Назіранне 1/536; 7/377; 8/544, 617
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗІРА́ННЕ,
мэтанакіраваная дзейнасць чалавека, якая дазваляе яму атрымліваць інфармацыю аб навакольным свеце; у шырокім сэнсе — спосаб пазнання свету. З ускладненнем сац. рэчаіснасці і прац. аперацый Н. вылучаецца ў адносна самаст. аспект дзейнасці (навук. Н., успрыманне інфармацыі на прыборах, Н. як частка працэсу маст. творчасці і інш.). Навук. Н. накіравана на дасягненне пэўнай навук. мэты і характарызуецца сістэматычнасцю, планамернасцю, магчымасцю ажыццяўлення кантролю шляхам паўторнага Н. або выкарыстання інш. метадаў Н., напр., эксперыменту. У некаторых сац. навуках (эканам. статыстыка, дэмаграфія) пад Н. разумеюць любую палявую працэдуру (апытанне, збор звестак, візуальнае Н.), проціпастаўляючы яго ўскоснаму атрыманню звестак з літ. крыніц. Н. ў сацыялогіі — метад збору сац. інфармацыі праз прамую, непасрэдную фіксацыю падзей і з’яў. Паводле ступені фармалізацыі працэдуры адрозніваюць Н.: стандартызаванае, або кантрольнае (назіральнік працуе па папярэдне вызначанай Праграме), і нестандартызаванае (этапы і фазы даследавання папярэдне не вызначаюцца). У залежнасці ад становішча назіральніка вылучаюць Н. ўключанае (прадугледжвае інтэграцыю назіральніка ў падзеі і працэсы, што даследуюцца, і іх аналіз «знутры») і неўключанае (без мэтанакіраванага ўмяшання даследчыка ў з’явы, што вывучаюцца). Паводле ўмоў арганізацыі адрозніваюць Н. палявыя (праводзяцца ў натуральных умовах) і лабараторныя; паводле рэгулярнасці правядзення — сістэматычныя, эпізадычныя і выпадковыя (праграма не распрацоўваецца і стадыі Н. папярэдне не вызначаюцца). Н. ў псіхалогіі — адзін з асн. эмпірычных метадаў даследавання, які заключаецца ў наўмысным, сістэматычным і мэтанакіраваным успрыманні псіхічных з’яў з мэтай вывучэння іх спецыфічных змен у пэўных умовах; як адзін з псіхал. метадаў выкарыстоўваецца саманазіранне. Вынікі Н. ў значнай ступені залежаць ад асобы даследчыка, яго ўстановак і адносін да працэсаў і з’яў, што назіраюцца, ад яго стэрэатыпаў і каштоўнасных арыентацый.
І.В.Катляроў.
т. 11, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТЫСТЫ́ЧНАЕ НАЗІРА́ННЕ,
навукова арганізаваны, планамерны збор звестак пра падзеі і працэсы сац.-эканам. жыцця грамадства. Адрозніваюць С.н. суцэльнае і выбарачнае. Суцэльнае — назіранне, пры якім абследуюцца ўсе без выключэння аб’екты назірання (перапіс насельніцтва, суб’ектаў гаспадарання, стат. аналіз бягучай справаздачнасці і інш.). Адной з яго форм з’яўляецца аднаразовы ўлік. Напр., стат. органы праз 2—3 гады робяць улік колькасці рабочых па прафесіях, разрадах, узросце і інш., спецыялістаў — па адукацыі і г.д. Выбарачнае — назіранне, пры якім робіцца абследаванне толькі часткі аб’ектаў назірання пры ўмове, што гэта частка адбіраецца аб’ектыўна, незалежна ад волі даследчыка і мае такую колькасць, каб у ёй змаглі выявіцца заканамернасці аб’екта назірання. Гл. таксама Назіранне.
Н.Ч.Бокун.
