАПІТА́Л,

грашовы капітал, які даецца ў пазыку на ўмовах вяртання за плату ў выглядзе пазыковага працэнта. Уяўляе сабой адасобленую частку прамысловага капіталу. Павелічэнне масы П.к. перавышае накапленне сапраўднага капіталу з прычыны развіцця крэдытнай сістэмы, росту крыніц П.к. (даходаў насельніцтва і дзяржавы). Рух П.к. не супадае з рухам прамысл. цыкла, што абумоўлена нецыклічнымі фактарамі: маральнае старэнне абсталявання, рост попыту на П.к. з боку дзяржавы, развіццё рынку П.к. і г.д. Ва ўмовах рыначнай эканомікі характар руху пазычанай вартасці ў макраэканам. маштабе вызначаецца адносінамі ўласнасці, формы якіх разнастайныя. У гэтых умовах рух пазычанай вартасці набывае форму руху П.к. Мэта функцыянавання П.к. — атрыманне пазыковага працэнта, які з’яўляецца крытэрыем дэцэнтралізаванага размеркавання крэдыту па галінах і гасп. суб’ектах.

А.​Ф.​Кірэева.

т. 11, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СТАЎ ((Rostow) Уолт Уітмен) (н. 7.10.1916, Нью-Йорк),

амерыканскі сацыёлаг і эканаміст. Скончыў Іельскі і Оксфардскі ун-ты. У 1951—60 праф. Масачусецкага тэхнал. ін-та, з 1969 — Тэхаскага ун-та. Дарадчык прэзідэнтаў Дж.​Кенэдзі і Л.​Джонсана. Адзін са стваральнікаў тэорыі індустрыяльнага грамадства. Аўтар тэорыі стадый эканам. росту. У працах «Стадыі эканамічнага росту. Некамуністычны маніфест» (1960), «Палітыка і стадыі росту» (1971) вылучаў 5 асн. этапаў, праз якія праходзіць кожнае грамадства: традыцыйнае грамадства (агр. грамадства з прымітыўным узроўнем вытв-сці, навукі і тэхнікі); пераходнае грамадства (першапачатковае накапленне капіталу, узнікненне цэнтралізаванай дзяржавы); стадыя зруху (перыяд прамысл. рэвалюцыі); стадыя сталасці (індустр. грамадства); эра высокага масавага спажывання (праблемы спажывання пераважаюць над праблемамі вытв-сці, гал. кірункі вытв-сці — паслугі і тавары масавага спажывання). Адзін з гал. прадстаўнікоў канвергенцыі тэорыі ў саветалогіі. Навук. працы Р. паслужылі адной з крыніц постіндустрыяльнага грамадства тэорыі.

т. 13, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЗБРАЕ́ННЕ,

сукупнасць мерапрыемстваў па спыненні гонкі ўзбраенняў, абмежаванні, скарачэнні і ліквідацыі ракетна-ядзернай зброі і інш. сродкаў вядзення войнаў.

З часоў старажытнасці мэтай чалавецтва з’яўляўся мір без узбр. насілля; у больш позні час — усеагульнае і поўнае Р., якое прадугледжвала б роспуск усімі дзяржавамі свету ўзбр. сіл, скасаванне вайск. устаноў, спыненне вытв-сці і ліквідацыю ўсіх відаў узбраенняў і інш.

У наш час Р. — адна з найб. глабальных праблем чалавецтва. Асаблівую небяспеку выклікае ўзмацненне мілітарызму, вытв-сць, накапленне і распаўсюджанне зброі масавага знішчэння: тэрмаядзернай, біялагічнай, хім., а таксама зброі, заснаванай на новых фізічных прынцыпах (напр., прамянёвая зброя, пучковая зброя, нейтронныя боепрыпасы і інш.). Праблема Р. дэкларуецца ў Статуце ААН, разглядаецца ў шэрагу міжнар. дакументаў: Дагавор аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (1968), Канвенцыя аб забароне бактэрыялагічнай (біялагічнай) зброі (1972), Дагавор аб абмежаванні сістэм проціракетнай абароны (1972); Выніковы акт Хельсінкскага пагаднення (1992) і інш. Іх выкананне значна памяншае патэнцыял мілітарызму ў шэрагу краін. Рэспубліка Беларусь у ліку першых ажыццявіла ракетна-ядзернае Р., скараціла значную ч. сучаснай ваен. тэхнікі і ўзбраенняў, выступіла з ініцыятывай стварэння ва Усх. і Цэнтр. Еўропе зоны, свабоднай ад ядзернай зброі (1996).

В.​І.​Боўш.

т. 13, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)