«НАЖНІ́ЦЫ ЦЭН»,

тэрмін, якім характарызуецца дынаміка цэн на тавары, што прадаюцца і купляюцца таваравытворцамі за пэўны перыяд, і адлюстроўваецца разрыў («нажніцы») паміж гэтымі цэнамі. Найчасцей выяўляецца ў сферы абмену прадукцыяй паміж прам-сцю і сельскай гаспадаркай, паміж развітымі краінамі і краінамі, што развіваюцца, каб падкрэсліць неэквівалентнасць абмену паміж імі. «Н.ц.» могуць «расшырацца» і «звужацца» ў залежнасці ад канкрэтных тэндэнцый у руху цэн (напр., цэн на харчаванне і сыравіну, што рэалізуюцца с.-г. вытворцамі, з аднаго боку, і на тавары, якія набываюцца імі ў прамыславікоў, — з другога). Праблемы «Н.ц.» маюць актуальнае эканам. і сац. значэнне для краін, дзе высокая доля с.-г. і здабыўной прам-сці ў нацыянальным даходзе; найб. абвастраюцца ў перыяды крызісаў, войнаў, абвастрэння міжнар. адносін.

т. 11, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ ЛІЦЕ́ЙНА-МЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1956 на базе арцелі «Чырвоны металіст». У 1966—75 пабудаваны 2 слясарна-зборачныя цэхі, адм.-быт. корпус. З 1995 — адкрытае акц. т-ва «Пінскі доследна-механічны завод». Асн. прадукцыя (2001): буд. металаканструкцыі, тэхнал. абсталяванне для з-даў жалезабетонных вырабаў, нестандартнае абсталяванне, водападагравальнікі, чыгуннае ліццё, помпы, разьбанарэзныя станкі, гільяцінныя нажніцы, запорная арматура.

т. 12, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ ЗАВО́Д «СІТА́МА».

Знаходзіцца ў г. Кобрын Брэсцкай вобл. Створаны ў 1960 на базе слясарнай майстэрні (1924), лесапільнага з-да (1940), кузні, ліцейнай і мех. майстэрняў (1946—50) райпрамкамбіната. У 1961—65 рэканструяваны, пабудаваны гал. вытв. корпус па выпуску слясарна-мантажнага інструменту і быт. памяшканні. З 1968 Кобрынскае інстр. ВА. З 1986 з-д у складзе Бел. інстр. ВА. Сучасная назва з 1996. Асн. прадукцыя (1998): ключы гаечныя двухбаковыя, тарцовыя, малаткі і зубілы слясарныя, нажніцы для рэзкі ліставога металу, рамкі нажовачныя, адвёрткі, клупы для наразання разьбы на трубах, клеймы лічбавыя і літарныя і інш.

т. 8, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЕ ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «КАВЛІЦМА́Ш» Створана ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1985 на базе 2 пінскіх станкабудаўнічых з-даў: ліцейнага абсталявання (з 1974) і кавальска-прэсавых аўтаматычных ліній (з 1980). Асн. прадукцыя (2000): ліцейнае абсталяванне (аўтам. фармовачныя лініі, машыны фармовачныя, кокільныя, стрыжнёвыя, для зачысткі і абрубкі адлівак, для прыгатавання фармовачных сумесей); кавальска-прэсавае абсталяванне (прэсы лістазгінальныя, чаканачныя і для халоднага выціскання, лісташтамповачныя і абразныя, нажніцы для рэзкі ліставога і фасоннага пракату, трубазгінальнікі, комплексы папярочна-клінавай пракаткі, абсталяванне для вытв-сці стальных рыфленых сетак); с.-г. тэхніка (плугі, культыватары, універсальныя агрэгаты і касілкі); тавары нар. спажывання (садова-агародны і спарт. інвентар, замочныя вырабы).

А.​В.​Нікіфараў, В.​А.​Носаў.

т. 12, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭВАРЭ́ЗАЛЬНЫЯ СТАНКІ́,

станкі для апрацоўкі драўніны і драўняных матэрыялаў рэзаннем. На іх вырабляюць загатоўкі, дэталі і вырабы зададзеных формаў і памераў з паверхняй неабходнай якасці. Падзяляюцца на станкі, якія працуюць без здрабнення драўніны (стругальныя станкі, лушчыльныя станкі, нажніцы) і якія здрабняюць частку драўніны.