т. 15, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФІЛАКТЫ́ЧНАЕ НАЗІРА́ННЕ ў крымінальным праве,
знаходжанне пад кантролем на працягу тэрміну судзімасці асоб, якія здзейснілі цяжкае або асабліва цяжкае злачынства, а таксама асуджаных з адтэрміноўкай пакарання, з умоўным пакараннем, без прызначэння пакарання, непаўналетніх асуджаных з выкарыстаннем прымусовага выхавання. Ажыццяўляецца адпаведнымі службамі органаў унутр. спраў. Паводле крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (1999) гэтыя асобы абавязаны папярэдне паведамляць органам унутр. спраў пра змену жыхарства, выезд па асабістых справах у інш. мясцовасць, з’яўляцца па выкліку гэтых органаў, пры неабходнасці даваць тлумачэнні.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 13, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСУЛЬТА́ЦЫЯ медыцынская,
лячэбна-прафілактычная ўстанова для аказання мед. дапамогі дзецям і жанчынам. Існавалі 3 тыпы К.: дзіцячая (прафілакт. і лячэбная дапамога дзецям да 3 гадоў), жаночая і змешаная. На Беларусі з 1975 лячэбна-прафілакт. дапамогу дзецям аказваюць дзіцячыя бальніцы, аб’яднаныя з паліклінікамі, і дзіцячыя паліклінікі. Жаночыя К. (структурнае падраздзяленне радзільнага дома, паліклінікі ці амбулаторыі) забяспечваюць прафілакт. і лячэбную дапамогу цяжарным і гінекалагічна хворым жанчынам, ажыццяўляюць меры па ахове і замацаванні здароўя жанчын. Асн. задача жаночай К. — назіранне за цяжарнай, своечасовае выяўленне паталогіі цяжарнасці і аказанне кваліфікаванай дапамогі, назіранне за парадзіхамі. Пры жаночай К. працуюць школы маці, юрыд. кансультацыі. На Беларусі жаночыя К. працуюць як структурныя падраздзяленні ў 110 установах (1998).
Э.А.Вальчук.
т. 7, с. 600
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДО́ВЫ ПРЫ́СТАЎ,
службовая асоба судовага выканаўчага вядзення, у абавязкі якой уваходзяць ажыццяўленне прымусовага выканання суд. рашэнняў па цывільных і гасп. справах, а таксама назіранне за захаваннем парадку ў час суд. пасяджэнняў. Пасада С.п. ў Рэспубліцы Беларусь прадугледжана Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995.
т. 15, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІ́ЎНАЯ РАДЫЁЛАКА́ЦЫЯ назіранне (лакацыя) аб’екта па яго ўласным выпрамяненні. Характэрная асаблівасць — скрытнасць работы з-за адсутнасці сігналаў зандзіравання, што перашкаджае выяўленню пасіўных радыёлакацыйных станцый. Адрозніваюць П.р. аб’ектаў з штучным (напр., радыёперадатчыкаў) і натуральным (цеплавым) выпрамяненнем. Выкарыстоўваецца для атрымання радыёлакацыйных карт мясцовасці ў навігацыйных мэтах, выяўлення і вызначэння каардынат паветрана-касм. аб’ектаў і інш.
т. 12, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАНАЗІРА́ННЕ,
назіранне, аб’ектам якога з’яўляюцца псіхічны стан і дзеянні самога суб’екта. Узнікае ў працэсе зносін з інш. людзьмі, засваення сац. вопыту і сродкаў яго асэнсавання. Адыгрывае значную ролю ў фарміраванні самасвядомасці і самакантролю асобы. Ужывалася ў эмпірычнай псіхалогіі 18—19 ст. У сучаснай псіхалогіі С. ўлічваецца як факт, які патрабуе навук. тлумачэння.
т. 14, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́ЛЬЧАРСКА-АКУШЭ́РСКІ ПУНКТ (ФАП),
першасная мед. ўстанова сельскага ўрачэбнага ўчастка па аказанні даўрачэбнай мед. дапамогі насельніцтву і правядзенні санітарна-аздараўленчых і проціэпідэмічных мерапрыемстваў.
Арганізуе патранаж дзяцей і цяжарных жанчын; сістэм. назіранне за станам здароўя работнікаў сельскай гаспадаркі, інвалідаў працы, вайны, дзяцінства і інш. Выконвае функцыі аптэчнага пункта. Гл. таксама Фельчарска-акушэрская дапамога.
Э.Л.Вальчук.
т. 16, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАРЫ́ЗМ (грэч. aphorismos),
трапнае выслоўе, якое ва ўстойлівай і лаканічнай форме перадае змястоўную і арыгінальную думку — жыццёвае назіранне, маральную сентэнцыю, разважанне і інш.: «Воля сонейку раўня» (Я.Купала), «Лес не сякуць языкамі» (К.Крапіва), «Чакаць тады спакойна можна, калі няма чаго чакаць» (А.Звонак). Афарызмы маюць канкрэтнага стваральніка (пісьменніка, вучонага і інш.), ужываюцца ў вуснай і пісьмовай мове для вобразнай характарыстыкі з’яў і падзей.
І.Л.Бурак.
т. 2, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)