Да Д.с., якія працуюць са здрабненнем часткі драўніны, адносяцца: пілавальныя (лесапільныя рамы, стужачнапільныя станкі, круглапільныя станкі), фрэзерныя станкі (у т. л. фугавальныя станкі, рэйсмусавыя станкі, шыпарэзныя станкі), свідравальныя станкі, даўбёжныя станкі, шліфавальныя станкі, такарныя станкі, акорвальныя і драбільныя. Адрозніваюць Д.с. адна- і многашпіндэльныя; нізкай, сярэдняй, высокай дакладнасці і асабліва дакладныя; агульнага прызначэння, спецыялізаваныя і спецыяльныя. На Беларусі Д.с. і інш. дрэваапрацоўчыя машыны выпускаюцца мінскімі ВА па выпуску аўтам. ліній, працяжных і адразных станкоў, Баранавіцкім з-дам аўтам. ліній, Гомельскім і Аршанскім станкабуд. з-дамі, Віцебскім з-дам заточных станкоў і інш.

А.​А.​Барташэвіч.

Функцыянальныя схемы дрэварэзальных станкоў: а — стужачнапільнага (1 — дыск, 2 — стужачная піла); б — круглапільнага (1 — пільны дыск, 2 — дэталь); в — рэйсмусавага (1 — нажавы вал); г — лушчыльнага (1 — цурбак, 2 — шпона, 3 — нож); д — 4-баковага стругальнага (1 — нажавыя галоўкі, 2 — нажавыя валы); е — свідравальнага; ж — шыпарэзнага (1 — фрэзы), з — шліфавальнага з кантактным прасікам (1 — дэталь, 2 — прыціскны прасік, 3 — шліфавальная стужка); і — шліфавальнага з кантактным вальцам (1 — шліфавальная стужка, 2 — дэталь).

т. 6, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія ў 2—3 — сярэдзіне 5 ст. н.э. жылі на сучаснай тэр. Кіеўскай (Пн), Чарнігаўскай і Сумскай абл. Украіны, на У Гомельскай і Пд Магілёўскай абл. Беларусі, Пд Бранскай і З Курскай абл. Расіі. Вылучыў у 1953 укр. археолаг М.​В.​Даніленка. Назва ад помнікаў, выяўленых у Кіеве і яго наваколлі. Насельніцтва жыло на селішчах пл. 0,5—2 га (зрэдку да 6—8 га), займалася пераважна земляробствам і жывёлагадоўляй. Іх жыллё было 2 тыпаў: прамавугольныя ў плане паўзямлянкі, паглыбленыя ў зямлю на 0,4—1,2 м, пл. 8—24 м², і наземныя слупавой канструкцыі з адкрытымі агнішчамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне; перапаленыя косці змяшчаліся ў круглыя ці авальныя ямкі глыб. 0,2—0,6 м; вядомы і урнавыя пахаванні. Пахавальны інвентар: побытавыя рэчы, прадметы ўпрыгожання, рэшткі трызны. Кераміка (гаршкі, міскі, пасудзінкі малых памераў, дыскі-накрыўкі і інш.) ляпная, зрэдку арнаментаваная насечкамі і пальцавымі ўцісканнямі па краях ці расчосамі грэбеня па тулаве; сустракаецца глянцаваны посуд. З жалеза і сталі выраблялі нажы, свердлы, нажніцы, сярпы, зброю і інш.; з косці — іголкі, спіцы, шылы; з гліны — тыглі, льячкі, грузілы, прасліцы; з каменю — тачыльныя брускі, зерняцёркі, жорны. Тыповыя для плямён Верхняга Падняпроўя — вырабы з выемчатай эмаллю (бронзавыя падвескі, фібулы і інш.). З рымскіх правінцый на тэр. плямён К.к. траплялі чырваналакавая кераміка, бронзавыя пасудзіны, пінцэты, шкляныя пацеркі, манеты. Большасць даследчыкаў лічыць, што К.к. сфарміравалася на аснове позназарубінецкіх старажытнасцей з уключэннем некат. традыцый, запазычаных у плямён пшэворскай культуры і штрыхаванай керамікі культуры. Існуе меркаванне, што насельніцтва К.к. — продкі славян, некат. лічаць іх усх. балтамі. Найб. вядомыя помнікі К.к. на Беларусі — Тайманава, Новы Быхаў.

В.​С.​Вяргей.

т. 8, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)